Гісторыі

Стваральнік клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін: «Мой прысуд – гэта папярэджанне іншым бізнесоўцам»

Алег Каўрыгін у інтэрв'ю «Белсату»
Алег Каўрыгін у інтэрв'ю «Белсату». 26 лістапада 2024 года. Скрыншот: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Што будзе з клінікамі «Новы зрок», заснавальнік сеткі не ведае, але не чакае нічога добрага. Завочны суд над сабой Алег Каўрыгін лічыць не толькі палітычным: хоць думае, што ўлады баяцца яго не менш, чым Паўла Латушку, таксама лічыць, што яго зрабілі «злыднем», каб забраць клінікі на карысць дзяржавы.

Алег Каўрыгін, заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок». Фота: doktora.by

Агучаны прысуд заснавальніку клінікі «Новы зрок» Алегу Каўрыгіну

навіны

Заснавальніка клінікі «Новы зрок» Алега Каўрыгіна завочна асудзілі ў Беларусі на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 400 тысяч рублёў нібыта за нявыплату падаткаў і па шэрагу палітычных артыкулаў. «Новы зрок» яшчэ летам 2023 года пазбавілі ліцэнзіі для працы ў Беларусі. Каўрыгін знаходзіцца за мяжой, дэталі справы не змог даведацца. Ён распавёў «Белсату» ў вялікім інтэрв'ю, што думае пра сваю крымінальную справу і пра лёс клінік.

«Баяцца не менш за Латушку, а то і больш»

12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – гэта суровы прысуд нават па беларускіх мерках. На просьбу пракаментаваць гэта Каўрыгін адказаў:

,,

«Вы разумееце, каб каментаваць нейкія рэчы, трэба разумець, што адбываецца. Я пазбаўлены цалкам доступу да гэтага працэсу. Працэс быў закрыты, праведзены без майго ўдзелу. Мне было адмоўлена цалкам у любой прававой дапамозе».


Абскарджваць прысуд ён не збіраецца: кажа, фізічна не можа гэтага зрабіць, бо не можа нават атрымаць тэкст прысуду. Адзначае, што следчыя яму нават не тэлефанавалі.

Алег Каўрыгін успамінае, што ў лютым яго затрымлівалі ў Польшчы па лініі Інтэрполу. Пасля гэтага ён прасіў, каб яго дапусцілі да судовага разгляду, але яму адмовілі.

Ён пісаў запыты ў сам Інтэрпол, але з Ліёну яму адказалі, што Нацыянальнае бюро Інтэрполу ў Беларусі прасіла не інфармаваць яго пра тое, што супраць яго вядуцца нейкія дзеянні, што яго размясцілі ў сістэме пошуку Інтэрполу. Са слоў Каўрыгіна, у Інтэрполе гэтаму здзівіліся. А само Нацыянальнае бюро адказала Каўрыгіну, што не ўпаўнаважана прадстаўляць інфармацыю аб працэсе.

Што да абвінавачванняў, Каўрыгін кажа:

,,

«Вельмі шмат палітычных артыкулаў. Эканоміка ішла нейкім такім прычэпам невялікім. Прычым я нават не разумею, якім чынам ім удалося мяне прывязаць да гэтага да ўсяго, нават фармальна».


«Што я магу сказаць? Што палітычныя артыкулы, мабыць, у дачыненні да мяне абгрунтаваныя з пункту гледжання гэтых уладаў, калі яны лічаць, што свабоднае волевыяўленне, думкі чалавека, яго пункт гледжання, выказаны мірна... Я ж не заклікаў да таго, каб ладзіць нейкія тэрарыстычныя акты, ці там нешта яшчэ. Я проста казаў, што краіна памянялася. Я казаў, што адбыліся перамены.


Я казаў, што няма сістэмы правасуддзя, што ёю карыстаюцца ў сваіх інтарэсах супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія далёка ўжо не супрацоўнікі праваахоўных органаў. Хто заўгодна, толькі не супрацоўнікі праваахоўных органаў, яны выконваюць нейкія заказы. Гэта значыць, няма ніякай барацьбы, няма ніякага судовага працэсу. Суддзі прадыктавалі загадзя прысуд, які яна агучыла ў дачыненні да мяне».


Каўрыгін нагадвае, што ён не першы чалавек, якога ў Беларусі завочна прысудзілі да такога буйнога тэрміну. Пытаецца, колькі далі намесніку кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Паўлу Латушку: «Па-мойму, 15... 12 гадоў таксама, так?» Ён памыляецца не нашмат: Латушку завочна прысудзілі да 18 гадоў па справе супраць Каардынацыйнай рады. Абраную прэзідэнта Святлану Ціханоўскую тады ж завочна прысудзілі да 15 гадоў, яшчэ двух членаў першага склікання КР – да 12 гадоў. Каўрыгін разважае:

,,

«Але, мабыць, яны баяцца мяне не менш, а можа быць нават і больш».


«Таму што, разумееце, калі прафесійны палітык выказвае свае погляды, маючы палітычныя амбіцыі, то гэта можа быць Вадзім Пракоп'еў і спадар Латушка ці там спадарыня Ціханоўская, ці нехта яшчэ. Гэта з'яўляецца для людзей чымсьці звыклым. Але калі звычайны чалавек, проста звычайны чалавек, бізнесмэн, які будуе медыцыну без межаў, які займаецца будаўніцтвам бальніц у розных краінах, кажа простыя, зразумелыя людзям рэчы і не баіцца гэта зрабіць... Можа быць, для іх гэта страшней, чым проста прафесійны палітык. 

Таму што мяне немагчыма абвінаваціць у тым, што я праходзіў нейкае навучанне за мяжой. У нейкіх інстытутах, якія займаюцца паліталогіяй, ці чымсьці яшчэ. Мяне немагчыма абвінаваціць у тым, што я фінансуюся нейкім замежным урадам, ці нейкімі структурамі, з ім звязанымі. Гэта значыць, я абсалютна чалавек з вуліцы і больш блізкі беларусам, чым хто-небудзь, таму што я зрабіў сваімі рукамі нармальную, вельмі сур'ёзную сістэму аховы здароўя ў галіне афтальмалогіі, падняў яе вышэй за еўрапейскі ўзровень у некаторых момантах і зраўняў яе. І яна ішла вельмі ўпэўнена наперад».

Што будзе з клінікамі? Наўрад ці нешта добрае

Улады Беларусі называюць Каўрыгіна фактычным кіраўніком «Новага зроку». Ён жа сцвярджае, што хоць і заснаваў сетку, апошнім часам працаваў там у якасці кансультанта, а ўласнік клінік – замежнае прадпрыемства. Але сваім стварэннем Каўрыгін ганарыцца: распавядае, што сотні тысяч людзей атрымалі кваліфікаваную дапамогу, штогод і праводзілася каля 50-60 тысяч аперацый на вачах, будавалася ўжо шостая клініка, «ні адзін пацыент не паскардзіўся». 

Каўрыгін хоча гаварыць не пра свой прысуд, а пра выгнанне:

,,

«Па-сапраўднаму мне шкада людзей, якія засталіся без кваліфікаванай медыцынскай дапамогі».


«Мне па-сапраўднаму шкада, што з'явіліся інваліды па зроку. Па-сапраўднаму мне шкада, што існуюць людзі першага і другога гатунку ў Беларусі. Гэта значыць існуе бальніца, якая пабудавана за 150 млн еўра для аднаго чалавека і пры гэтым, калі людзі плацяць са сваёй заработнай платы грошы ў бюджэт за тое, каб атрымаць нейкую кваліфікаваную дапамогу, яны яе не атрымліваюць. Яны ідуць у медыцынскія цэнтры, якія ствараюцца, і плацяць паўторна. Плюс да ўсяго, з гэтага ўсяго дзяржава яшчэ забірае падаткі і рабуе людзей два, тры, чатыры разы».

Бізнесовец упэўнены, што прыватная медыцына заўсёды будзе «на ўзровень вышэйшай за дзяржаўную», будзе працаваць «і для людзей, і для дзяржавы». Большасць сфер медыцыны рана ці позна павінны стаць прыватнымі, лічыць Каўрыгін, а сферы, якія патрабуюць вялікіх капіталаўкладанняў і вялікай адказнасці, павінны будавацца на прыватна-дзяржаўным партнёрстве.

Алег Каўрыгін у інтэрв'ю «Белсату». 26 лістапада 2024 года. Скрыншот: Белсат
Алег Каўрыгін у інтэрв'ю «Белсату». 26 лістапада 2024 года. Скрыншот: Белсат

Ён тлумачыць: «У той момант, калі я прыйшоў у афтальмалогію, аперацыі праводзіліся ў Беларусі з дапамогай разламаных лёзаў для галення «Нева» і зашываліся ніткамі, якія былі з распушчаных калготак. Я зрабіў так, каб мы вельмі хутка прайшлі эвалюцыю ў Беларусі шляхам стварэння канферэнцый, навучання лекараў, будаўніцтва будынкаў, прыцягнення інвестыцый.

Мы ператварыліся ў сучасную бальніцу літаральна праз год, праз два і дагналі ўжо сучасны свет, і атрымлівалі добрую, сур'ёзную афтальмалагічную дапамогу. Цяпер гэта ўсё разбурана, таму што людзям, якія гэтым займаюцца, гэта нецікава».

,,

«Я думаю, што ўсё ж такі ўлада ў Беларусі зменіцца, – кажа Алег Каўрыгін. – Таму што, калі чалавек прыходзіць на працу і крадзе там грошы са сваёй працы, рана ці позна ад гэтай працы не застанецца нічога».


У адным з мінулых інтэрв'ю – у размове з выданнем «Зеркало» – Каўрыгін меркаваў, што клінікі «Новы зрок» могуць увайсці ў склад сеткі клінік «Вока» Ірыны Абельскай, меркаванай маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер ён лічыць, што пасля таго, як такі сцэнар быў агучаны, гэта ўжо малаверагодна, але ўсё яшчэ магчыма.

Як менавіта дзяржава забярэ клінікі, яму ўсё роўна, але ён кажа, што крымінальная справа супраць яго – гэта «толькі нейкая такая дымавая заслона, каб прыкрыць крадзеж уласнасці замежнай кампаніі». Сябе ў гэтай справе ён лічыць «неабходнай ахвярай»: маўляў, кагосьці трэба было прадставіць злыднем, каб адабраць клінікі.

У фільме БТ людзі «практычна давалі інтэрв'ю пад шыбеніцай»

Каўрыгін успамінае, што супраць яго з 2011 па 2017 год было тры крымінальныя справы, яго абвінавачвалі і ў нявыплаце падаткаў, і ў кантрабандзе. Юрыстам і аўдытарам прыйшлося выдаткаваць шмат сіл, але ў выніку ўсе справы былі спыненыя праз адсутнасць складу злачынства. Ён сцвярджае, што і цяпер у чарговы раз сутыкнуўся з незаконным пераследам – «у асноўным, мабыць, па палітычных матывах».

,,

«І мой прысуд 12 гадоў – гэта папярэджанне. Папярэджанне іншым бізнесменам, іншым сумленным людзям, каб яны сядзелі дома, каб яны не адкрывалі рот».


«Каб яны маўчалі, як ягняты, якіх будуць рэзаць. Таму што гэта будуць суседнія ягняты, а вы будзеце цэлым чалавекам».

Тое, што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне прысвяціла яму вялікі фільм-«расследаванне», Каўрыгін лічыць дзіўным: ён жа не быў у Беларусі з 2010 года, жыве за мяжой і з'яўляецца ўжо замежным грамадзянінам. Глядзець гэты фільм ён не збіраецца.

Распавядае:

,,

«Мне тэлефанавалі дактары, плакалі некаторыя, казалі "Нас прымусілі прыйсці, устаць да сценкі, казаць пра вас дрэнна" і гэтак далей».


Вядома, гэтыя людзі практычна давалі інтэрв'ю пад шыбеніцай. Гэта значыць кожнага з іх паставілі на крэсла, паставілі як бы вобразна на зялёны фон і павесілі вяроўку на шыі. І паспрабуй не скажы так, як ёсць. Але калі браць там гэтых людзей, якія судзіліся са мной... У галоўнага бухгалтара сын – эканаміст. Будзеш супраціўляцца, пасадзім на 10 гадоў і побач сына пасадзім. Мы бачым прыклады. Бабарыка і яго сын сядзяць. Яны ім далі вялікія тэрміны, і малады хлопец там рэальна пакутуе. Бацька таксама пакутуе. Гэта ж кандыдат у прэзідэнты. Што вы робіце?»

Каўрыгін дзівіцца эканамічным абвінавачванням супраць яго: кажа, што пражывае пастаянна ў іншай краіне, там плаціць падаткі і не аказвае ўплыву на бізнес у Беларусі:

«У мяне не было ніколі рахунку ў Беларусі. Я не ведаю, што яны збіраюцца там адбіраць. У мяне няма ні кватэры ў Беларусі, ні дома. У мяне нічога няма ў Беларусі, акрамя магіл маіх бацькоў. Прычым маці яны там рэальна практычна замучылі. Яны спрабавалі жанчыну, якой 89 гадоў, дапытваць. Неаднаразова прыязджалі».

Каўрыгін дадае, што яму пашанцавала апынуцца ў краіне, якая яго не арыштавала і пакінула на волі. Але ён шкадуе беларусаў, якім пашанцавала менш: «Мы гаворым пра рэжым, у якім даказана, што існавалі палітычныя забойствы. Ёсць сведкі, ёсць прызнаныя факты. Між тым ідзе поўным ходам гандль з гэтай краінай. І плынь фур з боку Польшчы толькі павялічваецца. Гэта значыць эканоміка – асобна, катлеты – асобна, мухі – асобна».

Да завочнага прысуду яму самому Алег Каўрыгін ставіцца з іроніяй. Прапануе звяртацца да яго па каментары, смяецца: «Я чалавек цяпер не вельмі заняты, у мяне наперадзе цэлая вечнасць – 12 гадоў турмы». 

Алег Каўрыгін у інтэрв'ю «Белсату». 26 лістапада 2024 года. Скрыншот: Белсат
Алег Каўрыгін у інтэрв'ю «Белсату». 26 лістапада 2024 года. Скрыншот: Белсат

Папярэджвае, што можа выказваць думкі, якія не ўсім спадабаюцца: «Я ж і не грашовая купюра, каб усім падабацца. Я проста вельмі прыгожы і сэксуальны».

Кацярына Гардзеева / АБ belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10