«BelPol» раскрытыкаваў вынікі аўдыту «ByPol»


Прадстаўнік «ByPol» Станіслаў Лупаносаў расказаў 24 лістапада, што аўдыт арганізацыі не выявіў раскраданняў і злоўжывання. Таксама пра вынікі расказаў сябра назіральнай рады «ByPol» Аляксандр Кныровіч. Але другую арганізацыю былых сілавікоў, «BelPol», што адкалолася ад «ByPol», гэты аўдыт не задаволіў, расказаў выданню «Zerkalo» прадстаўнік «BelPol» Уладзімір Жыгар.

Аляксандр Азараў і Мацвей Купрэйчык
Мацвей Купрэйчык (злева) і Аляксандр Азараў. Калаж: Bypol.org/ Белсат

Станіслаў Лупаносаў адзначыў, што ўсе работнікі арганізацыі былі правераныя на паліграфе «ў аднаго з самых знаных і найбольш аўтарытэтных расейскамоўных паліграфолагаў», а «ўсе запазычанасці перад былымі работнікамі былі выплачаныя». Грошы, адзначыў ён, выдаткоўваліся згодна з заканадаўствам і патрабаваннямі грантадаўцаў. Як запэўніў Лупаносаў, кампанія-аўдытар «была ўзгодненая ўсімі бакамі» ў прысутнасці абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай і ейнага галоўнага дарадцы Франка Вячоркі.

Аляксандр Кныровіч раскрыў падрабязнасці аўдыту арганізацыі. Правяранне зладзіла польская кампанія «Audit C-Land». Паводле Кныровіча, на два пытанні – ці вядзецца справаздачнасць паводле польскіх законаў і ці супадае фінансавая справаздачнасць з рэчаіснасцю – адказ аднолькавы: так, усё ў парадку. У бухгалтараў узнікла толькі адное пытанне – наконт сплаты падаткаў з прыбыткаў ад YouTube. Агулам аніякіх парушэнняў аўдытары не знайшлі.

Уладзімір Жыгар заявіў, што праведзены аўдыт не мог выявіць і развязаць тых пытанняў, якія ўзніклі да кіраўніцтва «ByPol»: «Нас цікавіў не фінансавы, а грамадзянскі аўдыт». Хацелі пабачыць не доказы выдаткаў, а абгрунтаванне мэтазгоднасці выдаткаў, дый пытанні датычылі пераважна 2023 года, а фінансавы аўдыт быў за 2022-і. Кныровіч, як кажа Жыгар, «ні разу не звярнуўся да нашага боку, каб удакладніць, якія пытанні ў нас маюцца».

Паводле Жыгара, «ніводны пункт з трохбаковых дамоўленасцяў выкананы не быў». У ліпені Аб’яднаны пераходны кабінет, «ByPol» і будучы «BelPol» дамаўляліся на раздзяленне арганізацыяў ды іх каналаў у сацыяльных сетках, фінансавы аўдыт, праходжанне паліграфу, мараторый на ўзаемную крытыку, выплату запазычаных заробкаў.

Прынамсі ў паведамленні Кабінету не згадваецца «грамадзянскі аўдыт», але Жыгар сцвярджае, што ў час трохбаковай сустрэчы былі вызначаныя «пытанні, якія павінны быць закрытыя», і іх не закрылі.

Жыгар заяўляе, што запазычанасць у заробках скампенсавалі толькі двум работнікам, а астатнія «ўвесь гэты час працавалі валанцёрамі, толькі ім пра гэта ніхто не казаў»: працавалі без заключэння дамоваў, таму юрыдычна «ByPol» і праўда ім не вінны.

Разбор
Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска
2023.06.09 16:43

Канфлікт сярод чальцоў «ByPol» стаўся публічным 8 чэрвеня. Тады Аляксандр Азараў запісаў відэазварот, у якім заявіў, што Мацвей Купрэйчык і яшчэ «група асобаў» адмовіліся праходзіць паліграф («дэтэктар хлусні»), праз гэта былі звольненыя, але Купрэйчык забраў доступ да акаўнтаў «ByPol» на YouTube і ў сацыяльных сетках.

Пазней у тэлеграм-канале «ByPol» з’явіўся пост з абвінавачаннямі ў бок Азарава. Там сцвярджалася, што той ніколі не быў заснавальнікам ці кіраўніком аб’яднання былых сілавікоў «ByPol», кіраваў толькі створаным 26 траўня 2021 года фондам «ByPol», а ў аб’яднанні сілавікоў быў медыйнаю персонаю. Сцвярджалася таксама, што аб’яднанне сілавікоў не выстаўляла кандыдатуры Азарава ў Кабінет (хоць раней «ByPol» не пратэставаў супраць гэтага, а ад арганізацыі на канферэнцыі, падчас якой быў створаны Кабінет, быў як мінімум яшчэ адзін прадстаўнік).

Азараў праз месяц расказаў, што першапрычынаю расколу сталася аперацыя з падрывам расейскага «лятучага радара», самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах, праз якую «ByPol» пазбавілі фінансавання ранейшыя спонсары.

Hавiны
Азараў: Раскол у BYPOL быў праз супольную аперацыю з СБУ і надта жорсткі паліграф украінцаў
2023.07.27 18:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў