навіны

Адказных за захоп самалёта «Ryanair» шукаюць праз Інтэрпол. Спыталі, чаму іх няма ў спісе на сайце Інтэрполу

Супрацоўнікі Інтэрполу
Супрацоўнікі Інтэрполу. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Interpol HQ / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Інтэрпол сам не абвяшчае ў вышук і не арыштоўвае, а толькі спрыяе абмену звесткамі між праваахоўнікамі розных краінаў, патлумачылі «Белсату» ў прэс-службе гэтай арганізацыі, адказваючы на пытанне, ці будзе Інтэрпол шукаць беларусаў, якіх вінавацяць у захопе самалёта «Ryanair» у 2021-м годзе. У агульным выпадку яны нават не могуць самастойна пастанавіць, што звесткі трэба апублічыць.

Чытайце таксама:
Раман Пратасевіч у Нацыянальным аэрапорце «Менск», Беларусь. 14 верасня 2024 года. Фота: Telegram-канал Рамана Пратасевіча

Самалёт з Пратасевічам захапілі 4 гады таму. Чаго гэтым дамагліся – і што з Пратасевічам цяпер

«Белсат» спытаў у Інтэрполу, ці сапраўды той прымаў просьбу Польшчы даць «чырвонае апавяшчэнне» пра вышук трох грамадзянаў Беларусі, якіх вінавацяць у захопе самалёта – і як будзе іх шукаць, а таксама ці абавязаныя краіны-чальцы Інтэрполу затрымліваць тых, на каго Інтэрпол дае «чырвонае апавяшчэнне».


У прэс-службе Інтэрполе растлумачылі, што праваахоўнікі 196 краінаў-чальцоў абменьваюцца інфармацыяй пра расследаванні і падазраваных з генеральным сакратарыятам Інтэрполу ў Ліёне, але гэтая інфармацыя застаецца ўласнасцю краіны, якая ёю падзялілася. Генеральны сакратарыят можа надаваць інфармацыю толькі ў асаблівых абставінах або са згоды адпаведнай краіны, а ў агульным выпадку за апублічванне звестак пра тых, каго шукае Польшча, адказная Польшча.


Інтэрпол сам не выдае ордараў на арышт, падкрэслілі ў спецслужбе. Адпаведна, Інтэрпол не можа зрабіць нейкіх захадаў, каб прымусіць краіну затрымаць чалавека.


«Чырвонае апавяшчэнне» – гэта паведамленне пра запыт праваахоўнікаў адной краіны да рэшты чальцоў Інтэрполу на затрыманне і наступную экстрадыцыю. Яно грунтуецца на ордары на арышт ці рашэнні суда адной краіны, а рэшта краінаў пастанаўляе, ці арыштоўваць чалавека, адпаведна сваім законам. Але такія апавяшчэнні важныя, каб данесці інфармацыю адначасова да праваахоўнікаў усіх краінаў-чальцоў.


Існуюць і апавяшчэнні іншых колераў: «зялёнае» – папярэджанне пра небяспечных злачынцаў, «аранжавае» – пра небяспечныя падзеі і аб’екты, «жоўтае» – пра пошук зніклых без вестак, «чорнае» – пра неапазнаныя целы, і гэтак далей.


Інтэрпол – арганізацыя дзеля аб’яднання высілкаў праваахоўнікаў розных краінаў, якая выкарыстоўвае сістэму апавяшчэнняў для абмену звесткамі між краінамі-ўдзельніцамі. Тых, на каго Інтэрпол выдае «чырвонае апавяшчэнне», шукае не сам Інтэрпол, і людзей у вышук абвяшчаюць асобныя дзяржавы ці міжнародны трыбунал. 


То бок Інтэрпол не можа выдаць свайго ордару на арышт, як можа Міжнародны крымінальны суд, не можа патрабаваць ад іншых краінаў арыштаваць чалавека – і нават не можа, за асобнымі выключэннямі, самастойна апублічваць інфармацыю, якую праваахоўнікі адной краіны перадалі праваахоўнікам іншых краінаў.

Чытайце таксама:
Асуджаная за шпіянаж Дар’я Астапенка. Фота: Poszukiwani.policja.gov.pl

Суд у Варшаве прасіў абвясціць у міжнародны вышук беларускую шпіёнку Дар’ю Астапенку

У верасні 2024 года суд у Варшаве завочна арыштаваў трох беларусаў у справе аб тэрарызме ў звязку з захопам самалёта «Ryanair» у 2021-м. У студзені 2025-га Інтэрпол выдаў «чырвонае апавяшчэнне» на іхны вышук.


Вядома, што шукаюць трох грамадзянаў Беларусі: гэта начальнік Беларускай аэранавігацыі Леанід Чуро, начальнік змены кантролю палётаў Яўген Цыганоў і начальнік 9-га галоўнага ўпраўлення Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Андрэй Мыцько. Праўда, прозвішча і пасаду апошняга толькі на гэтым тыдні пракуратура раскрыла «Белсату» – да таго пра яго казалі як пра «афіцэра КДБ Андрэя А.», а грамадства не ведала, як выглядае той Андрэй, якога шукаюць праз Інтэрпол.


Гэтых трох асобаў няма ў публічным спісе «чырвоных апавяшчэнняў» на сайце Інтэрполу. Там толькі тры беларусы: Аляксандр Шэлепаў, якога шукаюць праз звязанае з наркотыкамі абвінавачванне, Андрэй Станкевіч, якога шукаюць за забойства і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, і Кацярына Рышкевіч, якую шукаюць праз абвінавачванні ў адмыванні грошай і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Фота ёсць толькі на старонцы апошняй. 


Таксама на сайце Інтэрполу няма звестак, напрыклад, пра беларускую шпіёнку Дар’ю Астапенку, хоць суд у Варшаве кажа «Белсату», што прасіў абвясціць у міжнародны вышук.


Беларусь злоўжывае Інтэрполам


Чытайце таксама:
Васіль Верамейчык у інтэрв’ю «Белсату» у сакавіку 2024 года. Тбілісі, Грузія. Скрыншот: Белсат Life / Youtube

Верамейчыка не ўратавалі. Хто вінаваты?

Беларусь – чалец Інтэрполу з верасня 1993 года. Інтэрпол дасюль супрацоўнічае з лукашэнкаўскімі сілавікамі. Напрыклад, у пачатку траўня стала вядома, што з Беларусі дэпартавалі замежніка, якога шукалі праз Інтэрпол. А ў кастрычніку 2023-га ў Сербіі затрымалі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, бо ён быў унесены ў «чырвоны спіс» Інтэрполу на запыт Беларусі. 


Беларускія дэмакратычныя сілы, у тым ліку абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, заклікалі адключыць Беларусь ад сістэмы Інтэрполу, бо гэты інструмент часта выкарыстоўваюць сілавікі для пераследу беларусаў у свеце за палітычную пазіцыю. З такім заклікам выступала Літва. Ёсць доўгі спіс краінаў, адкуль у Беларусь могуць экстрадаваць на палітычныя запыты. І нават калі не экстрадуюць, чалавека могуць на некаторы час затрымаць на запыт Беларусі нават у дэмакратычных краінах, як то ў Польшчы, Італіі ці Украіне.


Інтэрпол заяўляе, што ўсе «чырвоныя апавяшчэнні» разглядаюцца на адпаведнасць правілам Інтэрполу, а спецыяльная каманда ацэньвае не толькі заяўкі, але і ўсю даступную інфармацыю пра справу. Але, як паказала справа Гнёта, гэта не страхуе ад памылак: пасля розгаласу Інтэрпол прызнаў, што справа Гнёта мае палітычную падаплёку, і выкрасліў яго з «чырвонага спісу». Ды Гнёт правёў у няволі больш за год, толькі ў канцы кастрычніка 2024-га яго вызвалілі


Алесь Наваборскі belsat.eu  

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10