Санкцыі ў абмен на палітвязняў? Сваякі зняволеных прапануюць пачаць гандаль. Ці спрацуе?


Сваякі беларускіх палітвязняў выступілі з новай ініцыятывай наконт вызвалення зняволеных. У прыватнасці, прапануецца пайсці на саступкі рэжыму Лукашэнкі ў чуллівых для яго пытаннях. Разам з тым, ёсць сумневы наконт эфектыўнасці такіх крокаў і наконт згоды краінаў Захаду скасаваць санкцыі падчас расейскай вайны супраць Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Станам на 10 студзеня палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 1440 асобаў. Толькі за 2022 год праваабарончая супольнасць краіны надала такі статус 889 зняволеным. 70 асобаў пазбаўленыя волі на 10 і больш гадоў.

Няспынны рост колькасці палітвязняў выклікае крытыку ў бок кіраўніцтва дэмакратычных сілаў. Гэтак, Зянон Пазняк у абмен на вызваленне палітвязняў прапанаваў зняць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі, якія, на ягоную думку, неэфектыўныя і шкодзяць беларускаму народу.

«Захад мог бы прыняць беларускіх палітвязняў на сваёй тэрыторыі, бо рэжым іх знішчыць. Абгрунтаванне гэтага дзеяння такое: галоўнае − чалавек. Чалавек вышэй за ўсялякую санкцыю, тым больш, калі гэтая санкцыя супраць чалавека», – заявіў Пазняк.

Адказваючы на крытыку, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, муж якой асуджаны на 18 гадоў, распавяла, што «за апошнія два гады правяла сотні сустрэчаў, і на кожнай з іх казалі пра тое, як вызваліць палітвязняў, спыніць катаванні, рэпрэсіі, прынамсі, палепшыць умовы ў турмах». Але яна падкрэсліла, што не бачыць канкрэтных прапановаў, як яшчэ трэба дзейнічаць.

«Вы хочаце пачаць гандаль людзьмі? Тады агучце: кім? Як? Дзе? На якіх умовах? У якім парадку? Якія гарантыі? Што зрабіць, каб не пагоршыць праблемы? Абменьваць палітвязняў на зняцце санкцыяў? Фактычна – пераконваць Захад зняць санкцыі, якія былі ўведзеныя ў адказ на парушэнне міжнароднага права і пагрозу іх інтарэсам: захоп самалёта, міграцыйны крызіс, удзел у ваеннай агрэсіі?»

Паводле Ціханоўскай, рэжым ведае, што вызваленне палітвязняў і спыненне хаўрусніцтва ў вайне можа спыніць увядзенне санкцыяў і, магчыма, здыме некаторыя дзейныя. На ейную думку, «спыненне новых арыштаў і вызваленне хоць нейкай колькасці чалавек магло б стаць сігналам, што рэжым гатовы змяняць паводзіны і пачынаць дыялог», але крытычна важна, каб, адпускаючы адных, не бралі ў закладнікі іншых.

Захадаў недастаткова?

Тым не менш, сваякі палітвязняў і былыя палітвязні апублікавалі 10 студзеня зварот, у якім заявілі пра недастатковасць захадаў для вызвалення зняволеных, якіх, паводле іх, значна больш, чым прызнана праваабаронцамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля амбасады Беларусі ў Літве, дзе адбылася акцыя салідарнасці да дня палітвязня. На акцыі мелі слова праваабаронцы і былыя палітвязні, а таксама ўшанавалі памяць загінулага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка хвілінай маўчання. Вільня, Літва. 21 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Для вызвалення нашых блізкіх сёння робіцца недастаткова. Падзеі апошніх гадоў у Беларусі часта параўноўваюць з вайной і акупацыяй. Але нават падчас вайны ў палонных ёсць магчымасць вярнуцца дадому», – гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары адзначаюць, што за мінулыя 2,5 года былі толькі адзінкавыя выпадкі вызвалення палітвязняў:

«З аднаго боку, гэта сведчыць аб тым, што цяперашнія падыходы неэфектыўныя. Але з іншага боку, даказвае, што выратаванне вязняў рэжыму не ёсць невыканальнай задачай».

Паводле звароту, супрацьстаянне расейскай агрэсіі ва Украіне «не робіць праблему палітвязняў у Беларусі менш важнай». Сваякі палітвязняў заклікалі «лідараў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў у вызваленні палітвязняў, якія ўключаюць у сябе перамоўныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару». У сваю чаргу яны паабяцалі «прымаць актыўны ўдзел у распрацоўванні новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі».

Стварыць пляцоўку для перамоваў

У каментары «Белсату» адзін з аўтараў звароту і муж палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка адзначыў, што гэтая заява зробленая для таго, каб лідары заходняга свету «бачылі, што такая ініцыятыва ёсць і што ў нас ёсць план». Не называючы канкрэтных імёнаў і арганізацыяў, суразмоўца падкрэсліў: размовы на гэты конт «ужо былі».

Паводле яго, ініцыятыва плануе стварыць пляцоўку для перамоваў з рэжымам Лукашэнкі – «з дапамогай людзей з аднаго і другога бакоў». Адной з задачаў гэтай пляцоўкі стане ў тым ліку атрыманне інфармацыі пра тое, чаго хоча Лукашэнка ў абмен на вызваленне палітвязняў.

«Калі мы будзем ведаць, чаго за іх хочуць, мы тады пачнем размаўляць. З прадстаўнікамі рэжыму пакуль ніхто не размаўляў, бо палітыка іншых людзей [кіраўніцтва дэмакратычных сілаў Беларусі. – Рэд. Belsat.eu] – супрацьлеглая: ніякіх размоваў, ніякіх перамоваў».

На думку суразмоўцы, вызваленне палітвязняў будзе мець сэнс нават тады, калі рэжым і далей будзе працягваць браць новых закладнікаў.

«Бо гэта здароўе і жыццё людзей. Цяпер, калі нікога не вызваляюць, а людзей бяруць, іх [палітвязняў. – Рэд. Belsat.eu] усё адно робіцца больш. Так іх, можа, будзе рабіцца менш.  Па-другое, у гэтых перамовах, магчыма, будуць падымацца пытанні нейкага спынення гэтых рэпрэсіяў», – дадаў Лойка.

Акция солидарности с политзаключёнными в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дом і праваабарончы цэнтр «Вясна» зладзілі ў польскай сталіцы акцыю салідарнасці з палітычнымі зняволенымі. Варшава, Польшча. 10 снежня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Зацікаўленасць ёсць

Паводле суразмоўцы, перамогай будзе вызваленне нават 10 асобаў, «якім патрэбнае нармальнае жыццё, якія патрэбныя сваім родным, у якіх пагаршаецца здароўе і якія могуць не дажыць да свайго вызвалення». У якасці прыкладу Лойка прывёў абмен ваеннапалоннымі, што рэгулярна праводзіць Украіна. Разам з тым, беларускія дэмакратычныя сілы не маюць «палонных» з боку рэжыму, якіх яны маглі б абмяняць на палітвязняў. На гэтую заўвагу суразмоўца адзначыў, што «будуць мяняць на нешта іншае». Праўда, у самой ініцыятывы такіх рэсурсаў няма.

«Мы спадзяёмся, што мы створым перамоўную пляцоўку, на якой усе гэтыя пытанні будуць падымацца. Самае галоўнае – гэта зрабіць гэтую пляцоўку, каб адныя сказалі, што яны хочуць, а другія адказалі, што яны могуць даць», – заявіў Лойка.

Паводле яго, зацікаўленасці з абодвух бакоў на гэты конт існуюць.

Адносна ранейшых абяцанняў рэжыму вызваліць палітвязняў, у тым ліку і падчас амністыі 2022 года, суразмоўца мяркуе, што яны не былі рэалізаваныя, бо не было прапановы з боку Еўразвязу.  Гэта ў тым ліку звязанае з адмовай кіраўніцтва дэмакратычных сілаў весці перамовы з рэжымам, падкрэсліў прадстаўнік ініцыятывы. Зараз, спадзяецца ён, гэта можа адбыцца, бо «ёсць усе абставіны так казаць».

Чаго хоча Лукашэнка?

Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Нашае меркаванне», у каментары «Белсату» прывітаў стварэнне новай ініцыятывы, бо «гэта заўсёды вяртанне сабе суб’ектнасці, гэта дзеі, гэта не проста спадзевы, што нехта іншы за нас нешта зробіць». Але, дадаў, сакрэту ў тым, чаго хоча рэжым ад Захаду, няма:

  • каб Лукашэнку прызнавалі прэзідэнтам;
  • каб не было заходняй крытыкі і патрабаванняў дэмакратыі, свабодных выбараў і выканання правоў чалавека;
  • каб супраць Беларусі не ўжываліся санкцыяў;
  • каб унутры краіны беларусы не супраціўляліся аўтарытарнаму кіраўніцтву, а «моўчкі цярпелі».

Суразмоўца не ўпэўнены, што беларускае грамадства гатовае на такія ўмовы пагадзіцца, а перадусім – «тыя людзі, якія спрабавалі вылучацца кандыдатамі, змагацца за свае галасы, адстойваць правы чалавека ў Беларусі»: Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Бяляцкі ды іншыя.

Замест перамоваў новыя санкцыі?

Захад жа, дадаў палітычны аналітык, уводзіў санкцыі «далёка не толькі і не столькі праз тое, што ў Беларусі ёсць палітзняволеныя, але перадусім праз тое, што беларускі рэжым дазваляе сабе на замежнай арэне: і захоп самалёту «Ryanair», і ўдзел у вайне з Украінай, і мігранцкі крызіс».

«Падобна на тое, што рэжым Беларусі не можа гарантаваць, што гэтага можа не паўтарыцца. Таму не зразумела, чаму ж здымаць санкцыі», – мяркуе Мажэйка.

На ягоную думку, у такой сітуацыі ідэя «ўсё дараваць» у абмен на вызваленне палітвязняў не спрацуе. Як доказ, якраз 10 студзеня кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паабяцала новыя санкцыі ў дачыненні рэжыму ў Беларусі за падтрыманне расейскай агрэсіі ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш мудрасці ў Менску, Беларусь. 23 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

«Еўрапейскія палітыкі спасылаюцца не на тое, што вырасла колькасць палітзняволеных у спісе праваабаронцаў, а на тое, што цяпер найбольш актуальнае – на хаўрусніцтва ў вайне», – адзначыў аналітык.

Мажэйка паставіўся з разуменнем да спробаў сваякоў палітвязняў любым чынам вызваліць іх. Але падкрэсліў, што мэта не ў тым, каб «вызваліць тысячу палітвязняў, а замест яе праз нейкі час сядзе іншая тысяча»:

«Гэта палепшыць лёсы адных людзей, але глабальна нічога не зменіць. Глабальная мэта – каб не з’яўлялася палітвязняў».

Пры гэтым эксперт адзначыў, што, напрыклад, у Азербайджане, нават нягледзячы на адсутнасць санкцыяў і прызнанне прэзідэнтам Ільхама Аліева, «усё роўна палітвязні сядзяць» (100 асобаў станам на лістапад 2022 года). То бок, дадаў ён, зняцце санкцыяў не гарантуе паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека.

Трэба, каб усе баяліся

Мажэйка падкрэсліў, што аўтарытарныя кіраўнікі выпускаюць палітвязняў выключна таму, што ад іхнага вызвалення для рэжыму болей карысці, чым ад зняволення. Пры гэтым аналітык лічыць вельмі небяспечнай ідэю масавага выкупу палітвязняў, калі яны стануць крыніцай грошай для рэжыму, бо «фактычна будзе стварацца стымул набіраць новых і новых палітвязняў».

Агулам жа, дадаў суразмоўца, рэжым у Беларусі і яго сілавікі пакуль зацікаўленыя ў працягванні рэпрэсіяў, бо бачаць у гэтым механізм «захаваць уладу і пазбегнуць пратэстаў».

«Адпаведна, рэжым не бачыць, якую карысць ён атрымае, калі палітвязняў вызваліць, але дакладна бачыць рызыкі. І гэтыя рызыкі вышэйшыя за карысць», – мяркуе Мажэйка.

Асабліва гэта датычыць вызвалення «ўмоўных Бабарыкі, Калеснікавай, Статкевіча ці Севярынца», якіх рэжым не выпусціць «ані за ніякія грошы, ані за якую адмену санкцыяў, бо адчувае для сябе моцную палітычную пагрозу». Але і на вызваленне іншых палітвязняў, у тым ліку старых, маладых ці хворых, ён не ідзе, нават з гуманітарных прычынаў. Бо «трэба запужваць, каб бачылі, што садзяць не толькі лідараў, а садзяць кожнага – каб усе баяліся», заключыў эксперт.

Як доказ, стала вядома, што Лукашэнка адмовіў у памілаванні Соф’і Сапезе, затрыманай у траўні 2021 года падчас прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску, нягледзячы на тое, што ейны бацька пагасіў прызначаны ёй судом штраф на 175 тысяч рублёў.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў