Сенат Чэхіі прызнаў беларускія ГУБАЗіК і КДБ арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў транзіце ўлады Павел Латушка паведаміў 15 лютага аб прызнанні Сенатам Чэхіі «арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм» Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі і Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец ГУБАЗіК.
Фота: канал ГУБАЗіК / Telegram

У чэшскіх медыях гэтае галасаванне не згадваюць, але на сайце Сенату Чэхіі пазначана, што 15 лютага была прынятая адпаведная рэзалюцыя «Аб працягу ў Беларусі палітычных рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці», а ў праекце рэзалюцыі сярод іншага значылася рэкамендацыя Сенату да чэшскага ўраду ўвесці санкцыі да супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК, якія прызнаюцца «арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм». За гэтую рэзалюцыю прагаласавалі 39 сенатараў з 41.

«Да абвяшчэння выканаўчай уладай Чэхіі згаданых карных структураў Лукашэнкі тэрарыстычнымі засталося зрабіць адзін крок, – піша Павел Латушка пра тое, што пасля Сенату рашэнне за ўрадам Чэхіі. – Гэта важная падзея для ўсіх нас, якая была б немагчымай без планамернай працы юрыстаў і дыпламатаў прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі па транзіце ўлады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення».

Сенат Чэхіі цяпер канстатуе, што КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для рэпрэсіяў, пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі. Згадваюцца таксама захоп Беларуссю самалёту «Ryanair» у 2021 годзе, саўдзел Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну, крымінальны пераслед за нязгоду з гэтым саўдзелам, закрытыя суды і смяротнае пакаранне, амаль паўтары тысячы палітычных зняволеных.

Заклік прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі ў снежні 2022 года прыняў таксама Сейм Літвы.

Hавiны
Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі
2023.02.14 19:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў