Аналітыка

Верамейчыка не ўратавалі. Хто вінаваты?

img
Васіль Верамейчык у інтэрв’ю «Белсату» у сакавіку 2024 года. Тбілісі, Грузія. Скрыншот: Белсат Life / Youtube
podpis źródła zdjęcia

Былога ваяра палка Каліноўскага схапілі ў В’етнаме і экстрадавалі ў Беларусь. Праблемы ў Васіля Верамейчыка пачаліся, калі Літва адмовіла яму ў легалізацыі, прызнаўшы яго «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». «Белсат» паспрабаваў разабрацца, чаму беларуса ніхто не ўратаваў.

Дзяржаўная прапаганда пахвалілася экстрадыцыяй з В’етнаму былога ваяра палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Падобна, яго абвінавацяць ва «ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі», такі ярлык на добраахвотніцкае фармаванне наляпілі цяперашнія ўлады, а таксама навешаюць іншыя «злачынствы».


Лёс Верамейчыка пасля таго, як ён пакінуў полк, аказаўся выкручастым. У інтэрв’ю праекту «Белсату» «Беларускі свет» ён расказваў, што пэўны час заставаўся ва Украіне і дапамагаў у валанцёрскай працы, потым атрымаў польскую гуманітарную візу і паехаў да сваёй сям’і, якая тады ўжо жыла ў Літве.


Журналістка Алёна Дубовік, якая ведае Верамейчыка і кансультавалася з ім наконт дапамогі ветэранам, паведаміла «Белсату», што колішні ваяр не хацеў прасіць у Літве прытулку:

Васіль Верамейчык. Фота: Vasil Veramejchyk / Facebook
Верамейчыка даставілі ў Менск наступным днём па затрыманні навіны

«Як ён сказаў мне месяц таму, не хацеў нічога прасіць. Як мы ведаем, уцекачы ў Літве атрымліваюць сацыяльную дапамогу, але і не маюць права выязджаць з краіны, пакуль разглядаецца іх заява, імаверна, гэта адыграла пэўную ролю».


У выніку беларус падаўся на ВНЖ праз «Blue Card» сваёй жонкі. Пакуль пытанне разглядалася, ён на кароткі час выехаў у Грузію, і ў той момант даведаўся, што Літва адмовіла яму ў легалізацыі, прызнаўшы яго пагрозаю нацыянальнай бяспецы.


«Яму патэлефанаваў літоўскі паліцэйскі, які сказаў, што ён прызнаны пагрозаю нацыянальнай бяспецы і не мае права ўехаць у Літву, краіны ЕЗ і краіны Шэнгену. Такім чынам, ён нават не мог падаць апеляцыю. Імаверна, тады ён звярнуўся да “BYSOL”», – расказвае Дубовік.


Пра кантакт з Верамейчыкам паведаміў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак. Паводле ягонай версіі, былому ваяру параілі пакінуць Літву, дзе яго прызналі пагрозаю, і паляцець у Грузію, і «гэтую рэкамендацыю ён выканаў»:


«У ліпені 2024 года Васіль Верамейчык зноў звязаўся з “BYSOL” ужо з Грузіі, дзе быў праінструктаваны, якім чынам ён можа вярнуцца ў ЕЗ і зрабіць спробу легалізацыі. Мы далі яму канкрэтныя механізмы і алгарытмы, як ён можа легалізавацца ў ЕЗ. На жаль, камунікацыя з Васілём перарвалася з ягонай ініцыятывы. Больш ён з намі не звязваўся».


Стрыжак зноў заклікаў спраўджваць бяспечнасць той ці іншай краіны для візіту або пераезду і нагадаў пра старонку pashpart.org, дзе можна гэта зрабіць. Там В’етнам пазначаны як небяспечны.


З Грузіі Верамейчык перабраўся ў В’етнам, адтуль ён паспрабаваў эміграваць у Польшчу, прыляцеўшы ў Варшаву праз Стамбул. 


У аэрапорце польскай сталіцы, як расказаў выданню «Зеркало» сябар мужчыны, ён падаў заяву, папрасіўшы аб прытулку, і яму сказалі, што «патрабуецца каля трох месяцаў правесці ў эміграцыйнай турме». «Васіль адмовіўся, сказаў літаральна наступнае: “Не дзеля гэтага я ваяваў ва Украіне, каб сядзець у турме з пакістанцамі”», – згадвае сябар.


Стрыжак, дарэчы, на гэта заўважыў, што ўцекачоў, якія шукаюць прытулку ў Польшчы, адпраўляюць не ў турму, а ў лагер, і толькі ў тым выпадку, калі няма дзе жыць.


Так ці іначай, Верамейчык вярнуўся ў В’етнам.


«У кастрычніку мы з ім размаўлялі, ён сказаў, што ён думае і вырашае, куды ехаць, бо разумее, што ў В’етнаме ён не можа ўвесь час знаходзіцца і патрэбна нейкім чынам вяртацца да сям’і, быць з дзіцём», – працягвае Дубовік.


Журналіст Зміцер Панкавец, які называе Верамейчыка сваім самым блізкім сябрам, у Facebook напісаў, што былы ваяр хацеў жыць у В’етнаме, бо «прыкіпеў да гэтай краіны, кайфаваў ад яе і хацеў заставацца там назаўсёды». Аднак набліжаўся канец тэрміну дзеяння пашпарта, і Верамейчык пасля няўдалай спробы трапіць у Польшчу планаваў ляцець у Малдову, каб прасіць прытулку там.


«Васіль быў даведзены да адчаю гэтай еўрапейскай бюракратыяй. У адной з нашых апошніх размоваў ён шчыра казаў: “Я ў такой задніцы, і не ўяўляю, як з яе выбрацца. Я вельмі стаміўся ад гэтай нявызначанасці”», – піша Панкавец.

Васіль Верамейчык у В’етнаме. Фота: zmicier.pankaviec / Facebook
Васіль Верамейчык у В’етнаме. Фота: zmicier.pankaviec / Facebook

Жонка Васіля Яўгенія Верамейчык паведаміла «Нашай ніве», што ў паперы ад міграцыйнай службы Літвы пазначана: мужчына падчас службы ў беларускім войску меўся быць лаяльным да Рэспублікі Беларусь і «падтрымліваць беларускі ўрад і яго агрэсіўную вонкавую палітыку, якая ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы». І паколькі «надзейнасць і лаяльнасць дзяржаве асобаў, якія працуюць у беларускіх дзяржінстытутах, кантралююць спецслужбы і службы бяспекі Беларусі», то асоба «можа быць выкарыстаная для выканання задач спецслужбаў і службаў бяспекі Беларусі».


Спадар Васіль, калі падаваў дакументы на легалізацыю ў Літве, указаў, што з вайсковай службы ў Беларусі ён звольніўся ў 2016 годзе ў званні лейтэнанта і што ў 2022 годзе служыў у ЗСУ. Падобна, літоўскія службы не палічылі важным удзел беларуса ў вайне ва Украіне супраць Расеі.


Кіраўніца міністэрства ўнутраных справаў Літвы, у склад якога ўваходзіць міграцыйная служба, Агне Білатайце ў каментары «Белсату» адзначыла, што не гэтае ведамства прызнала Верамейчыка пагрозаю нацбяспецы. Міграцыйная служба спасылаецца на адпаведную пастанову Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі.


«Гэта не пазіцыя нашага інстытуту, гэта пазіцыя інстытуту бяспекі. На гэты момант я магу казаць толькі пра публічную інфармацыю, а гэтую сітуацыю найперш мусіць растлумачыць Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, гэта ў іх кампетэнцыі», – сказала Білатайце.


Міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас сказаў «Белсату», што каментаваць гэты кейс ён не можа, бо не ведае акалічнасцяў, аднак запэўніў, што кожны выпадак улады разглядаюць індывідуальна:


«Патрэбна глядзець на кожны аспект, індывідуальна трэба глядзець, мы так і робім, бо ў нас беларусаў шмат. Калі прыязджаюць людзі, якія насамрэч працуюць з рэжымам, гэта не вельмі добра для нашай бяспекі. Таму наш фільтр працуе, і працуе так, як ён можа працаваць, вось і ўсё. Мы мусім правяраць людзей, якія жадаюць тут жыць, гэта нармальна».


На заўвагу, што Верамейчык ваяваў на баку Украіны, літоўскі міністр адказаў, што гэта «індывідуальны кейс», і падрабязнасці справы яму не вядомыя.


Міністр таксама намякнуў, што беларус сам вінаваты ў тым, што цяпер за кратамі:

,,

«Я не думаю, што гэта найлепшы варыянт – паехаць у В’етнам, бо там усё адно ёсць сувязі з Лукашэнкам, з Расеяй».


Міністр нацыянальнай абароны Літвы Лаўрынас Касчунас. Вільня, Літва. 21 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
«Дзяржава ж мусіць правяраць, хто тут жыве». Міністр абароны Літвы пра справу Верамейчыка навіны

«Так склаўся лёс, супалі ўсе такія чыннікі, што і ён быў у нейкім разгубленым, траўмаваным стане, не знайшлося ані людзей, ані структураў, якія б нейкім чынам маглі б яго падхапіць, ісці з ім побач і казаць: “Туды не хадзі – сюды хадзі”. Ён застаўся адзін. Самы галоўны чыннік, як на маё меркаванне, – гэта тое, што тэма беларускіх добраахвотнікаў у нас быццам бы табуяваная. Мы вельмі мала расказваем пра сітуацыі, з якімі сутыкаюцца нашыя добраахвотнікі», – наракае ў размове з карэспандэнтам «Белсату» Алёна Дубовік.


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сцвярджае, што Офіс проста позна даведаўся пра сітуацыю з Верамейчыкам.


«Калі мы даведаліся пра гэты кейс, ужо было позна, ён сказаў, што дапамога ўжо непатрэбная, ён знайшоў развязанне. Магчыма, калі б мы ведалі раней, калі ён быў яшчэ ў Літве і дамагаўся гэтага статусу, можна было б паўплываць і абскардзіць праз суд рашэнне Літвы. Але калі ён ужо апынуўся ў В’етнаме, з якім у нас няма аніякіх сувязяў, які сімпатызуе Пуціну і Лукашэнку, там дапамагчы было вельмі цяжка», – канстатаваў Вячорка ў каментары «Белсату».


Ён заклікаў беларусаў заўсёды звяртацца да праваабаронцаў, праўнікаў, журналістаў, быць уважлівымі, каб гісторыя, у якую трапіў былы ваяр, не паўтарылася. Маўляў, лепш у дэмакратычнай краіне сутыкнуцца з большай колькасцю праблемаў, чым у бяспраўнай недэмакратычнай, дзе няма аніякіх гарантыяў.

«Для нас цяпер задача – звярнуць увагу свету на гэтую сітуацыю. Мы палітычна падымем гэтае пытанне ў Бруселі на кансультатыўнай групе 11 снежня, будзе таксама сустрэча з новым кіраўніцтвам ЕЗ, думаю, гэта вельмі добры момант, каб на агульнаеўрапейскім узроўні абмеркаваць, каб былі змененыя законы, якія не даюць беларусам атрымаць бяспечны прытулак, асабліва тым, хто ўцякае ад рэпрэсіяў», – адзначыў Вячорка.


Ён пры гэтым зняпраўдзіў інфармацыю, што літоўскія ўлады нібыта рабілі запыт у Офіс наконт Верамейчыка, Офіс папрасіў звесткі ў палка Каліноўскага, там з увагі на даўні канфлікт з ваяром нібыта далі негатыўную характарыстыку, і Офіс гэтую характарыстыку перадаў літоўскім службам. Вячорка падкрэсліў, што ўлады ў Вільні ніколі не кансультуюцца з Офісам Ціханоўскай у пытаннях легалізацыі беларусаў.


«Міграцыйная служба Літвы ніколі не звяртаецца да Офісу ў такіх выпадках, гэта разглядаецца ўнутры самой службы, але калі даходзіць справа да суда, мы можам прыкласці на просьбу асобы нейкія дакументы ў падтрыманне. Я не памятаю аніякіх размоваў з палком у справе Верамейчыка, але ў мяне ёсць яго галасавыя паведамленні, дзе ён кажа, што ён знайшоў развязанне і што дапамога яму не патрэбная», – запэўніў суразмоўца «Белсату».


Пра канфлікт Верамейчыка з кіраўніцтвам палка паведаміла жонка ваяра:

,,

«У палку Каліноўскага былі розныя погляды на яго развіццё. Быў штаб, што адседжваўся ў Кіеве і займаўся дзяльбой шкарпэтак і трусоў, а былі хлопцы, якія служылі на фронце, і яны былі нязгодныя з палітыкаю палка».


Крыніца «Белсату», якая спасылаецца на ветэранаў, таксама сцвярджае, што канфлікт быў, і ў выніку Верамейчыку негалосна забаранілі ўезд ва Украіну, таму і там ён не змог бы паспрабаваць знайсці прытулак.


«Усе кажуць, што ніякай афіцыйнай паперы пра тое, што Украіна яму нешта забараніла, не існуе. Але ён паспрабаваў аднойчы, калі жыў у Літве, заехаць ва Украіну, і яго не пусцілі. Ветэраны кажуць, што адбыўся нейкі канфлікт у палку, і вайскоўцы палка, якія маюць добрыя сувязі з СБУ, паўплывалі на тое, каб Верамейчыка ва Украіну не пускалі», – праінфармавала крыніца.


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету, былы намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук сказаў «Белсату», што асабіста ён быў з Верамейчыкам у прыязных стасунках, а іншае каментаваць не можа:

,,

«У мяне асабіста не было з ім канфлікту, я да яго добра ставіўся, болей за тое, нават пасля сыходу Васіля мы з ім перасякаліся і нармальна з ім размаўлялі. Байцы час ад часу могуць… Як, ведаеце, у мужчынскім калектыве адбываюцца нейкія спрэчныя рэчы. Я не магу каментаваць за ўсіх».


Таксама ў Кабанчука няма інфармацыі пра імаверную забарону на ўезд Верамейчыка ва Украіну:


«Я не хачу спекуляваць наконт таго, што ён не мог звярнуцца па дапамогу ў іншыя краіны Еўропы. Пацверджання няма, і гэта проста нейкія плёткі».


Экстрадыцыя беларуса пасля яго затрымання адбылася настолькі хутка, што была падобная на спецаперацыю беларускіх сілавікоў. Паводле неафіцыйных звестак, паліцэйскія ў Хашыміне схапілі Васіля за бойку, і цяпер усе гадаюць, ці не была гэтая тузаніна правакацыяй спецслужбаў? У сацсетках таксама задаюцца пытаннем, адкуль яны маглі даведацца, што Верамейчык у В’етнаме, няўжо інфармацыю пра гэта «зліў» нехта з палка?


«Наколькі я ведаю, Васіль не хаваў, што ён у В’етнаме, і пра гэта ведала дастаткова шмат людзей, я нават бачыў, як ён выходзіў на стрымы на фоне в’етнамскіх краявідаў, таму казаць пра нейкіх “кратоў” не будзем. Безумоўна, правяранні праводзяцца, гэта ж вайсковая структура, там ёсць свая бяспека, што займаецца контрвыведкай, аднак усё гэта ў юрысдыкцыі ўкраінскага боку», – адказаў на такія падазрэнні Кабанчук.


Ён пры гэтым заўважыў, што полк амаль ніяк не можа дапамагаць сваім былым ваярам:


«Полк Каліноўскага – вайсковая структура, аніяк не праваабарончая і не адвакацкая. Безумоўна, мы маем знаёмствы і выхады на такія структуры, і ўжо тыя мусяць профільна гэтым займацца, бо кожны мусіць займацца сваім кірункам. Зараз мы вядзем кансультацыі, што ў гэтым выпадку можна зрабіць, чым дапамагчы Васілю, аднак не больш за тое».

Жонка Васіля згадвае, што ён быў вельмі абражаны і пакрыўджаны на Літву пасля адмовы ў легалізацыі:


«Ён лічыў сябе героем, ён прыйшоў з вайны. Васіль – былы беларускі афіцэр, які стаў на бок народа. І калі ён пабачыў гэтую забарону, проста плюнуў на гэтую Літву, сказаў: я тут нічога прасіць не буду».


З крытыкаю на ўлады ў Вільні абрынуўся літоўскі інструктар палка Каліноўскага Рымас Армайціс. У сваім Facebook ён напісаў, што прызнаць беларуса пагрозаю мог або «поўны да…ёб», або «пракрамлёўскі агент»:

,,

«Не магу ўцяміць, як асоба, якая ваюе з пуцінскім рэжымам на ўкраінскім фронце, можа быць пагрозаю нашай нацыянальнай бяспецы. Для Расеі – так, аднак для Літвы гэта можа прызнаць або поўны да…ёб, або пракрамлёўскі агент».


Армайціс таксама адзначыў, што гэта не першы выпадак, калі ўлады ягонай краіны хоцькі-няхоцькі дзеяць на карысць Менску, напрыклад, перадаўшы ў 2011 годзе інфармацыю пра банкаўскія рахункі беларусаў, што прывяло за затрымання праваабаронцы Алеся Бяляцкага.


«Ці першы гэта выпадак, калі Літва працуе на гестапа імя вусатага прусака? Гэта становіцца традыцыяй. Калі Васіль Верамейчык не перажыве допытаў у беларускім гестапа, ягоная кроў пральецца на галовы чыноўнікаў, якія яго адрынулі», – падсумаваў вайсковец.


Сцяпан Кубік, Руслан Ігнатовіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10