ГУБАЗіК паабяцаў неўзабаве прызнаць некаторыя Telegram-рэсурсы «экстрэмісцкімі фармаваннямі»


Начальнік аддзелу ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі ў эфіры тэлеканала СТВ паведаміў аб планах па крымінальнаму пераследу адміністратараў і актыўных удзельнікаў пратэставых Telegram-рэсурсаў.

Паводле Арлоўскага, цяпер існуе 327 «дэструктыўных» Telegram-каналаў і Telegram-чатаў.

«У нас ёсць, вядома ж, у распрацоўцы такія рэсурсы, якія ў самы бліжэйшы час, літаральна ў самыя бліжэйшыя дні, будуць прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Адпаведна, паўстане пытанне пра крымінальны пераслед іх стваральнікаў, адміністратараў, актыўных удзельнікаў, якія сваімі репостамі, рознымі злівамі, перапублікацыямі і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на іх папулярызацыю сярод насельніцтва, а адпаведна, на прычыненне шкоды інтарэсам нацыянальнай бяспекі нашай краіны… Вось да іх паўстане пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці», – заявіў ён.

Арлоўскі заявіў, што стваральнікі пратэставых Telegram-рэсурсаў, якія знаходзяцца за мяжой, калі-небудзь «раскаюцца і вернуцца ў нашу краіну».

«Але не будзем забываць і пра тых, хто, знаходзячыся ў гэтай краіне, у нашай Беларусі, дапамагае ім і фінансаваннем, і арганізацыйна, дапамагае і прадастаўленнем інфармацыі, якая дэзынфармуе насельніцтва. Таму ў першую чаргу мы будзем працаваць супраць тых, хто знаходзіцца ў нашай краіне», – дадаў ён.

Арлоўскі пры гэтым адзначыў, што проста чытаць пратэставыя Telegram-каналы можна, за гэта ніякіх прэтэнзіяў быць не можа, «але пры ўмове, калі яны ніякім чынам не ўдзельнічаюць у развіцці гэтых экстрэмісцкіх інфармацыйных рэсурсаў». Праўда, адначасова ён дадаў, што «падпіска – гэта ўжо элемент удзелу ў папулярызацыі».

Нагадаем, словы «экстрэмізм» і «дэструктыўная дзейнасць» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў і іншадумства.

Аналітыка
За падпіску на Telegram-каналы (пакуль) не пасадзяць. Што насамрэч мяняе пастанова пра «экстрэмізм»
2021.10.15 11:04

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў