Пра што сведчаць тэмпы контрнаступу ЗСУ? Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце 


Пасля таго як 10-12 чэрвеня стала вядома пра паспяховае прасоўванне ўкраінскіх вайскоўцаў і вызваленне шэрагу паселішчаў у інфармацыйным полі наступіла адноснае зацішша. Звестак пра падзеі на фронце ў апошнія дні паступае вельмі мала, пра вызваленне новых населеных пунктаў не паведамляецца. Аднак гэта не значыць, што контрнаступ ЗСУ прыпыніўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dave Clark / AFP / East News

Чаго дасягнулі ЗСУ

Па стане на 16 чэрвеня ЗСУ праводзяць наступальныя аперацыі на трох участках фронту:

  • на флангах у раёне Бахмуту – аперацыя тут пачалася яшчэ ў сярэдзіне траўня. Украінскае наступленне на гэтым участку мае абмежаваны характар і, хутчэй за ўсё, разлічана на адцягванне ўвагі расейскага камандавання;
  • у заходняй часткі Данецкай вобласці на мяжы з Запарожскай – актыўныя баявыя дзеянні тут вядуцца з 4 чэрвеня. Украінскае камандаванне ў зводках называе гэты ўчастак Бердзянскім кірункам. Расейскія крыніцы выкарыстоўваюць назвы Урэмеўскі выступ, Паўднёва-Данецкі кірунак, Валнавахскі або Вуглядарскі напрамак;
  • у заходняй часткі Запарожскай вобласці – тут аперацыя пачалася 8 чэрвеня. Гэты ўчастак знаходзіцца на поўдні і паўднёвым захадзе ад гораду Арэхаў (кантралюецца ЗСУ), таму расейскія крыніцы часцей за ўсё яго называюць арэхаўскім участкам або часам Мелітопальскім кірункам. Украінскі бок называе гэты раён Такмацкім кірункам або чамусьці Марыупальскім (хаця Марыупаль знаходзіцца даволі далёка, у суседняй вобласці).

Найбольшых поспехаў ЗСУ дасягнулі ў заходняй часткі Данецкай вобласці на мяжы з Запарожскай. Менавіта тут за 10-11 чэрвеня было вызвалена як мінімум пяць, а па іншых звестках шэсць паселішчаў.

Намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба ЗСУ брыгадны генерал Аляксей Громаў 15 чэрвеня заявіў, што агулам на працягу апошняга тыдня былі вызвалены 7 населеных пунктаў у Данецкай і Запарожскай абласцях. Украінскія вайскоўцы прасунуліся ў глыбіню да 3 км у раёне населенага пункта Малая Такмачка (заходняя частка Запарожскай вобласці) і да 7 км на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі (заходняя частка Данецкай вобласці). Украіна здолела вярнуць пад свой кантроль больш як 100 квадратных кіламетраў тэрыторыі.

Намесніца міністра абароны Ганна Маляр увечары 15 чэрвеня распавяла, што на Бердзянскім і Марыупальскім кірунку прасунуліся яшчэ прыкладна на кіламетр. 16 чэрвеня спікер Генштабу ЗСУ Андрэй Кавалёў паведаміў пра поспехі ў раёне Вуглядару, наступальныя дзеянні ў кірунках Наваданілаўка-Рабоціна (Запарожская вобласць) і Леваднае-Старамаёрск (на мяжы Запарожскай і Данецкай вобласці).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / Easy News

Такім чынам, контрнаступ трывае, але камандаванне ЗСУ прызнае, што яны сутыкаюцца з «магутным супрацівам ворага». Аналагічным чынам характарызуе сітуацыю старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі: «Украіна пачала наступаць – і яны паступова рухаецца наперад. Гэта вельмі цяжкая бітва».

Прасоўванне ЗСУ пацвярджаюць і незалежныя аналітыкі – у прыватнасці, Інстытут вывучэння вайны (ISW). Эксперт брытанскага Каралеўскага інстытуту абʼяднаных даследаванняў (RUSI) Джэк Уотлінг у сваім артыкуле за 14 чэрвеня адзначае, што ўкраінцы здолелі прарваць першую лінію абароны на шырокім участку фронту, аднак да асноўнай абарончай лініі ім яшчэ далёка.

Што цяпер адбываецца

11 чэрвеня стала вядома пра тое, што ўкраінцы занялі сяло Макараўка. Гэтаму паселішчу, імаверна, расейцы надаюць вялікае значэнне, бо бачаць у ім зручны плацдарм для прарыву сваёй галоўнай лініі абароны. Праз гэта днём 12 чэрвеня расейская армія распачала разлютаваныя контратакі, каб выбіць украінцаў з Макараўкі. Дасягнуць гэтага ў агрэсара не атрымалася. Аднак ЗСУ ў сваю чаргу пакуль не ўзялі Старамлынаўку, Старамаёрскае і Уражайнае, чаго напачатку тыдня асцерагаліся Z-каналы.

Аналітыка
Контрнаступ ЗСУ набірае абароты. Чаго чакаць далей?
2023.06.12 19:33

Наконт таго, што цяпер адбываецца на поўдні, звестак мала і часцяком яны даволі супярэчлівыя. Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец піша, што расейцы зноў контратакуюць, спрабуючы адціснуць ЗСУ ад Старамаёрску і Уражайнага. Расейскі ваенкор-прапагандыст Сямён Пегаў (WarGonzo) сцвярджае, што цяпер каля Старамаёрску і Уражайнага ідуць сустрэчныя баі. Іншыя Z-каналы кажуць толькі пра атакі ЗСУ, называючы яшчэ адну лакацыю – Раўнаполле. Канстанцін Машавец фактычна пацвярджае інфармацыю наконт прасоўвання каля Раўнаполля, указваючы на тое, што ўкраінцы выйшлі ў ваколіцы сяла Прыютнае. Таксама, паводле ўкраінскага эксперта, расейцы адчуваюць «значны ціск» каля Навамаёрску і Наваданецкага. Набліжаны да Мінабароны РФ Telegram-канал «Рыбарь» у сваю чаргу паведамляе, што сітуацыя на Урэмеўскім выступе застаецца «дастаткова напружанай».

З раніцы 16 чэрвеня расейскія ваенкоры-прапагандысты пішуць пра новыя атакі ЗСУ на захадзе Запарожскай вобласці ў Васільеўскім раёне на ўчастку Лабковае-Пяціхаткі. Аднак пакуль праверыць гэтыя звесткі немагчыма.

У цэлым, падобна на тое, што за апошнія чатыры дні ні на адным з участкаў наступлення ЗСУ істотна не прасунуліся, а ўсе сем вызваленых паселішчах былі занятыя яшчэ напрыканцы мінулага тыдня.

Канстанцін Машавец мяркуе, што ў некалькі месцах першая лінія абароны расейцаў ужо прарваная і цяпер праціўнік прыкладае максімальныя намаганні, каб не даць ЗСУ выйсці да галоўнай лініі абароны. «Значных прарываў» ЗСУ ў паўднёвай аперацыйнай зоне эксперт у бліжэйшыя дні не прагназуе. Аднак Машавец лічыць, што на дадзеным этапе не гэта галоўнае – галоўнае каб расейцы растрацілі свае рэзервы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / Easy News

Акрамя таго, прадстаўнікі ЗСУ кажуць, што расейцы таксама вымушаны перакідваць асобныя аддзелы з поўдня і іншых участкаў фронту на ўсход Украіны, каб узмацніць сваю абарону ў раёне Бахмуту.

З якімі праблемамі сутыкаюцца ЗСУ

Украіна свае асноўныя рэзервы яшчэ ў бой не ўвяла. Гэтая акалічнасць дае ўкраінскім уладам магчымасць казаць, што «мы яшчэ не пачыналі контрнаступленне як такое» – адпаведную заяву 15 чэрвеня зрабіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхаіл Падаляк. Паводле яго, цяпер ЗСУ прасоўваюцца ў тэставальным рэжыме, каб выявіць слабыя месцы праціўніка.

Разам з тым, яшчэ ў першыя дні наступальнай аперацыі амерыканскі тэлеканал CNN паведамляў са спасылкай на свае крыніцы ва ўладных структурах, што ЗСУ сутыкнуліся з больш сур’ёзным супрацівам, чым чакалася. Немагчыма сказаць, ці сапраўды такога супраціву ўкраінскае камандаванне не чакала. Але цяжка спрачацца з тым, што пакуль наступленне мае хутчэй характар «прагрызання» расейскай абароны, чым імклівага прарыву.

На гэта ёсць некалькі прычынаў. Аналітыкі ISW лічаць, што важную ролю тут згулялі поспехі расейскіх вайскоўцаў у арганізацыі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). РЭБ перашкаджае ЗСУ выкарыстоўваць высокадакладныя боепрыпасы з навядзеннем па GPS-каардынатам і моцна парушае радыёсувязь падраздзяленняў.

Акрамя таго, украінскае камандаванне шмат наракае на тое, што ЗСУ на поўдні сутыкаюцца з суцэльным мініраваннем палёў. «Таму вельмі цяжка прасоўвацца», – заявіла 14 чэрвеня Ганна Маляр. Магчыма таксама на тэмпы аперацыі ўплываюць дажджы, якія мелі месца на поўдні Украіны – праўда, на надвор’е скардзяцца ў асноўным Z-каналы.

Тэмпы прасоўвання ЗСУ ў некаторых назіральнікаў выклікаюць занепакоенасць – напрыклад, пра гэта заявіў экс-камандуючы Аэрамабільнымі (дэсантна-штурмавымі) войскамі Украіны Іван Якубец. Паводле яго, калі часам заяўляецца пра прасоўванне 100-300 метраў – гэта азначае, што фактычны вайскоўцы топчуцца на месце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

«Калі мы такімі тэмпамі будзем развіваць наступ і далей, то нам будзе вельмі нядобра. Тут працуе звычайны закон фізікі: s (адлегласць) раўно v (хуткасць) памножаная на t (час). Справа ў тым, што калі мы хочам прасунуцца на большую глыбіню, нам трэба дадаць аб хуткасці, або выдаткаваць больш часу. Але чым больш часу мы трацім на прасоўванне, тым больш мы будзем несці стратаў, тым большай будзе цана перамогі», – заявіў ён у эфіры Radio NV.

Высновы рабіць рана

Разважанні Івана Якубца выглядаюць абгрунтавана, але гэта не азначае, што тэмпы контрнаступу не могуць змяніцца, і што «прагрызанне» нарэшце не пераўтворыцца ў імклівы прарыў.

Аналітыкі ISW настойваюць на тым, што сітуацыю на цяперашнім этапе не варта экстрапаляваць на прагнозы наконт выніку контрнаступлення. Паводле амерыканскіх экспертаў, апошнія падзеі на Запарожскім фронце не адлюстроўваюць ні поўны аб’ем наступальных магчымасцях ЗСУ, ні абароназдольнасць расейскага войска. У Інстытуце вывучэння вайны лічаць, што пакуль ЗСУ працягваюць весці пачатковую фазу контрнаступу, якая мусіць стварыць умовы для вырашэння больш маштабных задач.

Аналітык аўтарытэтнага брытанскага Каралеўскага інстытуту абʼяднаных даследаванняў (RUSI) Джэк Уотлінг мяркуе, што цяперашнімі атакамі адначасова на шэрагу ўчасткаў ЗСУ хочуць прымусіць расейцаў кінуць у бой рэзервы і праявіць слабыя месцы ў абарончых лініях. Пры гэтым расейцы не павінны здагадацца, дзе будзе нанесены галоўны ўдар.

«У нейкі момант украінцам трэба будзе вырашыць, куды накіроўваць асноўныя штурмавыя падраздзяленні, і наступ пяройдзе ў вырашальную фазу», – тлумачыць Уотлінг. Аднак гэтае рашэнне мусіць быць заснавана не на зафіксаваным графіку, а на ўмовах, якія цяпер украінскія вайскоўцы спрабуюць стварыць на фронце.

Калі ЗСУ ўвядуць у бой асноўныя сілы, то ўжо на гэтай стадыі хуткасць прасоўвання будзе мець ключавое значэнне. У выпадку поспеху трываласць расейскай абароны можа хутка разбурыцца, мяркуе Уотлінг.

«Нявызначанай зменнай у цяперашнім наступленні зʼяўляецца расейскі маральны дух», – дадае ён.

Такім чынам, рабіць высновы наконт эфектыўнасці контрнаступлення і ягонай будучыні ўсё яшчэ занадта рана. Ні вызваленне ЗСУ шэрагу малых паселішчаў, ні вельмі сціплыя тэмпы прасоўвання самі па сабе нічога не значаць. Нават на расейскім баку некаторыя вайсковыя блогеры і эксперты вымушаны прызнаваць, што папярэднія высновы наконт контрнаступу можна будзе зрабіць толькі ў канцы месяцы, а канчатковыя – хіба што восенню.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў