У папраўчай калоніі № 22 «Воўчыя Норы» ў Івацэвічах паводле распараджэння кіраўніцтва ў суботу, 17 траўня, уключылі ацяпленне. Нагодаю сталася агалоска смерці вязня, пра якую стала вядома некалькі дзён таму, піша тэлеграм-канал Mayday.Team.
Як стала вядома праваабаронцам, памерламу мужчыну было каля 50 гадоў. У калоніі ён адбываў пакаранне разам з сынам. Прычыны смерці не паведамляюць.
Mayday.Team са спасылкаю на падпісчыкаў таксама адзначае, што смерць гэтага вязня не адзіная за апошні месяц у ПК № 22, аднак пацверджання гэтай інфармацыі няма.
У канцы красавіка праваабаронцы паведамлялі пра эпідэмію ковіду ў «Воўчых Норах». Вязні хварэлі цэлымі атрадамі, а лекавалі іх толькі парацэтамолам. Пра тое, што сімптомы хваробы вельмі нагадваюць каронавірусную інфекцыю, на волю перадалі зняволеныя.
,,«Гэта быў іхны крык пра дапамогу, і ўжо тады яны асцерагаліся, што хтосьці можа не выжыць. Частку самых цяжкіх хворых вывезлі ў Менск у Рэспубліканскую турэмную лякарню», – апавядалі праваабаронцы.
У жылых памяшканнях калоніі праз замаразкі было вельмі халодна, аднак адміністрацыя ПК № 22 усяляк зняпраўджвала інфармацыю пра рост захворвальнасці, а калі навіна трапіла ў недзяржаўныя медыі, вязням пачалі пагражаць адказнасцю за перадачу звестак «экстрэмісцкім» рэсурсам».
Раней праваабаронцы расказвалі, што ў медычнай частцы калоніі не стае лекаў. Некалькіх самых цяжкіх хворых адправілі ў Рэспубліканскі агульнасаматычны шпіталь ДВП МУС. Адміністрацыя не хоча ўводзіць каранціну, бо гэта прывядзе да поўнай змены рэжыму працы папраўчай установы.
У калоніі не прыпынілі працяглых і кароткатэрміновых спатканняў, а тых, хто пераносіць хваробу лягчэй, прымушаюць выходзіць на працу.
Смерці ў калоніях і пасля вызвалення сведчаць пра сістэмныя праблемы ў забеспячэнні медычнай дапамогі ў месцах несвабоды ў Беларусі, заявіў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка, каментуючы нядаўнія смерці былых палітзняволеных – 39-гадовай Ганны Кандраценкі і 45-гадовай Тамары Каравай.
Юрыст і праваабаронца адзначае, што праблемы са здароўем у месцах пазбаўлення волі вельмі сурʼёзныя.
,,«Умовы ўтрымання, недастатковая медычная дапамога і псіхалагічны ціск негатыўна ўплываюць на фізічны і псіхічны стан зняволеных. У 2024 годзе былі зафіксаваныя выпадкі смерці палітвязняў: Вадзім Храсько памёр ад пнеўманіі, Ігар Леднік меў інваліднасць і памёр ад спынення сэрца. Гэтыя выпадкі сведчаць пра сістэмныя праблемы ў забеспячэнні медычнай дапамогі ў турмах. Сёлета стала вядома пра смерць былых палітзняволеных, адной з іх яшчэ ў калоніі дыягнаставалі анкалагічнае захворванне», – кажа праваабаронца.
На сакавік 2025 года за кратамі ў асаблівай рызыцы былі не менш за 219 палітычных вязняў. Праваабаронцы заклікаюць паведамляць аб праблемах са здароўем блізкім і сукамернікам, каб прыцягнуць увагу грамадскасці і міжнародных арганізацыяў, што можа спрыяць паляпшэнню ўмоваў утрымання і наданню неабходнай медычнай дапамогі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu