Пра што казалі ў навагодніх зваротах Лукашэнка і Пуцін


Уладзімір Пуцін выступіў на фоне людзей у вайсковай форме. Аляксандр Лукашэнка запісаў больш кансерватыўны зварот: на фоне сценаў свайго палацу. 

Аляксандр Лукашэнка ў сваім звароце задаўся пытаннем, якім запомніцца 2022 год, і прыйшоў да высновы, што год запомніцца як мірны (нягледзячы на саўдзел Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну, уваход расейскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі і абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі).

Пасля кароткай згадкі пра канстытуцыйны рэферэндум (як пра «абарону гістарычнай памяці» і «сваіх прынцыпаў і традыцыяў») Лукашэнка перайшоў да рэкорднага ўраджаю збожжа і экспарту харчоў, цэнаў на «камуналку» і будаўніцтва жытла.

«Дарагія беларусы, пагадзіцеся: нягледзячы на выпрабаванні года, які сыходзіць, з намі адбылося шмат добрага», – сказаў Лукашэнка і згадаў вытворчасць тавараў, нягледзячы на санкцыі.

Амаль што закрытыя межы для беларусаў Лукашэнка павярнуў так: беларусы наноў адкрылі для сябе Беларусь, больш даведаліся пра родную зямлю.

Лукашэнка запэўніў: хоць ад вайны ва Украіне «трасе ўвесь свет», але Беларусь «застанецца астраўком стабільнасці», калі беларусы будуць шанаваць працу сілавікоў. 2023 год ён абвясціў Годам міру і тварэння.

Каго Лукашэнка павіншаваў з Новым годам – і хто павіншаваў яго. Мапы

Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская запісала зварот у зусім іншым тоне. Яна пачала з пытання: «Як вы?» Казала пра дабрыню і пяшчоту, паразуменне і давер, сумневы ў сабе, моц і бясстрашнасць. Перад беларусамі, сказала яна, стаіць выбар між безданню вайны на баку Расеі і мірнай будучыняй. Ціханоўская заклікала не дапусціць, каб ва Украіну пайшлі беларускія войскі, і адмовіцца ад залежнасці ад небяспечнага суседа.

Навагодні зварот абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай

Расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін выступіў на фоне людзей у вайсковай форме і пачаў зварот з таго, што 2022 год быў «годам цяжкіх, неабходных рашэнняў, найважнейшых крокаў да набыцця поўнага суверэнітэту Расеі». Казаў пра мужнасць, гераізм, здраду і маладушнасць, вернасць сябрам і баявым таварышам.

Пра напад Расеі на Украіну Пуцін не казаў наўпрост: маўляў, «Захад выкарыстоўваў Украіну і яе народ для аслаблення і расколу Расеі», і асобна павіншаваў «удзельнікаў спецыяльнай ваеннай аперацыі». Вайскоўцы, казаў ён, змагаюцца «за родную зямлю, за праўду і справядлівасць».

Слова «вайна» Пуцін ужыў адносна санкцыяў, уведзеных супраць Расеі за напад на Украіну. Абвешчанай ім анексіі чатырох вобласцяў Украіны Пуцін таксама не згадаў наўпрост, але казаў пра «новыя суб’екты Расейскай Федэрацыі», не назваўшы іх.

У людзях на другім плане шмат хто пазнаў тых, хто раней ужо з’яўляўся ў іншых ролях на відэа з Пуціным. Гэтак, у Сеціве сцвярджаюць, што адна і тая ж жанчына пабывала ўжо прадавачкай марозіва, рыбачкай, верніцай у царкве, а цяпер і ветэранкай вайны ва Украіне. На зварот Пуціна звярнуў увагу і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі: яшчэ днём ён адзначыў, што Пуцін хаваецца за спінамі вайскоўцаў, за ракетамі і за сценамі сваіх палацаў.

***

Што скажуць у зваротах прэзідэнты іншых суседзяў Беларусі, будзе вядома пазней: у Рызе, Вільні і Кіеве Новы год прыйдзе а 1-й гадзіне паводле менскага часу, у Варшаве – а 2-й ночы. Звароты кіраўнікоў гэтых дзяржаваў можна будзе паглядзець на YouTube-каналах іхных офісаў і канцылярыяў: Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў