Вялікі фурункул ці шахід «русского мира»? Што пішуць пра ядравую мішэнь у Беларусі


Рашэнне размясціць у Беларусі расейскую ядравую зброю, пра што 25 сакавіка заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, выклікала бурлівае абмеркаванне ў сацыяльных сетках. Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, што пішуць аўтары аналітычных тэлеграм-каналаў на гэты конт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цягнік з высокаўзбагачаным уранам і ахоўнікі.
Фота: National Nuclear Security Administration / Science Photo Library / East News

Імперыя вяртаецца, суверэнітэту не застаецца

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Сяргей Навумчык адзначае, што размяшчэнне сховішча расейскай ядравай зброі ў Беларусі – «заканамерны фінал драмы, якая пачалася ў 1993 годзе, калі, дамогшыся ад Вярхоўнага Савету рашэння аб вывадзе ядравай зброі, Захад – назавем рэчы сваімі імёнамі – па вялікім рахунку, перастаў цікавіцца Беларуссю». Паводле яго, «падтрымкі, на жаль, ні ад ЗША, ні ад ЕЗ не было – і Масква прывяла да ўлады Лукашэнку».

І цяпер, падкрэслівае Навумчык, «расейская ядравая зброя ў Беларусі аўтаматычна робіць Беларусь мішэнню для ядравага ўдару (дакладней, цэлай серыі такіх удараў)».

«Вось што значыць страта рэальнага суверэнітэту», – падкрэсліў былы дэпутат.

У сваю чаргу «FRIEDMAN» нагадвае: «размяшчаючы ядравую зброю ў краінах Варшаўскай дамовы, СССР падкрэсліваў іх поўную залежнасць ад «старэйшага брата» і «настаўніка». Такім чынам, на ягоную думку, «з дапамогай «ядравай дубінкі» Пуцін хоча паказаць усяму свету, што «імперыя вярнулася». Пры гэтым «FRIEDMAN» мяркуе, што беларусы, «якія і без таго больш за ўсіх пацярпяць ад ядравага шантажу», нічога не змогуць зрабіць супраць размяшчэння зброі, «як нічога не маглі зрабіць і ўсходнія немцы».

У сваю чаргу «Re y compañeros» піша, што, насуперак чаканням расейцаў, самому Лукашэнку ядравая зброя патрэбная толькі для таго, каб паспрабаваць дамовіцца з Захадам, а не ваяваць дзеля Расеі:

«Пагрозы сусветнага маштабу, выкленчванне званка ад Мэркель (ці хто там цяпер замест яе) і радасныя скокі – яна мне патэлефанавала! Яна назвала мяне прэзідэнтам! Ну, калі зробіць ласку патэлефанаваць, вядома… Знайшлі шахіда «русского мира», абхахочашся».

У Захаду ёсць некалькі месяцаў на адказ

«Ник и Майк» адзначаюць, што пра тактычную ядравую зброю ў Беларусі заявіў Пуцін, «бо менавіта ён гаспадар зброі і чырвонай кнопкі». Аляксандру Лукашэнку ж «гэтыя планы не прынясуць ні бяспекі, ні незалежнасці». Дый перамовы з ім цяпер бесперспектыўныя, бо «ён відавочна ўжо нічога не вырашае».

«Дыктатар з дробнай стрэмкі ператварыўся ў вялікі фурункул», – заявілі «Ник и Майк».

Дзеля ўласнай бяспекі Лукашэнка ігнаруе бяспеку беларусаў, бо «сховішча тактычных зарадаў аўтаматычна робіцца мішэнню № 1». «Ник и Майк» мяркуюць, што «наяўнасць самалётаў – носьбітаў тактычнай ядравай зброі прымусіць інакш глядзець на ўсё, што ўзлятае на тэрыторыі Беларусі. І павышае верагоднасць дзеянняў, скіраваных на тое, каб не ўзлятала наагул нічога». А Пуцін адным націскам кнопкі можа ператварыць Лукашэнку «ў сапраўднага ядравага тэрарыста».

«У Захаду ёсць некалькі месяцаў, каб сфармуляваць адказ. Перамовы – самы слабы сцэнар: адзін злачынец хлусіць, другі нічога не вырашае. «Перагарнуць старонку» таксама адкладаецца. А вось вайскова-дыпламатычная эскалацыя або Паўночная Карэя значна бліжэйшыя. Ёсць яшчэ варыянт Ізраілю, які планамерна знішчае любыя выдатныя поспехі ў межах ядравай праграмы Ірану», – мяркуюць аўтары каналу.

Прэвентыўна паклапаціцца пра бяспеку

«Пачынаць баяцца» ўладам Беларусі раіць і тэлеграм-канал «Письма к дочери»:

«У гэтай новай рэальнасці ядравая зброя насамрэч стварае ўладам Беларусі толькі новыя рызыкі. Бо Захад нарэшце засвоіў, што дамаўляцца з хаўруснікамі – зусім бескарысны занятак. Таму перспектыва размяшчэння ў Беларусі ядравай бомбы не станецца падставаю для таго, каб шукаць кампрамісы, але можа стацца стымулам, каб знайсці спосабы ліквідацыі пагрозы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацьгазы.
Фота: AP Photo / Michal Dyjuk / East News

У прыватнасці, на думку аўтара каналу, «у Варшаве і Вільні можа ўзнікнуць спакуса зрабіць што-небудзь прэвентыўнае, каб паклапаціцца пра сваю бяспеку».

«Ну і, вядома, размяшчэнне ядравай зброі моцна памяншае шанцы ўладаў Беларусі пра што-небудзь сепаратна дамовіцца з Захадам, калі бронецягнік старэйшага хаўрусніка пойдзе пад адхон. Вось калі раптам у малодшага саюзніка ўзнікне спакуса тузануць стоп-кран і сысці на паўдарозе, то цяпер яму пад гэты стоп-кран падклалі бомбу», – пішуць «Письма к дочери».

Пуцін кідаецца туды-сюды

Расейскія аглядальнікі адзначаюць: заяву пра размяшчэнне зброі ў Беларусі Пуцін зрабіў усяго праз некалькі дзён пасля таго, як 21 сакавіка падпісаў з Сі Цзінь Пінам дакумент пра тое, што ядравыя дзяржавы «не павінны размяшчаць ядравую зброю за межамі нацыянальных тэрыторыяў».

«Дык вось, праблема тут нават не ў хлуслівасці расейскага прэзідэнта. Яна – у зусім відавочнай няздольнасці выбудаваць лагічны, унутрана не супярэчлівы курс. У яго няма стратэгіі, вось ён і кідаецца туды-сюды», – піша палітолаг і былы спічрайтар Пуціна Абас Галямаў.

Пры гэтым ён мяркуе, што «ў Лукашэнкі з’явіцца магчымасць купіць сабе лаяльнасць сусветнай супольнасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: AP Photo / Dmitri Lovetsky / Pool / East News

«У момант, калі рэжым Пуціна пачне хістацца і ўвесь свет затаіць дыханне, бацьку будзе дастаткова заблакаваць доступ расейскаму персаналу да гэтай самай зброі, дэманстратыўна ўзяць яе пад свой кантроль, пасля чаго заявіць, што ён не дапусціць яе выкарыстанне «прадстаўнікамі антынароднага пуцінскага рэжыму». Тыпу, ратую свет ад гэтых «зварʼяцелых крывавых маньякаў». Усё, пасля гэтага застаецца толькі перадаць сістэму пад кантроль міжнароднай супольнасці ў асобе МАгАтЭ ці кагосьці там яшчэ – і лаяльнасць гарантаваная», – піша Галямаў і адзначае, што «дарма расейскія «патрыёты» радуюцца».

Страх як прычына

Расейскі аглядальнік Анатоль Несміян мяркуе, што размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі «прывядзе да таго, што NATO пачне явачным парадкам размяшчаць аналагічныя ўзбраенні беспасярэдне ля межаў Расеі». У тым ліку ў краінах Балтыі, Фінляндыі ці ва Украіне:

«Ці падвысіцца бяспека Расеі ў гэтым выпадку – пытанне рытарычнае. Дзвесце кіламетраў ад мяжы – і Ісакіеўскі сабор. 400–500 – і Крэмль. А ўлічваючы стан расейскай СПА, што адбудзецца ў выпадку масаванага пуску ва ўпор, няма сэнсу нават казаць».

Пакуль жа, на думку аглядальніка, «банальны страх перад немінучым канцом і спрычыняецца да той дзікасці, якую мы назіраем».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў