У Беларусі ўраганны вецер. 2 чалавекі загінулі. Што яшчэ вядома?


У Беларусі сёння абвешчанае штармавое папярэджанне. Міністэрства надзвычайных сітуацыяў паведаміла пра аранжавы ўзровень небяспекі. Вядома пра 2 загінулых у выніку ўраганнага ветру. Апроч таго ў Менску прайшла залева, дзясяткі дрэваў былі паваленыя, шэраг будынкаў і транспартавых сродкаў былі пашкоджаныя. «Белгідрамет» папярэджвае пра ўраганны вецер у Магілёве і вобласці хуткасцю да 33 м/с. Мы паспрабавалі сабраць звесткі, што адбылося на гэты момант у краіне.

Наступствы навальніцы ў Беларусі 12 траўня 2022 года.
Фота: mchs.gov.by

У Менску была навальніца са шквальным ветрам і сапраўднай залевай. У сталічным аддзяленні МНС паведамілі пра дзясяткі паваленых дрэваў, некалькі пашкоджаных будынкаў і аўтамабіляў. На жаль, стала вядома, што днём на вуліцы Каліноўскага ад паваленага дрэва загінула 38-гадовая жанчына. Медыкі, якія прыбылі на месца здарэння, не змаглі рэанімаваць пацярпелую.

Наступствы навальніцы ў Менску 12 траўня 2022 года. Загінула жанчына.
Фота: belta.by

«Белгідрамет» паведаміў, што хуткасць ветру ў сталіцы сягала 24 м/с. На горад абрынулася моцная залева.

У Менскай вобласці таксама паведамляюць пра ўраганны вецер, паваленыя дрэвы і пашкоджаныя ЛЭП, ёсць інфармацыя пра перабоі з электрычнасцю.

Таксама моцна пацярпела ад стыхіі Берасцейская вобласць. Выданне «Виртуальный Брест» паведамляе, што сёння некалькі разоў ратаўнікам прыходзілася ачышчаць горад ад паваленых дрэваў, якія блакавалі гарадскія вуліцы. У тым ліку адно з дрэваў упала на паркоўку каля мясцовага ЦУМу.

Выданне паведаміла, што навальніца таксама прывяла да шэрагу аўтаздарэнняў на трасе М1.

У Віцебску і вобласці таксама было павалена шмат дрэваў і пашкоджаныя як мінімум 5 аўтамабіляў. Таксама паведамляюць пра пашкоджанне ЛЭП.

Яшчэ адно трагічнае здарэнне адбылося ў Салігорску. На машыну з будаўнікамі ўпала дрэва.

Будаўнічая арганізацыя залівала бетон у праваслаўнай царкве. Падняўся моцны вецер, і майстар даў указанне працоўным пакінуць тэрыторыю. Кіроўца бетонамяшалкі і арматурнік падняліся на аўтамабіль, каб ачысціць яго ад галля. У гэты момант на іх упалі два дрэвы.

Пацярпелых даставілі ў шпіталь. 30-гадовы арматурнік памёр у медычнай установе, 27-гадовы кіроўца ў цяжкім стане.

Наступствы навальніцы 12 траўня 2022 года.
Фота: mchs.gov.by

У Гомельскай вобласці паведамляюць пра мінімум 30 паваленых дрэваў і 16 лініяў электраперадач, абясточаных праз стыхію. Таксама МНС паведамляе пра пашкоджанне дамоў і аўтамабіляў у выніку падзення дрэваў.

У Горадні адваліўся кавалак сцяны шматпавярховіку і ўпаў на лабавое шкло прыпаркаванай машыны.

У Магілёўскай вобласці чакаецца самы моцны вецер. «Белгідрамет» сцвярджае, што хуткасць можа сягаць 33 м/с. Мясцовыя ўлады паведамляюць, што на 1,5 гадзіны могуць быць затрыманыя чыгуначныя рэйсы. Таксама быў пашкоджаны шэраг аб’ектаў сельскай гаспадаркі і сельскагаспадарчай інфраструктуры.

Наступствы навальніцы ў Беларусі 12 траўня 2022 года.
Фота: mchs.gov.by

«Белсат» працягвае сачыць за сітуацыяй.

ЗХ belsat.eu

 

Стужка навінаў