Каля амбасады Беларусі ў Тбілісі адбылася акцыя пратэсту, удзельнікі спалілі партрэт Лукашэнкі


Увечары 28 верасня грузінская апазіцыя правяла акцыю пратэсту супраць візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Абхазію. Пра гэта паведамляе newsgeorgia.ge.

Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі да амбасады Беларусі ў Тбілісі з плакатамі «Абхазія – гэта Грузія». Яны таксама прынеслі і спалілі на месцы фатаграфіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Акцыя пратэсту супраць візіту Лукашэнкі ў Абхазію. Тбілісі, 28 верасня.
Фота: NGnewsgeorgia / Telegram

Учора Міністэрства замежных справаў Грузіі выступіла з асуджэннем візіту Лукашэнкі ў Абхазію. У Тбілісі расцэньваюць гэта як парушэнне дзяржаўнай мяжы Грузіі і патрабуюць ад беларускага боку паважаць тэрытарыяльную цэласнасць суверэннай дзяржавы. Таксама ў МЗС Грузіі выклікалі амбасадара Беларусі ў Грузіі Анатоля Ліса.

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала візіт Лукашэнкі «цынічным падыходам», які парушае ўсе нормы і прынцыпы міжнароднага права.

Спікер парламенту Грузіі Шалва Папуашвілі таксама асудзіў учынак Лукашэнкі, але выказаў надзею, што Беларусь не прызнае незалежнасці Абхазіі. «Гэтым крокам Беларусь ушчыльную падышла да чырвонай рысы адносінаў з Грузіяй, і важна, каб гэтая чырвоная рыса не была пяройдзеная», – сказаў Папуашвілі.

Hавiны
Аналітык: Візіт Лукашэнкі ў непрызнаную Абхазію нясе толькі негатыўныя наступствы
2022.09.28 21:27

Беларусь афіцыйна не прызнала самаабвешчаных рэспублік Абхазія і Паўднёвая Асеція. Грузія лічыць гэтыя рэгіёны акупаванымі Расейская Федэрацыяй.

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў