Ці замерзне Еўропа на Новы год? Глядзім на мапу надвор’я


«Еўропа замерзне без расейскага газу», – так Расея пужала прыхільнікаў санкцыяў за вайну ва Украіне. Аднак на Новы год у большай частцы Еўропы можна абысціся не толькі без расейскага газу, а і без зімовай вопраткі.

Прагноз надвор’я на 12 ночы 31 снежня 2022 года. Мапа тэмператураў паветра. Выява: ventusky.com

У Менску а 12-й ночы 31 снежня прагназуюць каля +3°С. У першыя дні 2023 года ў Беларусі таксама прагназуюць плюсавую тэмпературу, а вяртанне мінусавой – хіба 5 студзеня.

У гэты час на градус цяплей мае быць у Кіеве, на тры градусы цяплей у Вільні і Рызе, аж на восем градусаў цяплей – у Варшаве. Амаль па ўсёй Еўропе будзе па-вясноваму цёпла: напрыклад, +6 у Мадрыдзе, +10 у Рыме, +12 у Лондане і Парыжы, +13 у Празе, +14 у Берліне, +17 у Лісабоне. Як мінімум Францыя і Нямеччына маюць пабачыць самую цёплую навагоднюю ноч у гісторыі назіранняў.

У Маскве ў гэты час абяцаюць 0°С. Халадней будзе хіба ў Осла (–3) і Ерэване (–4). За еўрапейскай часткай Расеі пачынаюцца моцныя маразы: тэмпературы становяцца мінусавымі за Волгай, а ўжо ў Пермі –20, ледзьве не ў палове Расеі за –30.

Снег у навагоднюю ноч можна пабачыць хіба ў Расеі, Фінляндыі, Швецыі і Нарвегіі, на паўночным краі Шатландыі, у Альпах і на Каўказе, а таксама ў Андоры і на мяжы Іспаніі і Францыі.

Прагноз надвор’я на 12 ночы 31 снежня 2022 года. Мапа снежнага покрыва. Выява: ventusky.com

Расейская прапаганда летам любіла паўтараць: «Еўропа не перажыве зімы без нашага газу». Ды нават калі б зіма не выдалася надзвычай цёплай, Еўропа рыхтавалася і шукала іншыя крыніцы газу і энергіі, здолела скараціць спажыванне газу на чвэрць. На расейскі газ не наклалі санкцыі, але вызначылі максімальную цану за газ. Цана на газ у Еўропе ўжо знізілася да перадваенных паказнікаў. Ад газавага шантажу Расеі больш пацерпіць сама Расея.

А зіма і праўда надзвычай цёплая. Прычынай цеплыні менавіта ў навагоднія дні называюць тое, што моцныя вятры над паўночнай Атлантыкай і Скандынавіяй сутыкнуліся з устойлівым высокім ціскам над асноўнай часткай кантынентальнай Еўропы – утварыўся «цеплавы купал». На дадатак да гэтага гарачае паветра «выцягваецца» з пустэльняў Пірэнейскага паўвостраву і з Афрыкі. Доўгатэрміновая ж прычына цёплай зімы прадказальная: глабальная змена клімату праз дзейнасць чалавека.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў