Каго Лукашэнка павіншаваў з Новым годам – і хто павіншаваў яго. Мапы


Аляксандр Лукашэнка 31 снежня разаслаў віншаванні з навагоднімі святамі шэрагу замежных лідараў і ад некаторых сам атрымаў віншаванні. Спісы апублікавала дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА». Мы наклалі гэтыя спісы на мапу.

Краіны, кіраўнікоў якіх Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з Новым 2023 годам, вылучаныя чырвоным. Выява: Белсат

Першым чынам «БелТА» адзначае, што Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванні кіраўніцтву Расеі (у тым ліку асабіста Уладзіміру Пуціну) і кіраўнікам дзяржаваў СНД. Далей – доўгі спіс кіраўнікоў дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў. У гэтым спісе адметна вось што:

  • Лукашэнка не павіншаваў кіраўнікоў суседніх Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. З усіх суседзяў – толькі кіраўніка Расеі.
  • З усяго Еўразвязу Лукашэнка павіншаваў кіраўнікоў Балгарыі, Вугоршчыны і Люксембургу. Таксама павіншаваў кіраўнікоў дзяржаваў-чальцоў NATO Турэччыны і Чарнагорыі.
  • Затое павіншаваў большую частку Азіі і Паўднёвай Амерыкі. Афрыку амаль не закрануў.
  • Павіншаваў прэзідэнта Рэспублікі Сербскай у складзе Босніі і Герцагавіны, але не кіраўніка ўсёй Босніі і Герцагавіны або другой ейнай паловы – уласна Федэрацыі Босніі і Герцагавіны і акругі Брчко.
  • Павіншаваў дыктатараў з Венесуэлы, Сірыі, Туркменістану і Паўночнай Карэі, але не павіншаваў дыктатараў Ірану і Эрытрэі, ваенную хунту М’янмы або тэрарыстаў, якія захапілі ўладу ў Афганістане.
  • Павіншаваў кіраўнікоў армянскай апостальскай царквы, каталіцкай царквы і расейскай праваслаўнай цэрквы, кіраўніка Мальтыйскага ордэну, кіраўнікоў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў і Чырвонага крыжу.

Спіс тых, хто павіншаваў самога Лукашэнку, значна карацейшы. У ім кіраўнікі Аб’яднаных арабскіх эміратаў, Азербайджану, Арменіі, В’етнаму, Казахстану, Кітаю, Кувейту, Кыргызстану, Манголіі, Палестыны, Расеі, Таджыкістану, Туркменістану і Узбекістану.

Краіны, кіраўнікі якіх павіншавалі Аляксандра Лукашэнку з Новым 2023 годам, вылучаныя зялёным. Выява: Белсат

Ці замерзне Еўропа на Новы год? Глядзім на мапу надвор’я

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў