Светлагорская актывістка Алена Маслюкова, якая змагаецца супраць заводу беленай цэлюлозы, распавяла ў каментары belsat.eu, якое пытанне яна б хацела задаць кіраўніку Беларусі, які акурат прыехаў у Светлагорск.
«Мы з сябрамі зараз паездзілі вакол гэтага заводу, па прамысловай зоне, па вёсцы Якімава Слабада – паўсюль стаяць ахоўнікі, чакаюць гэбісты. Машыну спецназу таксама мы бачылі. Ходзяць па вуліцах па двое з заплечнікамі за спінамі. Але так, каб было бачна, што недзе ў натоўпе ходзіць прэзідэнт, такога мы не бачылі», – заявіла суразмоўца.
Алена Маслюкова таксама расказала, якія б пытанні яна хацела задаць Аляксандру Лукашэнку. Па-першае, яна б спытала, «навошта гэтая паказушнасць, якую паказваюць улады цягам тыдня, а то і болей».
«Няўжо нельга дзяржаве паставіць працу такім чынам, каб людзі спакойна і безаўральна працавалі ды рабілі сваю справу. Каб усё выглядала так заўсёды, як яно мусіць выглядаць», – заявіла яна.
Другое пытанне – гэта «праблема гэтага смярдзючага заводу, які не дае нармальна жыць, нармальна дыхаць і нармальна выхоўваць дзяцей».
«Сёння прэзідэнт прылятае, а вакол заводу – смурод стаіць. І вецер гэты смурод разносіць па наваколлях. Гэта ж не нармальная сітуацыя. Што яны збіраюцца паказаць прэзідэнту? Можа, пакажуць які кавалачак працы, што ўсё тут добра, а насамрэч нічога добрага няма», – сказала актывістка.
Падчас сённяшняга візіту на Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат кіраўнік краіны націснуў на сімвалічную кнопку запуску абсталявання лініі для вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы. Першапачаткова гэта быў супольны праект беларускага боку і кітайскай кампаніі CAMCE. Але пасля шматлікіх скандалаў летась заявілі, што беларускія кампаніі самастойна завершаць працу.
Праектная магутнасць новага заводу ў Светлагорску – 400 тыс. тонаў беленай цэлюлозы на год. Летась вырабілі толькі 146,9 тыс. тонаў сульфатнай беленай цэлюлозы. Страты прадпрыемства за 2018 год склалі 206,7 млн рублёў.
Пры гэтым завод працуе на тле грамадскіх пратэстаў, мясцовыя жыхары не задаволеныя ўздзеяннем вытворчасці на навакольнае асяроддзе і скардзяцца на моцны смурод вакол прадпрыемства.
МГ belsat.eu