Кіраўнік «ByPol» растлумачыў гнеўны спіч Лукашэнкі пра А-50 незадаволенасцю Крамля


Кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» растлумачыў, чаму Аляксандр Лукашэнка настолькі эмацыйна распавядаў пра дыверсію ў Мачулішчах. Азараў мяркуе, што «акцыя мела наступствы з боку Расеі».

Чалец Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў. Варшава, Польшча. 12 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў зняпраўдзіў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманне датычнага да атакі на расейскі самалёт-лакатар. Азараў зноў запэўніў «Белсат», што ў Беларусі няма нікога, хто ўдзельнічаў у дыверсіі:

«Удзельнікі акцыі выехалі за мяжу. Гэтых людзей, якіх затрымліваюць нібыта за датычнасць да дыверсіі, мы не ведаем».

Абноўлена
«Гэта былі беларусы, яны ўжо за мяжою». Расейскі самалёт у Мачулішчах атакавалі з дронаў
2023.02.26 21:58

Азараў мяркуе, што танальнасць прамовы Лукашэнкі сведчыць пра прэтэнзіі Крамля:

«Акцыя была вельмі значная, мела вялікі грамадскі рэзананс і, як выглядае, мела для Лукашэнкі наступствы з боку Расеі, пра якія мы не ведаем. І каб не ўпасці ў гразь тварам, Лукашэнка прызначыў вінаватага».

Кіраўнік «ByPol» пры гэтым адмовіўся нейкім чынам даказаць, што партызаны сапраўды выехалі з краіны, сказаўшы, што бліжэйшым часам ніякіх падрабязнасцяў абнародаваць не будзе праз захады бяспекі:

«Правядзенне любых акцыяў – гэта вельмі небяспечна, звязана з рызыкаю для жыцця. І раскрыццё дэталяў таксама можа прывесці да вялікай рызыкі. Таму мы не можам раскрываць інфармацыю больш падрабязна, чым мы сказалі».

Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў, што «няўдалы тэракт» рыхтавала СБУ разам з ЦРУ і што датычыныя да дыверсіі, у тым ліку аператар дронаў, затрыманыя.

Атака на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах адбылася 26 лютага. Адказнасць за дыверсію ўзяў на сябе «ByPol». Спачатку дзяржаўныя медыі перадавалі, што інфармацыя пра атаку – фэйк, самалёт, які каардынаваў ракетныя абстрэлы Украіны, не пацярпеў. Аднак праз некалькі дзён ён паляцеў на рамонт у расейскі Таганрог.

Абноўлена
Рыхтавалі СБУ і ЦРУ. Лукашэнка пацвердзіў падрыў самалёту А-50 у Мачулішчах
2023.03.07 12:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў