Беларускія партызаны падарвалі расейскі самалёт і веру Лукашэнкі ў свае сілы і сілавікоў


Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў у дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах СБУ і ЦРУ. Улады Беларусі таксама заявілі, што затрымалі датычнага да падрыву расейскага самалёта А-50. У сваю чаргу кіраўнік «ByPol», які раней узяў на сябе адказнасць за выбухі на аэрадроме, зняпраўджвае словы афіцыйнай прапаганды і сцвярджае, што датычныя да атакі – цяпер за межамі Беларусі і ў бяспецы. «Белсат» сабраў асноўную інфармацыю вакол сітуацыі з дарагім падарваным у Беларусі расейскім вайсковым самалётам.

Параўнанне фотаздымкаў самалёта А-50 да і пасля выбухаў у Мачулішчах.
Фота: «Беларускі Гаюн» / Telegram

Пасля выступу Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўныя медыі паведамілі пра затрыманне «тэрарыста», якога лічаць датычным да дыверсіі з расейскім самалётам А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Сілавікі рапартуюць, што яны схапілі Мікалая Швеца. Раней з’явіліся арыенціроўкі на вышук гэтага чалавека.

На відэа, якое апублікавалі дзяржаўныя медыі, бачна, што сілавікі выявілі «уўраінскага тэрарыста» ў прыватным доме. Байцы, якія былі ў поўнай баявой амуніцыі, падышлі да двухпавярховага цаглянага дому і спакойна адчынілі незамкнёныя дзверы. Меркаваны «тэрарыст» даволі спакойна сустрэў узброеных людзей, выканаў іх патрабаванне легчы на зямлю і склаў рукі за спінаю.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу, што затрыманне адбылося ў суботу 4 сакавіка. А «ўкраінскі тэрарыст» быў у доме друкара Алега Сычова. Разам з жонкай Сычова схапілі сілавікі на мінулым тыдні, і цяпер ён у СІЗА КДБ.

Сілавікі таксама апублікавалі і допыт затрыманага. У сеціве карыстальнікі адзначаюць, што допыт нагадвае хутчэй размову двух знаёмцаў, чым рэальны допыт сілавікоў. Затрыманы Мікалай Швец распавядае фактычна тое, што сказаў Лукашэнка. Мужчына прызнаў сваю датычнасць да падрыву самалёта. Адметна, што раней сястра Мікалая сцвярджала, што ён 26 лютага, у дзень нападу на лётнішча, перабываў ва Украіне.

Кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў заявіў, што затрыманага меркаванага «тэрарыста» ён не ведае і адмаўляе ягоную датычнасць да нападу ў Мачулішчах. Палітык заяўляе, што насамрэч асобы, якія падарвалі расейскі самалёт, цяпер за мяжой, але іх імёны з увагі на бяспеку называць пакуль не будуць. Аляксандр Азараў таксама дадаў, што пасля выбуху на аэрадроме сілавікі схапілі больш за 20 асобаў.

«Удзельнікі акцыі выехалі за мяжу. Гэтых людзей, якіх затрымліваюць нібыта за датычнасць да дыверсіі, мы не ведаем».

Прадстаўнік «ByPol», які ад пачатку ўзяў на сябе адказнасць за дыверсію з расейскім самалётам, таксама адрынуў абвінавачанні Лукашэнкі, што нібыта падрыў рыхтавалі пры дапамозе СБУ і ЦРУ.

Hавiны
Паведамілі імя затрыманага «ўкраінскага тэрарыста», яго шукалі адразу пасля дыверсіі
2023.03.07 19:20

КДБ у сваёй заяве абвінавачвае ў дыверсіі супраць расейскага самалёту на аэрадроме ў Мачулішчах прадстаўнікоў беларускага падполля.

«Першасныя следчыя дзеянні дазваляюць зрабіць выснову аб задзейнічанні ў падрыхтоўцы акту тэрарызму агентуры спецслужбаў Рэспублікі Польшча з ліку так званых збеглых беларусаў – прыхільнікаў гвалтоўнага зрынання канстытуцыйнага ладу, актыўных удзельнікаў падзеяў жніўня 2020 года», – гаворыцца ў паведамленні КДБ.

Спецслужбоўцы заяўляюць пра паспяховую аперацыю па пошуку і затрыманні злачынцаў. Вядома, што гэта адбывалася пад поўным і непасрэдным кантролем Лукашэнкі.

Прызналі, што самалёт атрымаў пашкоджанні

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» яшчэ 2 сакавіка распаўсюдзіла паведамленне, што афіцыйная прапаганда заняла пазіцыю «хлусіць па поўнай», паколькі першапачаткова ўвогуле паведамлялася, што самалёт у поўным парадку і цяпер працягвае несці баявое дзяжурства на межах Беларусі. Але Лукашэнка прызнаў, што самалёт атрымаў пашкоджанні.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у эфіры тэлемарафону заявіў, што беларускія партызаны дастаткова моцна пашкодзілі гэты самалёт, і ён цяпер не можа выконваць сваіх функцыяў. Паводле словаў Аляксея Данілава, Расея не зможа хутка адрамантаваць самалёт, бо застаецца пад санкцыямі.

«Гэта выклікала такую неадэкватную рэакцыю ў Лукашэнкі. Яго паводзіны пачынаюць здзіўляць. Як будуць разгортвацца падзеі, будзем глядзець. Мы гатовыя да любога развіцця сітуацыі», – дадаў сакратар Рады.

Аналітыка
«Гніда, поскудзь, мярзотнікі». Чаму Лукашэнку «бамбанула» ад дыверсіі ў Мачулішчах?
2023.03.07 19:04

Выступ Лукашэнкі і аповед пра дыверсію з расейскім самалётам атрымаў не толькі інфармацыйны аспект, але і палітычны. Лукашэнка не падбіраў словы, напрыклад, Польшчу ды Літву ён назваў «поскуддзю», прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «гнідаю», а ўсіх астатніх, датычных да дыверсіі, – «мярзотнікамі».

Міністэрства замежных справаў Украіны адпрэчыла «інсінуацыі Аляксандра Лукашэнкі адносна нібыта датычнасці ўкраінскага боку да падзеяў на аэрадроме «Мачулішчы».

«Відавочна, што гэта зʼяўляецца чарговай спробай стварыць штучную пагрозу з боку Украіны для апраўдання сваёй падтрымкі агрэсіі Расеі.

Пагрозу трэба шукаць не ва Украіне, якая змагаецца за сябе і шукае міру. Яна ляжыць у Расеі, якая разнастайнымі спосабамі спрабуе яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну, канчаткова пазбавіць яе незалежнасці і суверэнітэту», – гаворыцца ў каментары прэс-службы МЗС Украіны.

Што да абразы Лукашэнкам Уладзіміра Зяленскага, то ўкраінскае МЗС адзначыла:

«Аляксандр Лукашэнка таксама дазволіў сабе грубы персанальны выпад на адрас прэзідэнта Украіны. Гэты акт бяссілля пакінем без адказу».

Атака на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах адбылася 26 лютага. Адказнасць за дыверсію ўзяў на сябе «ByPol». Спачатку дзяржаўныя медыі перадавалі, што інфармацыя пра атаку – фэйк, самалёт, які каардынаваў ракетныя абстрэлы Украіны, не пацярпеў. Аднак праз некалькі дзён ён паляцеў на рамонт у расейскі Таганрог.

Каментар
Кіраўнік «ByPol» растлумачыў гнеўны спіч Лукашэнкі пра А-50 незадаволенасцю Крамля
2023.03.07 17:46

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў