Цана на газ у Еўропе знізілася да перадваенных паказчыкаў


Цёплая зіма ў Еўропе і запоўненыя газавыя сховішчы ў Нямеччыне – найбуйнейшай краіне і эканоміцы Еўрапейскага Звязу – верагодна, і сталіся прычынамі зніжэння кошту на блакітнае паліва. У канцы снежня газ у Еўропе таннейшы, чымся напярэдадні ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пра тое, што планы Пуціна замарозіць Еўропу праваліліся, было вядома ўжо даўно, – упэўнены эксперт у пытаннях энергетыкі Генадзь Рабцаў. – Цяпер на еўрапейскім кантыненце дастаткова энергарэсурсаў, каб забяспечыць нармальны ацяпляльны сезон».

Учора ф’ючэрзы на газ гандляваліся блізу 80-ці еўраў за мегават-гадзіну. Гэта амаль на 13 еўраў менш, чымся ў снежні летась. І ў чатыры разы ніжэй, чымся максімум, зафіксаваны ў жніўні.

Аднак, на думку палітычнага аналітыка Аляксандра Шмялёва, мы ўсё ж пабачым негатыўныя наступствы ў будучыні:

«Усё роўна гэта высокая цана ў параўнанні з 20-м і 21-м гадам. І гэта адабʼецца на нямецкай і еўрапейскай эканоміцы. Адабʼецца не адразу – будзе некаторы адкладзены эфект. Але ўжо ў 23-м годзе амаль стоадсоткава мы ўбачым спад, рэцэсію, рост беспрацоўя».

Не змяняюць сваіх наратываў расейскія, а разам з імі і беларускія прапагандысты. Вось як выглядае будучыня еўрапейцаў ва ўяўленні «Раша Тудэй»: шчаслівыя Каляды 2021-га змяняюцца холадам, голадам і спажываннем хатніх гадаванцаў.

«Спажыўцы расейскага тэлебачання – гэта людзі, якія цяпер жывуць у вакууме, – лічыць Аляксандр Шмялёў. – Яны атрымліваюць інфармацыю пра свет з перадач расейскага тэлебачання. Там можна расказваць усё, што заўгодна. Можа, у наступным годзе будуць расказваць, што ўсе прагнозы Дзмітрыя Мядзведзева спраўдзіліся: створаны чацвёрты рэйх, і ідзе вайна Германіі і Францыі, Штаты распаліся. І ніхто ніяк не зможа гэта абвергнуць».

Разам з цэнамі на газ зніжаецца цана на нафту. Прынамсі расейскую. У пачатку снежня Захад увёў на яе столь цэнаў памерам 60 долараў за барэль. У адказ Пуцін падпісаў указ, які накладае абмежаванні на продаж расейскімі кампаніямі тым краінам, што падтрымалі ўвядзенне столі цэнаў. Указ уступіць у моц толькі з лютага наступнага года і будзе дзеяць 5 месяцаў.

«Гэты ўказ скіраваны супраць дзяржаваў і кампаній, якія адмовіліся ад куплі расейскай сыравіны. Яны ўжо абвясцілі нафтавае эмбарга, і забараняць штосьці ім прадаваць не мае ніякага сэнсу, таму што яны і так не будуць нічога купляць», – мяркуе Генадзь Рабцаў.

Сёння цягам дня цана на газавыя фʼючэрзы падняліся вышэй за 80 еўраў за мегават-гадзіну. Расейская нафта «Уралс» па-ранейшаму гандлюецца ніжэй як 60 долараў за барэль.

Ян Федаровіч, «Белсат»