Алена Карагачава, фігурантка «справы Белгазпрамбанку», была затрыманая 1 ліпеня. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Праваабаронцы прызналі жанчыну палітычнай зняволенай. Belsat.eu распавядае, як Алена Карагачава трапіла ў каманду Віктара Бабарыкі і што вядома пра яе справу на дадзены момант.
Як распавёў belsat.eu муж палітычнай зняволенай Ігар, Алена Карагачава працавала разам з Віктарам Бабарыкам у «Белгазпрамбанку» амаль 20 гадоў.
«Была спачатку сакратаром, потым сакратаром-рэферэнтам, асабістай памочніцай. Як вядома, калі Віктар Дзмітрыевіч вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, ён напісаў заяву на звальнення. Усё адбылося вельмі раптоўна, за два дні: сёння Віктар Дзмітрыевіч абвесціў, што будзе балатавацца, а на наступны дзень ён звольніўся з банку. Разам з ім звольнілася і Алена», – успамінае Ігар.
Ігар прызнаецца: Алена ніколі не ўдзельнічала ў палітычным жыцці краіны. Нават на выбарах не галасавала, імаверна, гадоў дзесяць.
«Яна была вельмі далёкая ад палітыкі, палітыкай зусім не цікавілася», – кажа ён.
Калі Алена Карагачава працавала асабістай памочніцай Бабарыкі, у яе функцыі ўваходзіла арганізацыя сустрэчаў, перамоваў, камандзіровак, падрыхтоўка графіку на дзень.
«З фінансавай дзейнасцю яна звязаная ніколі не была, не мела да гэтых справаў доступу», – падкрэслівае муж Алены.
Фактычна тыя ж функцыі сакратара-рэферэнта яна выконвала ў перадвыбарчым штабе Бабарыкі. Алена Карагачава была сябрам ініцыятыўнай групы, але, напрыклад, у зборы подпісаў за вылучэння ў прэзідэнты амаль не ўдзельнічала. Ігар кажа, што яны з Аленай нават не маглі ўявіць сабе, што ўдзел у працы перадвыбарчага штабу Бабарыкі можа прывесці да крымінальнага пераследу.
Прыкладна за два тыдні да арышту Алену Карагачаву выклікалі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пра што ішла гаворка падчас допыту Ігар не ведае – жонка давала падпіску аб неразгалошванні. Але тады яе адпусцілі.
«1 ліпеня Алена мне пазваніла ў 16:55, – успамінае муж пра дзень затрымання, – Яна сказала, што знаходзіцца ў горадзе і ўжо збіраецца ехаць дадому. Я адказаў, што ператэлефаную ёй каля 19:00. Я пазваніў у 19:20 прыкладна, але слухаўку ўжо ніхто не браў. Набіраў раза 3-4. А потым мне ператэлефанаваў следчы і сказаў, што яна затрыманая паводле падазрэння ў нявыплаце падаткаў. Якія былі першыя думкі, эмоцыі? Я быў проста ў шоку! Ды пра якія наагул падаткі ідзе гаворка? Я проста не разумеў, у чым пытанне!»
8 ліпеня ў кватэры Карагачавай адбыўся ператрус.
«Нічога не знайшлі і не забралі, – кажа Ігар, – Шукалі камп’ютэры, ноўтбукі, планшэты – карацей, інфармацыйныя носьбіты. У нас нічога гэтага не было. Яна ж працавала сакратаркай, яе камп’ютар знаходзіўся ў банку. А дома яна ніколі камп’ютарам не карысталася. Хіба што з планшэту чытала мастацкую літаратура, пераважна па-ангельску (Алена скончыла МДЛУ і добра ведае ангельскую мову – заўв. belsat.eu)».
Першую перадачу сваякі перадалі ў СІЗА КДБ 6 ліпеня, а 8 ліпеня атрымалі ад Алены першы ліст.
«У гэтым лісце яна просіць не турбавацца, кажа, што ўмовы ўтрымання дапушчальныя. Скаргаў на стан здароўя няма. Супакойвае ўсіх сваякоў: маўляў, усё будзе добра, усё наладзіцца», – распавядае муж.
Учора, 9 ліпеня, адвакат Алены Карагачавай паведаміў СМІ, што ягонай падабароннай выстаўлена абвінавачванне. Алена сваю віну не прызнае. Паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры») жанчыне пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Ігар кажа, што яго цяпер падтрымліваюць прадстаўнікі перадвыбарчага штабу Бабарыкі, званіла са словамі падтрымкі таксама дачка патэнцыйнага кандыдата Марыя. Падтрымліваюць яго і калегі – дарэчы Ігар працуе ў адміністратыўна-кантрольным аддзеле «Белгазпрамбанку».
«На працы ўсе ў шоку, ніхто не разумее, пра якія падаткі ідзе гаворка», – дадае ён.
ІІ belsat.eu