Нагадвае патаваю сітуацыю. Тлумачым, што цяпер адбываецца з контрнаступам ЗСУ


Укліньванне ўкраінскіх вайскоўцаў у так званую «лінію Суравікіна», якое назіраецца з апошніх дзён жніўня, пакуль не пераўтварылася ў глыбокі прарыў. Расейцы за кошт эшаланаванай сістэмы абароны і перакідвання рэзерваў стрымліваюць націск ЗСУ, рэгулярна контратакуюць, аднак зрэзаць украінскі выступ на мелітопальскім кірунку таксама не здольныя. Belsat.eu тлумачыць, што азначаюць падзеі апошніх тыдняў і ці ёсць у Украіны шанец дасягнуць поспеху да канца году.

Паездка прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Харкаўскую вобласць, 3 кастрычніка 2023 г.
Фота: President Of Ukraine / Zuma Press / Forum

Гнуцца, але не ламаюцца

По стане на 4 кастрычніка ўкраінскі контрнаступ працягвае развівацца на двух кірунках – мелітопальскім і бахмуцкім.

Бахмуцкі кірунак у агульнай карціне контрнаступлення ЗСУ ад самага пачатку разглядаўся як другасны, прызначэнне якога – максімальна адцягваць увагу і рэзервы праціўніка. Вызваленне Клішчыеўкі і Андрэеўкі, якое адбылося 15–17 верасня, нічога ў гэтым сэнсе не змяніла. Мэлітопальскі кірунак у Запарожскай вобласці застаецца галоўным – тут Украіна мае найбольш шанцаў на дасягненне стратэгічнага поспеху.

Задача мінімум на мелітопальскім кірунку – вызваліць горад Такмак. Гэта ключавы лагістычны вузел, кантроль за якім дазволіць крытычна ўскладніць забеспячэнне паўднёвай групоўкі РФ і ў далейшым наступаць на Мэлітопаль. Каб дайсці да Такмаку трасаю 0408, ЗСУ мусяць вызваліць тры паселішчы: Навапрокапаўку, Ільчанкава і Салодкую Балку. А каб забяспечыць флангі падчас наступлення на Такмак, украінцам трэба вызваліць сяло Вэрбовае.

Мапа фронту ў Запарожскай вобласці.
Фота: War Mapper / Telegram

Яшчэ ў апошнія дні жніўня ЗСУ на мелітопальскім кірунку здолелі ўклініцца ў галоўную лінію расейскай абароны (так званую «лінію Суравікіна»). Цягам верасня ўкраінскія жаўнеры патроху пашыралі выступ паміж Вэрбавым і Навапрокапаўкай, аднак абрынуць расейскі фронт не здолелі. Ніводнага паселішча за гэты час вызвалена тут не было.

«Расейцы яшчэ здольныя весці арганізаваную абарону. Іх лініі гнуцца, але не ламаюцца. Выступ у раёне Работына–Вэрбавае, вядома, з’яўляецца праблемай для іх, але, здаецца, у іх дастаткова рэсурсаў, каб не даць сітуацыі выйсці з-пад кантролю», – падкрэсліваў у канцы верасня ў сваім аналітычным аглядзе фінскі вайсковы эксперт Эміль Кастэхэльмі (Emil Kastehelmi).

У канцы верасня – пачатку кастрычніку расейцы актывізавалі контратакі на мелітопальскім кірунку, каб зрэзаць выступ паміж Вэрбавым і Навапрокапаўкай.

«Праціўнік імкнецца любой цаной звузіць гэтае ўкліненне. У апошнія 2 дні ён быў вымушаны перайсці ад флангавых удараў да лабавых спроб адціснуць перадавыя ўкраінскія падраздзяленні з «вяршыні» ўклінення», – канстатуе прадстаўнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Канстанцін Машавец у аглядзе за 4 кастрычніка.

Паводле звестак «ІС», каля Навапрокапаўкі расейцы здолелі прасунуцца на 300 метраў, а заходней Вэрбавага звузілі ўкліньванне ЗСУ на 400 метраў. Істотным такі вынік назваць нельга, тым больш, што паралельна паўночна-заходней Вэрбавага ўкраінцы адкінулі праціўніка на 250 метраў, а заходней Работына – на 300 м. Аднак усе гэтыя ваганні лініі фронту на некалькі сотняў метраў у той ці іншы бок выдатна ілюструюць усю складанасць і неадназначнасць сітуацыі.

«У раёне Работынскага выступу сітуацыя ўсё больш нагадвае патавую, калі і вораг не можа зрэзаць выступ, і мы не можам расшырыць флангі», – канстатавала 3 кастрычніка ўкраінская аналітычная суполка «DeepStateUA».

Чаму няма прарыву: бліндажы, рэзервы, авіяцыя, дроны

За кошт чаго расейцам пакуль атрымоўваецца не дапусціць прарыву на Такмак?

Па-першае, «лінія Суравікіна» ўяўляе сабой вельмі магутную эшаланаваную і разгалінаваную абарончую сістэму. Яна складаецца з акопаў, траншэяў, бліндажоў, замаскаваных агнявых пазіцыяў і нават крытых хадоў (накшталт тунэляў) з утоенымі выхадамі ў лесапасадкі. «Больш за тое, мы таксама ведаем, што тут выкапаныя бліндажы, якія фактычна зʼяўляюцца другім падземным паверхам, які глыбока сыходзіць у зямлю. Пакуль мы чакалі снарадаў, акупанты капалі. І капалі доўга і глыбока», – тлумачыць украінскі жаўнер, які вядзе блог пад нікам «Запорізька Сіль».

Да таго ж расейцы працягваюць будуваць новыя ўмацаванні вакол Такмаку. Будаўніцтва новых абарончых лініях, імаверна, адбываецца хутчэй, чым ЗСУ прарываюць старыя.

Па-другое, пасля ўкліньвання ЗСУ ў «лінію Суравікіна» расейцы перакінулі на мелітопальскі кірунак значныя рэзервы – гаворка ідзе пра тысячы байцоў элітных дэсантных палкоў і іншых падраздзяленняў. Менавіта коштам гэтых сілаў расейцы дамагліся таго, што ўкліньванне ў «лінію Суравікіна», зафіксаванае яшчэ ў апошнія дні жніўня, пакуль не прывяло да прынцыповай змены характару і тэмпаў контрнаступу ЗСУ.

У трэціх, Расея захоўвае перавагу ў авіяцыі і да таго ж вельмі эфектыўна выкарыстоўвае беспілотнікі, у тым ліку FPV-дроны.

«Сёння калону танкаў або калону наступаючых войскаў можна выявіць за 3–5 хвілін і паразіць яшчэ за 3 хвіліны. Выжывальнасць на маршы – не больш за 10 хвілін, – цытуе «The Wall Street Journal» прадстаўніка ГУР Вадзіма Скібіцкага, – Дасягаць нечаканасці стала вельмі цяжка».

Усё гэта прыводзіць да таго, што ўкраінцы вымушаны весці наступленне на ўзроўні не батальёнаў і брыгадаў, а ўзводаў і ротаў, пры мінімальным выкарыстанні бранятэхнікі.

«Наступае максімум рота, бо мы не можам сябе дазволіць збірацца больш. Бо калі б мы сфармавалі хаця б батальёна-тактычную групу, то з’яўляецца расейская авіяцыя і разносіць усё ўшчэнт. Пры перавазе расейцаў у небе 10–12 разоў мы нічога з гэтым не можам зрабіць. А вось на кожны ўзвод у расейцаў самалётаў няма. Таму наступае звычайна пехотны ўзвод, максімум – рота», – тлумачыў асаблівасць сучаснай вайны экс-камандзір роты батальёна «Айдар» Яўгеній Дзікій у эфіры «Radio NV».

Гэта ў сваю чаргу таксама наўпрост уплывае на тэмпы наступальнай аперацыі.

Ці можа сітуацыя змяніцца?

Разам з тым, лёс контрнаступу ЗСУ яшчэ не вырашаны. Вынік бітвы за Такмак, хутчэй за ўсё, будзе залежаць ад таго, у каго застанецца больш рэзерваў і хто рэалізуе найлепшую стратэгію кіравання гэтымі сіламі.

«Ці можам мы яшчэ ўбачыць прарыў у гэтым годзе? – задаецца пытаннем вайсковы эксперт Эміль Кастэхэльмі, – Я лічу гэта малаверагодным, калі расейцы працягнуць разумна выкарыстоўваць свае войскі і засяродзяцца на адбіцці ўкраінскіх нападаў.

Аднак некампетэнтнасць зʼяўляецца важным фактарам, які можа мець значныя наступствы, прынамсі, на мясцовым узроўні. Адным з найважнейшых фактараў зʼяўляюцца страты Расеі. Невядома, наколькі складанай для іх з’яўляецца сітуацыя».

У гэтым сэнсе слабым месцам агрэсара можа стаць тактыка пастаянных контратак, якую практыкуе расейскае камандаванне на мелітопальскім і бахмуцкім кірунках. Бясспрэчна, гэтыя контратакі тармозяць прасоўванне ўкраінскіх вайскоўцаў. Аднак адначасова неабгрунтавана павялічваюць страты расейцаў – імаверна, яны былі б значна меншымі ў тым выпадку, калі б акупанты толькі трымалі абарону.

Пра памылковасць гэтай тактыкі амаль у адзін голас кажуць заходнія эксперты. Рэгулярна пра гэта пішуць і тыя прадстаўнікі Z-супольнасці, якія не баяцца адыходзіць ад афіцыйнай прапагандысцкай лініі. Некаторыя з іх наракаюць, што падобныя контратакі звычайна вельмі кепска падрыхтаваныя і ў выніку пераўтвараюцца ў «мясныя штурмы».

«Ліхаманкавае рэагаванне на прасоўванне праціўніка выліваецца ў спешна арганізаваныя, слаба падрыхтаваныя і дрэнна забяспечаныя контратакі, у якіх мы губляем масу людзей», – піша адзін з расейскіх вайсковых блогераў пра сітуацыю ў раёне Бахмуту.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатуе, што апошнія контратакі на ўчастку Работына – Вэрбавае прывялі да значнага знясілення расейскіх падраздзяленняў. Паводле ацэнак амерыканскіх аналітыкаў, баявыя магчымасці 7-й паветрана-дэсантнай дывізіі, якая ваюе на мелітопальскім кірунку, істотна пагоршыліся. Пагоршыліся настолькі, што гэтыя дэсантныя падраздзяленні, верагодна, больш не могуць удзельнічаць у контратаках уздоўж лініі наступлення ЗСУ.

Паездка прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Харкаўскую вобласць, 3 кастрычніка 2023 г.
Фота: President Of Ukraine / Zuma Press / Forum

Вельмі паказальнымі выглядаюць і дадзеныя па стратах тэхнікі. Выданне «Медуза», прааналізаваўшы звесткі з адкрытых крыніцаў, прыйшло да высновы, што падчас контрнаступу ЗСУ расейцы губляюць у баях больш танкаў (прыкладна ў 1,5 разы), гарматаў, РСЗА і мінамётаў, чым украінцы. Хаця звычайна большыя страты нясе той бок, які вядзе наступленне.

«Тэмпы і абʼёмы, з якімі знішчаецца расейская артылерыя, не даюць магчымасці расейскаму ВПК не тое, каб паўнацэнна кампенсаваць страты, а нават заводзяць іх у глыбокі мінус», – піша эксперт даследчай суполкі «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

Усё гэта дае падставы меркаваць, што ў вайне на знясіленне, у якую пераўтварылася контрнаступленне 2023 году, Украіна яшчэ можа перамагчы.

Хутчэй за ўсё, менавіта наяўнасць або адсутнасць рэзерваў па абодзве лініі фронта будзе вызначаць дэдлайн контрнаступу ЗСУ, а не нейкія часовыя рамкі, звязаныя з надвор’ем. У цяперашняй сітуацыі, калі вялікія масы бронятэхнікі ў наступленні не выкарыстоўваюцца, восеньскае бездарожжа не будзе мець вызначальнага значэння. Прынамсі, да таго часу пакуль ЗСУ не прарваліся на аператыўны прастор.

Хаця існуе і іншы пункт гледжання. Напрыклад, прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі 4 кастрычніка заявіў, што час «не сябра ЗСУ» і на дасягненне поспеху ў контранаступе застаецца не болей 6–8 тыдняў.

Аналітыка
Момант ісціны ўсё бліжэйшы. Тлумачым, як цяпер развіваецца контрнаступ ЗСУ
2023.09.19 07:26

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў