«Выходзіць з машыны і кантраляваць чаргу». Якая сітуацыя на мяжы Беларусі перад выходнымі


Сітуацыя на памежных пераходах Беларусі з краінамі Еўрапейскага Звязу – Латвіяй, Літвой і Польшчай – застаецца напружанай. Пра гэта ў сваіх паведамленнях пішуць карыстальнікі памежных чатаў.

чарга на мяжы
Чарга на мяжы.
Фота: 1pinsk.by

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, станам на 18:00 паводле беларускага часу выезду ў Латвію ў памежным пункце «Грыгароўшчына» чакалі 10 аўтамабіляў, у Літву 20 у «Каменным Логу» і 30 «Беняконях». Яшчэ 350 плануюць выехаць у Польшчу праз «Берасце».

У зваротны бок стаіць прыкладна каля 185 аўто ў «Патэрніеках», у «Мядзіннінкаі» – каля 100, «Шальчынінкаі» – каля 110 і ў Тэрэспалі каля 300. Чэргі расцягнуліся на 1,5 – 2 кіламетры.

Паводле карыстальнікаў чатаў, пры выездзе з Беларусі ў Літву на аўтобусе можна прастаяць на мяжы ад 2,5 да 3,5 гадзінаў. Кажуць, што транзітныя аўтобусы, якія едуць у Польшчу праз Мар’ямпале, праз літоўскую мяжу праходзяць хутчэй.

Назад стаянне можа быць як меншым (дзве гадзіны), так і большым (тры гадзіны затрымання). Галоўная асаблівасць праходжання мяжы – нестабільнасці плыні пропуску аўто.

На мяжы з Польшчай (у абодва бакі) аўтобусы праводзяць на мяжы ад 8 да 16 гадзінаў. А вось легкавікі могуць прастаяць і да 21 гадзіны.

Аўтобусы як латарэя

На праходжанне мяжы, акрамя ўласна працы памежнікаў і колькасці аўто каля яе, уплываюць і іншыя фактары. Як то правяранне пасажыраў на правоз прадуктаў на мяжы з Літвой. Хтосьці кажа, што літоўскія памежнікі не правяралі іх зусім, а хтосьці – што агляд быў «напоўніцу».

Паведамляюць людзі і пра затрыманні ад дзеянняў беларускіх памежнікаў. Напрыклад, час марнуецца на рэнтген аўтамабіля, які яны робяць. Або аўтобусы чакаюць пасажыраў, якіх павялі на «размову».

Аднак больш за ўсё скаргаў на тых, хто спрабуе праехаць мяжу, не адстаяўшы ў чарзе.

«Усе, акрамя кіроўцы, выходзіць з машыны і кантраляваць чаргу. Не даваць укліньвацца. Калі ўсё адно лезуць і едуць на людзей, здымаць на відэа і адразу выклікаць паліцыю», – раяць карыстальнікі чатаў.

Паводле іх, калі такіх несумленных кіроўцаў не пускаюць, то і «чарга рухаецца добра».

Асобная тэма абмеркаванняў – гэта аўтобусы. Кажуць, што яны едуць паўпустымі і таму ў іх можна падсесці, каб хутчэй прайсці мяжу. Праўда, не ўсе кіроўцы аўтобусаў гатовыя браць новых пасажыраў. «Дый усе гэтыя перасадкі, як латарэя», – заяўляюць у чатах, паведамляючы, што можна сесці ў аўтобус, які затрымаецца на мяжы даўжэй за папярэдні.

Hавiны
У Беларусь не пусцілі замежніка з-за карцінак пра вайну і палітыкаў
2024.06.15 21:32

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў