Няўжо думаеце, што зараз тысячы беларусаў кінуць усё і пабягуць у вашыя лапы?

На мінулым тыдні лукашэнкаўскі Следчы камітэт парадаваў сябе і пастараўся спадабацца дзеду. Гэтым разам крымінальную справу завялі супраць тых, хто святкаваў Дзень Волі ў замежжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Артыкулы знайшлі адразу два: стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім, а таксама дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. Тут, паводле гэтак званых следчых, ёсць усё: «злачынны план», «намер нанясення шкоды», «сходкі прадстаўнікоў радыкалаў», «нацыяналістычная сімволіка», «сацыяльная варожасць». А паколькі рукі кароткія, каб фізічна дастаць беларусаў замежжа, то паскудзіць кінуліся на радзіме.

Пэўна, рэжымным дыпламатычным пляцоўкам цяпер рабіць асабліва няма чаго (пашпартоў не выдаюць, іншых дакументаў таксама), а апраўдваць сваё існаванне неяк трэба, то толькі і займаюцца тым, што сочаць за сваімі ж грамадзянамі.

І вось СК рапартуе: маем «звесткі больш як сотні асобаў» з вулічных акцыяў у Варшаве, Вільні, Вроцлаве, Беластоку, Бруселі, Батумі, Празе, Каліфорніі, Філадэльфіі. Ну і панеслася: ломяцца ў дамы і кватэры, пакінутыя ў Беларусі, робяць ператрусы, арыштоўваюць маёмасць.

Тут нічога новага. Гэтага трэба было чакаць пасля словаў іхнага гаспадара пра з’ехалых беларусаў на ягоным Усебеларускім народным сходзе сёлета 24 красавіка.

«Не забывайцеся, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім блізкім. Не забывайцеся, што ў вас нейкая ўласнасць ёсць тут. Раю ўжо забыцца пра гэтую ўласнасць. Але не стаўце пад удар сваіх блізкіх», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Верныя сабакі пачулі свайго гаспадара і кінуліся выконваць. У мяне не было аніякіх сумневаў, што так і будзе. І ён, і яны па-іншаму не ўмеюць. Прага помсты і крыві ў іх ненатольная.

Напрыклад, ужо арыштавалі маёмасць актывісткі з Пастаўшчыны Ганны Федаронак. Сама жанчына жыве ў Варшаве і кіруе шэлтарам для ўцекачоў, дапамагае мноству людзей. Ейны дом у мястэчку Варапаева арыштаваны. Дом, збудаваны цягам жыцця, у які ўкладзена шмат сілаў і сродкаў. Ці спыніць гэта спадарыню Ганну? Вядома ж – не! Аднак гэта не праходзіць незаўважна, нясе прыкрасць, боль і страты.

Крыважэрны звер задаволены. Толькі няўжо думае, што гэтак можна пераканаць некага? Няўжо думаеце, што зараз тысячы беларусаў кінуць усё ў замежжы і пабягуць у вашыя лапы за дамы і кватэры?

Гэта вашая мера, мера персонаў, якія вымяраюць жыццё службовымі аўтамі, скрадзенымі мільёнамі, службовымі кватэрамі і дамамі ў Драздах на кавалку зямлі паводле разнарадкі. Персонаў ніадкуль, якія, толькі падпяваючы рэжыму, могуць усё гэта мець, а інакш – пустата і труха.

Гэта вашая мера – мера страху страціць тое, чаго вы ніколі не заслужылі. Мера, дзе ніколі не было свабоды. А вось для тых, хто выехаў і кінуў усё, свабода – найвышэйшы дар, які нельга страціць і абмяняць, як вы думаеце, на кватэры і дамы.

Заслужаны артыст Беларусі, вольны купалавец Ігар Сігоў напісаў на «Фэйсбуку»:

«Яны могуць забараніць мне вяртанне ў Беларусь, арыштаваць маёмасць, пазбавіць мяне грамадзянства, выкрасліць мяне з жыцця Беларусі, як быццам бы мяне і не было, але яны не могуць забараніць мне быць чалавекам. Дзе б я ні быў, Я БЕЛАРУС! Я ЧАЛАВЕК!»

Беларус і чалавек! Гэтым усё сказана. А вы, рэжымныя падбрэхічы, дзе б ні былі, што б ні рабілі, застаняцеся толькі шэрым планктонам на патрэбы ўласнага гаспадара, клоўнамі ў ягоным цырку, дзе, як малпачкі, скачаце на загад дрэсуравальніка за банан. Гэта вашым дзецям і ўнукам будзе сорамна прызнацца, кім былі іхныя ганебныя продкі.

Hавiны
СК сабраўся судзіць яшчэ 104 беларусаў, якія святкавалі за мяжою Дзень Волі
2024.05.16 17:02

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў