Ціханоўская абмеркавала дапамогу палітвязням і рэпрэсаваным з Нідэрландамі і экс-прэм’ерам Брытаніі


Падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў швейцарскім Давосе выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская правяла мноства сустрэчаў з лідарамі еўрапейскіх краінаў, ад Іспаніі да Ліхтэнштэйну. Офіс Ціханоўскай расказаў яшчэ пра дзве сустрэчы.

Міністр замежных справаў Нідэрландаў Вопке Гукстра і выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Давос, Швейцарыя. 21 студзеня 2022 года. 
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская і міністр замежных справаў Нідэрландаў Вопке Гукстра абмеркавалі дапамогу для беларускіх грамадскіх ініцыятываў і рэпрэсаваных. Ціханоўская расказала яму сярод іншага пра праблемы з дакументамі ў беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіі і не могуць разлічваць на дапамогу дзяржавы, пра кансультацыі наконт падарожных дакументаў для беларусаў на тэрыторыі Еўразвязу.

Таксама Ціханоўская адзначыла неабходнаcць прыцягнення да адказнасці рэжыму не толькі за ваенныя злачынствы ва Украіне, але і за тэрор на працягу апошніх 28 гадоў. Гэтая тэма сыходзіць з парадку дня, і трэба нагадваць пра сувязь паміж рэпрэсіямі і вайной, расказала яна нідэрландскаму міністру.

Ціханоўская папрасіла павялічыць дапамогу беларусам у межах праграмы нідэрландскага МЗС MATRA і зрабіць гэтыя праграмы дастаткова эластычнымі, каб дапамога даходзіла да ініцыятываў таксама ўнутры краіны. Яна падзякавала за выдачу візаў у Менску праз партнёрскія кансуляты: цяпер да 10 % візаў выдаюцца Нідэрландамі.

Гукстра запэўніў, што Нідэрланды не будуць уводзіць візавы бан супраць беларусаў, яны адрозніваюць беларусаў ад рэжыму. Ён таксама запрасіў Ціханоўскую ў Нідэрланды абмеркаваць практычныя змены ў стратэгіі па Беларусі, і дапамогу Нідэрдандаў рэпрэсаваным беларусам.

Святлана Ціханоўская і былы прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Тоні Блэр. Давос, Швейцарыя. 21 студзеня 2022 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас Давоскага форуму Святлана Ціханоўская сустрэлася з былым прэм’ерам Аб’яднанага Каралеўства сэрам Тоні Блэрам, які ўзначальваў брытанскі ўрад з 1997 года па 2007-ы і дагэтуль застаецца ў брытанскай палітыцы, а таксама кансультуе замежныя кампаніі і кіраўнікоў дзяржаваў.

Ціханоўская распавяла пра эскалацыю рэпрэсіяў і перадала прэм’еру бачанне магчымых сцэнароў перамоваў па вызваленні палітвязняў Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што палітвязні — закладнікі рэжыму, і іх вызваленне з’яўляецца прыярытэтам для дэмакратычнага руху.

Таксама папрасіла Інстытут Тоні Блэра арганізаваць публічныя ці непублічныя кансультацыі ў вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі з удзелам палітыкаў і экспертаў па Ўсходняй Еўропе. Яна прапанавала Блэру разгледзець магчымасць асабістага ўдзелу ў ролі медыятара па вызваленні людзей з турмаў, і паўдзельнічаць у кансультацыі дэмакратычных сілаў у правядзенні палітычных і эканамічных рэформаў у Беларусі.

Hавiны
«Ганаруся беларускім бізнесам». Што Ціханоўская сказала ў Давосе і пра што там пыталі беларусаў
2023.01.19 19:23

За тыдзень Ціханоўская двойчы выступіла на Сусветным эканамічным форуме, а таксама правяла мноства сустрэчаў. Офіс Ціханоўскай пералічвае: яна сустрэлася з з каралём Бельгіі, князем Ліхтэнштэйна, прэзідэнткай Малдовы, віцэ-прэзідэнткай Еўрапейскай камісіі, прэм’ерам і герцагам Люксембурга, прэм’ерам Бельгіі, прэм’ерам Ірландыі, прэм’ерам і міністрам замежных справаў Іспаніі, прэзідэнтам Швейцарскай Нацыянальнай Рады, кіраўніком Міжнароднай арганізацыі працы, ​кіраўнікамі Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, міністрам замежных справаў Нідэрландаў. Таксама яна дала інтэрв’ю еўрапейскім і амерыканскім медыям.

На сустрэчах Ціханоўская заклікала трымаць Беларусь на парадку дня, адрозніваць беларусаў і рэжым, падтрымліваць рэпрэсаваны беларускі бізнес, шукаць шляхі для вызвалення палітычных вязняў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў