Не ўсё было кепска. Добрыя навіны Беларусі ды свету за тыдзень


Цяпер у медыях мала нагоды для радасці, але мы штотыдзень упарта шукаем для вас добрыя навіны. Са спадзевам, што яны змогуць натхніць вас на добрыя ўчынкі ці падказаць новыя ідэі.

Чалавек-павук цяпер у Кітаі. Ён трапіў на відэа, калі ратаваў хлопчыка

У правінцыі Цзян-Су мужчына сярэдніх гадоў спрытна ўскарабкаўся па вадасцёкавай трубе, каб трапіць на другі паверх, дзе плакаў хлопчык, які выпаў з акна. Мужчына дабраўся да дзіцяці і абвязаў яго вяроўкай, спушчанай бацькамі малога, і дапамог ім падняць хлопчыка. Здарэнне трапіла на відэа:

Як і ў коміксе пра чалавека-павука, мясцовыя медыі не змаглі ідэнтыфікаваць супергероя. Але вядома, што дзіця атрымала толькі некалькі драпінаў. Хэпі-энд.

Добрая, хаця і крыху сумная, навіна з Беларусі

Беларус стварыў праект kut.pub для тых, хто не хоча забываць свае найдаражэйшыя куткі айчыны. Вы можаце самі зрабіць свой плакат з картай Беларусі. Абіраеце некалькі галоўных населеных пунктаў з вашага жыцця – яны будуць вылучацца на карце, што згенеруе для вас сайт.

Наш журналіст выпрабаваў сістэму ды набыў сабе цэлыя 2 плакаты з роднымі мясцінамі для сябе ды сяброў за $ 9,99.

Такі мінімалістычны стылёвы плакат можа стаць аздобаю інтэр’еру, выяву можна надрукаваць на кубку і падараваць сябру, або паставіць застаўкаю на тэлефоне.

Плакат з картай Беларусі. Ілюстрацыя з сайту kut.pub

81-гадовы мужчына на тыдзень захрас з машынаю ў сумёце. Ён выжыў дзякуючы салодкім прысмакам

Гэта гісторыя – сцэнар для яшчэ аднаго фантастычнага фільму. 81-гадовы мужчына жыў амаль тыдзень у аўце, бо захрас у снежнай гурбе. Ён выжыў дзякуючы круасанам ды цукеркам. Гісторыя адбылася ў Каліфорніі.

Пазадарожнік мужчыны, што быў часткова засыпаны снегам у Каліфорніі. Мужчына прабыў у ім амаль тыдзень.
Фота: Каліфарнійскі дарожны патруль

Матэматык і былы працаўнік NASA Джэры Джурэт (Jerry Jouret) быў апрануты толькі ў лёгкую куртку. Лёгкая коўдра ды ручнік былі адзінымі ягонымі рэчамі, каб накрыцца. Джэры ашчаджаў аўтамабільны акумулятар ды бензін цягам некалькіх дзён, часам запускаў для прагрэву рухавік. Час ад часу ён апускаў акно, каб паесці снегу, але на трэці дзень батарэя аўта разрадзілася падчас закрывання акна.

Падчас пошукаў адзін з пілотаў верталёта заўважыў дах аўтамабіля ды руку, што махала з невялікай адтуліны ў акне.

Цуд, але мужчыну выпісалі з лякарні ў той жа вечар. У яго было толькі абязводжванне.

Мядзведзь 20 гадоў прасядзеў у маленечкай клетцы пры рэстарацыі, каб на яго глядзелі наведнікі

Але гісторыя мае добры канец.

Мядзведзя Марка ратуюць з рэстарана ў Тыране, Албанія. Ён будзе перавезены ў Аўстрыю. Ілюстрацыя: theepochtimes.com

«Рэстаранных» мядзведзеў забіраюць з дзікай прыроды яшчэ маленькімі. Іх трымаюць у рэстаранах, барах, гатэлях ці іншых грамадскіх месцах адпачынку для забаўкі наведнікаў. 

Ратавальнікі з арганізацыі «Чатыры лапы» даўно дамагаюцца вызвалення мядзведзя Марка з Албаніі. Вызваліўшы яшчэ 130 мядзведзяў па ўсёй Еўропе, яны імкнуцца абмежаваць неправамерны адлоў дзікіх жывёлаў для забаўкі або камерцыйнага выкарыстання, напрыклад, для вырошчвання жоўці. 

Першапачаткова Марк жыў з сястрой Лізай, іх набыла рэстарацыя ў дзяцінстве пасля таго, як іх маці была застрэлена. Два гады таму Ліза памерла, пасля чаго Марк няспынна плакаў.

Мядзведзя Марка ратуюць з рэстарана ў Тыране, Албанія. Ён будзе перавезены ў Аўстрыю. Ілюстрацыя: theepochtimes.com

Мядзведзю нарэшце пашчасціла, яго забралі ў мядзведжы запаведнік у Аўстрыі, дзе будуць займацца яго здароўем.

А як вы ставіцеся да жывёлаў у няволі?

Інавацыйнае рашэнне «на роўным месцы», што ашчаджае тысячы долараў

У Брытаніі прыдумалі абаграваць басейны з дапамогай дата-цэнтраў. А цяпер тлумачым што мы напісалі. Дата-цэнтры – серверы памерам, напрыклад, з лядоўню, яны выкарыстоўваюцца для захоўвання ды апрацоўвання вялікай колькасці дадзеных. Цяпло, што дае такі сервер, прыдумалі выкарыстоўваць для абагрэву басейнаў. Гэта дазваляе ашчаджаць тысячы долараў.

Дата-цэнтры – серверы, што выкарыстоўваюцца для захоўвання ды апрацоўвання вялікай колькасці дадзеных.
Фота: datacenterknowledge.com

Цэнтры апрацоўвання дадзеных нясуць вялізныя выдаткі дзеля падтрымання сервераў у прахалодным стане. Іх будуюць пад вадой і нават у пячорах – усюды, дзе прыроднае асяроддзе іх можа астудзіць. Дарэчы, у Даніі ды Швейцарыі цяпло накіроўваюць у жылыя дамы.

Ужо 7 басейнаў у Брытаніі «падпісаліся» на такі інавацыйны абагрэў вады. Гэта выгадна ўсім, у тым ліку і навакольнаму асяроддзю. Таму гэтая тэхналагічная задума – дакладна добрая навіна.

Еўрапейская камісія ідзе на павадку ў сабакаў

Крыніца фота: Толга Акмэн (Tolga Akmen) /AFP via Getty Images

У Бруселі разглядаюць пытанне, каб дазволіць працаўнікам прыводзіць на працу сваіх хатніх жывёлінаў.

Установы ЕЗ лічацца перадавымі з гледзішча кадравай палітыкі, дый многія міжнародныя кампаніі ўжо дазваляюць працаўнікам прыводзіць на працу сваіх хатніх жывёлінаў.

А ці могуць хатнія жывёліны быць на вашай працы?

Авечкі дапамагаюць археолагам захаваць старажытныя руіны ў Пампеях

Авечкі ядуць траву ў рамках ініцыятывы дзеля абароны старажытных руінаў у Пампэях.
Фота: Гуллельма Манджапанэ (Guglielmo Mangiapane) /Reuters

Вядомы факт, але прыгадаем: Пампэі – рымскі горад, што быў пахаваны падчас катастрафічнага выбуху Вэзувію ў 79 годзе нашае эры.

Раскопкі гораду пачаліся ў 1748 годзе, там шукалі іншы горад. Тады цікавілі толькі знаходкі, што мелі мастацкую каштоўнасць, іншыя знішчаліся.

Раскопкі ідуць і цяпер. Трава ды іншыя расліны растуць на сценах старажытных будынкаў ці ўсярэдзіне – гэта руйнуе старажытныя пабудовы. Статак са 150 авечак быў спецыяльна прывезены ў мясціну, зачыненую для наведнікаў, дзе ідуць працы навукоўцаў. Авечкі дапамагаюць ашчаджаць грошы і захоўваць ландшафт.

Дарэчы, археолагі знайшлі толькі каля дзвюх трацінаў гораду.

Спадзяёмся, у нас атрымалася падняць вам настрой. Добрых вам выходных!

АА belsat.eu

Стужка навінаў