Момант ісціны ўсё бліжэйшы. Тлумачым, як цяпер развіваецца контрнаступ ЗСУ


Коштам увядзення ў бой дадатковых рэзерваў Расеі пакуль удаецца не дапусціць прарыву ЗСУ да Такмаку, дзе мусіць вызначыцца лёс контрнаступлення Украіны. Аднак пад Бахмутам у агрэсара сілаў ужо не хапае – за апошні тыдзень украінцы дасягнулі там сур’ёзных поспехаў. Belsat.eu тлумачыць значэнне гэтых падзеяў і распавядае, чаго варта чакаць у найбліжэйшыя тыдні.

Украінскі сцяг над сялом Андрэеўка.
Фота: 3 окрема штурмова бригада / Facebook

«Тактычны поспех стратэгічнага значэння»

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і камандаванне ЗСУ ўвечары 17 верасня афіцыйна заявілі пра вызваленне і поўную зачыстку ад расейцаў сяла Клішчыеўка, што на поўдні ад Бахмуту ў Данецкай вобласці. За два дні да гэтага было абвешчана пра вызваленне суседняга сяла Андрэеўка, дзе месцяцца важныя тактычныя вышыні. Клішчыеўка і Андрэеўка – гэта, адпаведна, 13-е і 14-е паселішчы, вызваленыя ЗСУ на ўсходзе і поўдні за час наступальнай аперацыі 2023 года.

Цяпер баі перанесліся ў ваколіцы чыгуначных шляхоў за гэтымі паселішчамі. Расейцы цяпер контратакуюць, што ёсць традыцыйнай тактыкай для агрэсара падчас сёлетняга контрнаступлення ЗСУ. Досвед папярэдніх месяцаў паказвае, што такія контратакі дазваляюць расейскаму войску тармазіць прасоўванне ўкраінскіх жаўнераў. Разам з тым, пакуль не было ніводнага выпадку, каб расейцы адбілі паселішча, якое ўкраінцы афіцыйна абвесцілі вызваленым. Заходнія эксперты не раз выказвалі думку, што тактыка пастаянных контратак неабгрунтавана павялічвае страты расейцаў. Аднак пакуль расейскія вайскоўцы гэта робяць, прапаганда можа некаторы час сцвярджаць, што ЗСУ паселішча яшчэ не занялі.

Самі па сабе Клішчыеўка і Андрэеўка – гэта невялікія сёлы, якія ў выніку працяглых баявых дзеянняў пераўтварыліся ў суцэльныя руіны. Аднак значнасць вызвалення гэтых паселішчаў выходзіць далёка за рамкі шараговага тактычнага поспеху. Гэта важны плацдарм, які дазволіць украінскім вайскоўцам пагражаць расейскай групоўцы ў Бахмуце. Той, хто валодае Андрэеўкай і Клішчыеўкай, можа кантраляваць практычна ўсе пад’язныя дарогі да Бахмуту, усю транспартную інфраструктуру. Інстытут вывучэння вайны (ISW) называе вызваленне тэрыторыяў на поўдні ад Бахмуту «тактычнымі дасягненнямі стратэгічнага значэння».

Цяпер на бахмуцкім кірунку ЗСУ, напэўна, засяродзяцца на вызваленні сяла Курдзюмаўка – гэта дасць магчымасць узяць пад агнявы кантроль трасу на Горлаўку.

Прыярытэты ЗСУ не змяняюцца

Што гэта значыць для сітуацыі на фронце ў цэлым? Бахмуцкі кірунак у рамках вялікага контрнаступлення ЗСУ ад самага пачатку разглядаўся як другасны, прызначэнне якога – адцягваць увагу і рэзервы праціўніка. У публікацыях заходніх медыяў, асабліва апошнім часам, украінскае кіраўніцтва не раз крытыкавалі за тое, што ЗСУ занадта шмат сілаў трымае на ўсходзе, у той час калі яны больш патрэбныя на поўдні.

Аднак існуе і іншы пункт гледжання. Напрыклад, аналітыкі ISW лічаць аперацыю на бахмуцкім кірунку «аператыўна абгрунтаваным крокам, што скаваў вялікую колькасць расейскай баявой сілы, якая ў адваротным выпадку была б даступная для ўзмацнення расейскай абароны на поўдні Украіны».

Важна разумець, што з палітычных меркаванняў акупанты не могуць проста так сысці з Бахмуту. Захоп гэтага гораду быў адзіным істотным поспехам расейскіх войскаў ва Украіне за апошні год, таму страта паселішча будзе моцным ударам па іміджы Крамля, негатыўна адаб’ецца на настроях на фронце і ў тыле.

Разам з тым, контрнаступленне ЗСУ пад Бахмутам не мае перспектываў стаць вырашальнай аперацыяй для далейшай хады вайны. Само па сабе вызваленне Бахмуту (чаго яшчэ трэба дамагчыся) не створыць пагрозы абвалу або рассячэння расейскага фронту. Як адзначалі раней аўтарытэтныя заходнія вайсковыя эксперты Роб Лі і Майкл Кофман, за Бахмутам Расея «лепш падрыхтавала лініі абароны, што робіць прарыў малаімаверным» (прынамсі цяперашнімі сіламі).

Такім чынам, цяперашнія поспехі ЗСУ пад Бахмутам не прывядуць да змены прыярытэтаў у контрнаступленні. Мэлітопальскі кірунак у Запарожскай вобласці застанецца галоўным – тут Украіна мае найбольш шанцаў на дасягненне стратэгічнага поспеху. Аднак у межах вайны на знясіленне, як, імаверна, мяркуе ўкраінскае камандаванне, актывізацыя аперацыяў на другасных кірунках (не толькі пад Бахмутам) мусіць дадаткова вымотваць праціўніка.

Расейскія дэсантнікі затармазілі прасоўванне ЗСУ на Такмак

Хаця дзеянні ЗСУ, хутчэй за ўсё, абмяжоўваюць магчымасці Расеі перакідваць дадатковыя сілы на поўдзень, агрэсар за апошнія тыдні ўсё-ткі здолеў увесці ў бой на мэлітопальскім кірунку значныя рэзервы. Паводле звестак брытанскай выведкі, расейцы перакінулі пад Работына тысячы дэсантнікаў.

«Усяго за некалькі кіламетраў ад прыфрантавой вёскі Работына цяпер, імаверна, сканцэнтравана як мінімум пяць палкоў паветрана-дэсантных войскаў са складу 7-й і 76-й дывізіяў», – адзначаюць брытанцы.

Менавіта коштам гэтых сілаў расейцы дамагліся таго, што ўкліньванне ЗСУ ў «лінію Суравікіна», зафіксаванае яшчэ ў апошнія дні жніўня, пакуль не прывяло да прынцыповай змены характару і тэмпаў контрнаступу ЗСУ. Украінцы па-ранейшаму прасоўваюцца тут вельмі павольна.

Асноўныя баі вядуцца за Навапрокапаўку (далей на поўдзень за Работына) і Вэрбовае (далей на ўсход) – гэта важныя апорныя пункты на «лініі Суравікіна», без узяцця якіх далейшае прасоўванне на поўдні будзе, імаверна, немагчымым.

Цяпер падраздзяленні ўкраінскага войска знаходзяцца прыкладна за 19 км ад Такмаку – стратэгічна важнага лагістычнага вузла, праз які пралягае дарога на Мэлітопаль. Вызваленне Мэлітопалю дазволіць цалкам рассекчы паўднёвую групоўку войскаў РФ і перарэзаць сухаземны калідор з акупаваным Крымам. Нават узяцце аднаго Такмаку, без Мэлітопалю, дасць магчымасць Украіне крытычна ўскладніць забеспячэнне паўднёвай групоўкі РФ. Каб дайсці да Такмаку трасаю 0408, ЗСУ мусяць вызваліць тры паселішчы: Навапрокапаўку, Ільчанкава і Салодкую Балку. А каб забяспечыць флангі падчас наступлення на Такмак, украінцам трэба вызваліць сяло Вэрбовае.

«На палове дарогі паміж падкантрольным Украіне горадам Арэхаў і акупаваным Расеяй горадам Такмак у цяперашні момант адбываецца адна з вырашальных бітваў расейска-ўкраінскай вайны», – адзначае вайсковы аглядальнік газеты «Bild» Юльян Рэпке (Julian Röpcke).

Менавіта тут, паводле эксперта, Расея і Украіна засяродзілі свае галоўныя сілы. «Вядома, гэта будзе не апошняя бітва за Запарожжа. Але менавіта тут будзе вызначацца, ці зможа Украіна рушыць наперад да Азоўскага мора і Крыму ў сярэднетэрміновай перспектыве або лініі абароны Расеі настолькі моцныя, што нам давядзецца рыхтавацца да (гарачага, але дэ-факта) замарожанага канфлікту», – рэзюмуе Рэпке.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vincenzo Circosta / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

Майкл Кофман таксама лічыць, што контрнаступленне ЗСУ «пераходзіць у вырашальную фазу». «Цяжка ацаніць, калі наступальная аперацыя можа дасягнуць кульмінацыі або скончыцца, гэтыя рэчы, як правіла, не адбываюцца лінейна, але відавочна, што мы набліжаемся да апошніх этапаў гэтай аперацыі», – кажа ён.

Z-супольнасць сумуе і чакае моманту ісціны

Сярод заходніх вайсковых экспертаў пануе перакананне, што вынік бітвы будзе залежаць ад таго, у каго застанецца больш рэзерваў і хто рэалізуе найлепшую стратэгію кіравання гэтымі сіламі.

Хто цяпер бліжэйшы да знясілення сваіх вайсковых рэсурсаў, Украіна ці Расея, сказаць немагчыма. Змена лініі фронту або захоп паселішчаў не ёсць у гэтым выпадку асноўным паказнікам.

«Тэрытарыяльныя заваёвы не паказваюць таго, што насамрэч адбываецца. Найцікавейшая частка – гэта каэфіцыент знясілення, якога мы не бачым. Мы ўбачым толькі канчатковыя вынікі ў доўгатэрміновай перспектыве», – канстатуе амерыканскі вайсковы аналітык Def Mon.

Некаторыя Z-каналы, якія дазваляюць сабе часам адыходзіць ад афіцыйнай прапагандысцкай лініі, дэ-факта пагаджаюцца з гэтай думкай. «Можна зрабіць агульную выснову, што ў хуткім часе надыдзе момант ісціны. Або ЗСУ зрасходуюць аб рэзервовую лінію абароны ўсе баяздольныя часткі, або невялікія тактычныя поспехі Кіева ператворацца ў сурʼёзны і дастаткова глыбокі прарыў на шэрагу кірункаў», – піша вайсковы тэлеграм-канал «Живов Z». А некаторыя Z-каналы нават разважаюць пра тое, што ў вайне на знясіленне Украіна цяпер хутчэй перамагае.

Аналітыка
Краху няма, але «саспявае нядобрае» (для РФ). Тлумачым, чаго дасягнулі ЗСУ ў контрнаступе
2023.09.11 19:28

Цікава, што ўвогуле ў паведамленнях Z-каналаў скепсісу наконт сітуацыі на фронце заўважна дадалося. Усё часцей пачалі ўзнікаць нараканні на недахоп асабовага складу, слабасць рэзерваў, дэфіцыт боепрыпасаў і ў прынцыпе кепскае забеспячэнне. Напрыклад, той жа «Живов Z» піша, што мотастралковыя падраздзяленні на мэлітопальскім кірунку «паводле тэхнічнага аснашчэння знаходзяцца недзе паміж 19-м і 20-м стагоддзем», а задачы ім часцяком ставяцца «неапраўдана рызыкоўныя і неабдуманыя». Паплечнік Ігара Гіркіна, палкоўнік у адстаўцы Віктар Алксніс сцвярджае, што «на фронце ідзе рэзкае зніжэнне колькасці асабовага складу расейскай групоўкі ў выніку незваротных і санітарных стратаў». Нават адзін з твараў пуцінскай прапаганды, дэпутат Дзярждумы генерал Андрэй Гурулёў, нядаўна здзівіў Z-супольнасць нязвыклым для сябе допісам, у якім прызнаў эфектыўнасць новай тактыкі ЗСУ і няпростую сітуацыю на фронце, дзе расейцы «месцамі страцілі ў глыбіню да 10 кіламетраў тэрыторыі».

Існуе даволі папулярная думка, што контрнаступу ЗСУ пакладзе канец надвор’е – восеньская бездараж мусіць стаць сур’ёзнай праблемай для таго, хто наступае. Таму або Украіна дасягае вырашальнага поспеху цяпер, або завязне надоўга. Аднак і на Захадзе, і ва Украіне, і ў Расеі ўсё часцей у апошнія дні гучаць заўвагі, што фактар надвор’я не будзе мець вырашальнага значэння для выніку кампаніі 2023 года.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў