Беларусы ўзялі ўдзел у начным рэйдзе ЗСУ каля Новай Кахоўкі. Ёсць страты


Уначы з 23 на 24 студзеня група спецыяльнага прызначэння Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны пры ўдзеле Збройных сілаў Украіны правяла выведны рэйд у тыл расейскіх войскаў у раёне Новай Кахоўкі, што ў акупаванай частцы Херсонскай вобласці.

Наступствы ўкраінскага рэйду каля Новай Кахоўкі.
Фота: Головне управління розвідки МО України / Telegram

«Паводле пярэдніх звестак, дзякуючы супрацы з мясцовымі партызанамі і з дапамогай спецыяльных тэхнічных сродкаў выведнікі выявілі дакладнае размяшчэнне перадавога пункту кіравання рашыстаў», – паведамілі ў Галоўным упраўленні выведкі.

Паводле ведамства, вайскоўцы высадзілася на супрацьлеглы бераг Дняпра, дзе, уступіўшы ў бой з ворагам, гранатамётнымі стрэламі знішчылі дом, у якім быў камандны пункт.

«Успрыняўшы высадку як спробу прарыву лініі абароны, рашысты адразу прыцягнулі баявыя рэзервы – падраздзяленне сілаў спецыяльных аперацыяў, авіяцыю і бранятэхніку. Дзякуючы гэтаму выведка атрымала вычарпальныя звесткі аб колькасці, складзе і месцах размяшчэння варожых рэзерваў», – адзначылі ў выведцы.

Наступствы ўкраінскага рэйду каля Новай Кахоўкі.
Фота: Головне управління розвідки МО України / Telegram

Як паведамляецца, падчас рэйду атрымалася знішчыць прынамсі 12 акупантаў, БТР 82А і захапіць палоннага. Выканаўшы заданне, група вярнулася на правы бераг Дняпра.

Сярод беларусаў ёсць страты

Як паведамляе Беларускі добраахвотніцкі корпус, удзел у рэйдзе бралі таксама і беларусы.

«Цяжкі бой і, на жаль, з боку БДК ёсць страты», – паведамілі ў корпусе.

У прыватнасці, быў цяжка паранены адзін з камандзіраў Беларускага добраахвотніцкага корпусу Радзівон (Гена) Батулін, які «вёў наперад групу і адзін з першых сустрэў агонь ворага». Цяпер ён у шпіталі.

ЗСУ плануе стварыць плацдарм?

У сваю чаргу «РИА Новости» са спасылкай на сілавыя структуры РФ паведамляла, што «расейскія войскі спынілі спробу ўкраінскіх падраздзяленняў фарсіраваць Дняпро ў ваколіцах Новай Кахоўкі, знішчана каля 100 жаўнераў суперніка».

«З раніцы ў раёне Карсунка, Дняпра была спроба фарсіравання. Спроба сарвалася. На супрацьлеглым беразе было выяўлена скопішча БМП і жывой сілы. Па іх нанеслі агнявое паражэнне. Вынік: 6 БМП, 3 катары, да 100 вайскоўцаў ЗСУ», – паведамлялі расейскія журналісты.

Наступствы ўкраінскага рэйду каля Новай Кахоўкі.
Фота: Головне управління розвідки МО України / Telegram

Аднак гэтыя звесткі аспрэчыў нават былы «міністр абароны ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін), які пісаў, што гэта была менавіта выведка, а не дэсант, бо «буйны дэсант, накіраваны на захоп плацдарму на ўсходнім беразе Дняпра, будзе ажыццяўляцца, мінімум, сіламі некалькіх батальёнаў і падтрымлівацца буйнымі сіламі артылерыі».

Тым не менш, паводле яго, рэйд каля Новай Кахоўкі паказвае, што ЗСУ плануюць стварыць такі плацдарм, таму «трэба ў бліжэйшы час чакаць больш сур’ёзных дзеянняў ЗСУ на херсонскім кірунку».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў