Адбыўся абмен ваеннапалоннымі. Ва Украіну з расейскага палону вярнуліся 116 чалавек


Украіна і Расея 4 лютага зладзілі чарговы абмен ваеннапалоннымі. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак. Гаворыцца пра 116 вызваленых украінцаў.

«87 байцоў ЗСУ, двое з якіх – з сілаў спецыяльных аперацыяў. 8 байцоў тэрытарыяльнай абароны, 7 – з Нацгвардыі, 6 – з Нацпаліцыі, 5 – з Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, двое – з Ваенна-марскіх сілаў і адзін прадстаўнік Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў.

З іх двое афіцэраў і 114 шарагоцаў і сяржантаў», – пералічвае вызваленых з расейскага палону ўкраінцаў Андрэй Ермак.

Сярод вызваленых – абаронцы Марыупалю, «херсонскія партызаны», снайперы, якія ваявалі пад Бахмутам, ды іншыя.

Андрэй Ермак дадае, што ўкраінскаму боку ўдалося таксама вярнуць целы загінулых замежных валанцёраў-добраахвотнікаў – Крыстафэра Мэт’ю Пэры і Эндру Табіяса Мэт’ю, а таксама цела загінулага ўкраінца Яўгена Куліка, які служыў у Французскім замежным легіёне, але ў 2022 годзе вярнуўся ва Украіну, каб бараніць радзіму.

У сваю чаргу Міністэрства абароны РФ паведаміла пра вызваленне з украінскага палону ў выніку абмену 63 вайскоўцаў. Удакладняецца, што сярод вызваленых былі асобы «ўразлівай катэгорыі», абмен якіх стаў магчымы дзякуючы пасярэдніцтву Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Папярэдні абмен ваеннапалоннымі – у фармаце 50 на 50 – адбыўся паміж Украінай і Расеяй 8 студзеня 2023 года.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў