Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу»
19.07.2024, 15:33
Андрэй Гнёт. (Крыніца: baj.media)
podpis źródła zdjęcia
Але пагроза экстрадыцыі ў Беларусь усё яшчэ застаецца высокай.
Андрэй Гнёт больш не значыцца ў «чырвоным спісе» Інтэрполу, паводле якога яго могуць арыштаваць у 190 краінах, што ўваходзяць у арганізацыю. Пра гэта паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Андрэй Гнёт. (Крыніца: baj.media)
«Падставаў для ўтрымання беларускага журналіста Андрэя Гнёта ў міжнароднай базе Інтэрполу, ці ў «red notices for wanted persons», няма», – пра гэта генеральны сакратарыят арганізацыі паведаміў у электронным лісце Прадстаўніцтву Еўразвязу ў Сербіі.
Паводле Інтэрполу, справа ў дачыненні Андрэя Гнёта мае палітычную падаплёку. У сувязі з гэтым перабыванне маладога чалавека ў «чырвоным спісе» супярэчыць артыкулам 2 і 3 Статуту Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі.
Так, у артыкуле 2 Статуту вядзецца пра тое, што Інтэрпол мусіць забяспечваць «шырокае ўзаемадзеянне крымінальнай паліцыі ў межах дзейнага заканадаўства краіны і ў духу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека». А з артыкулу 3 вынікае, што «арганізацыі катэгарычна забараняецца ажыццяўляць якое-небудзь умяшанне ці дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару».
Як адзначае сам Андрэй Гнёт, ліст з Інтэрполу быў перанакіраваны з Прадстаўніцтва ЕЗ у Сербіі яму і ягонаму адвакату. Андрэй ужо звярнуўся ў Інтэрпол з просьбай выслаць пацвярджэнне пастановы ў выглядзе афіцыйнага дакументу з подпісам гендырэктара Інтэрполу.
,,
«Можам пасля гэтага ліста казаць пра тое, што з самага пачатку мой вышук быў палітычна матываваным. Але тут, вядома, у мяне пытаннечкі ёсць да Інтэрполу. Як адбываецца так, што вы спачатку чалавека арыштоўваеце і садзіце за краты, ён змагаецца з экстрадыцыяй, а потым вы ўжо разбіраецеся і кажаце: «Ой, дык мы ж свой уласны статут і парушаем!». Гэта даволі абсурдная сітуацыя», – пракаментаваў Андрэй Гнёт.
Пры гэтым, адзначае журналіст, пагроза экстрадыцыі ў Беларусь усё яшчэ застаецца, бо сербскія ўлады «заплюшчваюць вочкі» на пастановы Інтэрполу і кажуць, што трымаюць Андрэя пад арыштам «не таму, што Інтэрпол папрасіў, а таму што ў нас ёсць двухбаковае пагадненне з Беларуссю, нам ужо той Інтэрпол і нецікавы».
Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам Свабоднага аб’яднання спартоўцаў «SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе. Ён быў затрыманы ў Сербіі на запыт уладаў Беларусі і больш як 7 месяцаў правёў у Цэнтральнай турме Бялграду. У пачатку чэрвеня Андрэя перавялі на хатні арышт.
13 чэрвеня сталася вядома, што сербскі суд пастанавіў экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Андрэй кажа, што гэта для яго будзе смерцю. Цяпер ён абскарджвае пастанову Найвышэйшага суда Бялграду.