Дзяржаўны тэлеканал ОНТ паказаў вялікі матэрыял пра «справу Белгазпрамбанку», дзе сцвярджаецца, што абвінавачаныя «актыўна супрацоўнічаюць са следствам». У межах справы затрыманыя больш за 20 чалавек.
Паводле ОНТ, у аснову абвінавачвання ляглі бізнес-схемы, звязаныя з кампаніяй «ПрыватЛізінг».
«Калі каротка, то сутнасць гэтага бізнесу заключалася ў наступным. «ПрыватЛізінг» рэалізоўваў насельніцтву тавары ў растэрміноўку або лізінг і разлічваўся з прадаўцом за гэтыя тавары за кошт крэдытных рэсурсаў банка. Такім чынам паспяховасць вядзення бізнесу наўпрост залежала ад умоў крэдытавання іх банкам», – заявіў ОНТ начальнік аддзелу Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
Па словах чэкіста, «кіраўніцтвам банку, у тым ліку старшынёй праўлення Віктарам Бабарыкам, прадпрымальнікам было пастаўлена ўмова – за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб крэдытаванні іх кампаніі на выгадных умовах яны павінны былі прадастаўляць частку прыбытку ў выглядзе так званага «адкату».
Бычак кажа, што на імя юрыста банку, а таксама працаўніка банку і па сумяшчальніцтве блізкага сябра Бабарыка быў зарэгістраваны шэраг замежных фірмаў, якія ўвайшлі ў склад заснавальнікаў «ПрыватЛізінгу». «Адначасова з гэтым у афшорных юрысдыкцыях для Бабарыкі і астатніх удзельнікаў злачыннай групы былі адкрытыя так званыя фірмы-гаманцы, на якіх акумулявалася незаконнае грашовае ўзнагароджанне», – заявіў Бычак.
ОНТ паказала кадры вочнай стаўкі Віктара Бабарыкі і выконваючага абавязкі старшыні праўлення Белгазпрамбанка Кірыла Бадзея (ён заняў гэтую пасаду пасля адстаўкі Бабарыка, а раней быў ягоным намеснікам). Тэлеканал адзначае, што Бадзей дае «прызнальныя паказанні»: ён сцвярджае, што гэта нібыта Бабарыка кіраваў «атрыманнем незаконных грашовых узнагарод ад «ПрыватЛізінгу». Быццам бы ў 2019 Бабарыка атрымаў ад свайго намесніка $ 350 000.
«Апошняя сума, якая была ўжо вясной 2020 года (Віктар Дзмітрыевіч пакідаў банк), ён даручыў самастойна перадаць гэтыя грашовыя сродкі іншым калегам. Грошы я аддаваў Ільясюк, Кузьмічу і Шабану. Гэта была не мая ініцыятыва. Мне яе агучыў Віктар Дзмітрыевіч [Бабарыка]. Грашовыя сродкі перадаваліся, як разумею, за супрацу з названымі кампаніямі. Паміж банкам і кампаніямі», – казаў падчас вочнай стаўкі Бадзей.
Паводле прадстаўніка КДБ, «следства мае неабвержныя доказы датычнасці ўсіх фігурантаў крымінальнай справы да інкрымінаваных ім злачынствах».
ІІ belsat.eu