Нацыянальная пракуратура Польшчы шукае траіх грамадзянаў Беларусі, якія маюць дачыненне да прымусовай пасадкі польскага самалёта ў Менску ў траўні 2021 года.
Двое мужчынаў абвешчаныя ў міжнародны вышук паводле «чырвонага апавяшчэння» Інтэрполу, у дачыненні да трэцяга ідзе працэдура атрымання такога дакументу. У Акруговы суд Варшавы падалі заявы наконт вынясення еўрапейскіх ордараў на арышт у дачыненні ўсіх асобаў у вышуку, перадае RMF24.
Як распавяла прэс-сакратарка генпракурора Ганна Адамяк, Мазавецкі аддзел Дэпартаменту барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры кантралюе следства, што вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ў справе пра захоп кантролю над польскім самалётам 23 траўня 2021 года ў Беларусі – гаворка пра прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» з блогерам Раманам Пратасевічам і расейскай грамадзянкай Соф’яй Сапегай на борце, якіх пасля арыштавалі ўлады Беларусі.
Паводле ведамства, працаўнікі авіядыспетчарскай службы перадалі ілжывую інфармацыю пра нібыта закладзенае на борце выбуховае прыстасаванне, вымусіўшы экіпаж зрабіць аварыйную пасадку ў Менску.
«У хадзе расследавання былі вынесеныя загады наконт прад’яўлення абвінавачанняў тром грамадзянам Беларусі, якія непасрэдна маюць дачыненне да захопу самалёта – былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, начальніка змены кантролю Яўгена Цыганова і афіцэра КДБ Андрэя А. М.», – паведаміла Адамяк. Іх абвінавачваюць у тэракце: захопе самалёту шляхам падману і незаконным пазбаўленні волі пасажыраў і экіпажу. За гэта пагражае да 12 гадоў турмы.
Следства ў Польшчы прыйшло да высновы, што пагроза выбуху была фальшываю і ўся гэтая гісторыя – аперацыя спецслужбаў Беларусі дзеля затрымання Пратасевіча.
Паколькі падазраваныя застаюцца па-за межамі Польшчы, пракуратура Польшчы накіравала ў Інтэрпол запыты пра публікацыю «чырвонага апавяшчэння» на тэрыторыі ўсіх краінаў, што ўваходзяць у Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі. Паведамляецца, што ў дачыненні двух падазраваных ужо распачаты міжнародны вышук. У дачыненні да трэцяга працэс афармлення «чырвонага апавяшчэння» працягваецца.
Нагадаем, 6 верасня 2024 года польская «Gazeta Wyborcza» апублікавала вялікі артыкул пра справу лайнера «RyanAir», што ляцеў з Афінаў у Вільню і быў прымусова пасаджаны ў Менску ў траўні 2021 года. Тады быў затрыманы журналіст Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка, расейская грамадзянка Соф’я Сапега.
Паводле версіі цяперашніх уладаў Беларусі, тэрарысты «Хамасу» парассылалі лісты ў некалькі аэрапортаў з паведамленнем, што борт замінаваны і выбух здарыцца, калі самалёт будзе над Вільняй. Таму экіпажу настойліва прапанавалі прызямліцца ў Менску. Маўляў, Пратасевіч, які быў у самалёце, – проста выпадковасць.
Самалёт зарэгістраваны ў Польшчы, на рэйсе былі польскія грамадзяне, таму ў суседняй краіне пачалі следства. Праз некалькі гадоў Акруговы суд у Варшаве завочна арыштаваў трох асобаў: таго самага Леаніда Чуро, Яўгена Цыганова і афіцэра КДБ. І толькі цяпер справа дайшла да «чырвонага апавяшчэння» Інтэрполу
Надзея Вольная belsat.eu