навіны

Агучаны прысуд заснавальніку клінікі «Новы зрок» Алегу Каўрыгіну

Алег Каўрыгін
Алег Каўрыгін, заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок». Фота: doktora.by
podpis źródła zdjęcia

У Менску 25 лістапада быў агучаны завочны прысуд заснавальніку медцэнтру «Новы зрок» Алегу Каўрыгіну, паведаміла прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Медцэнтр «Новы зрок» у Гомлі. (Фота: eyes.by)

Заснавальнік клінікі «Новы зрок» быў затрыманы ў Польшчы па запыце беларускіх сілавікоў у Інтэрпол

навіны

Алега Каўрыгіна прызналі вінаватым у арганізацыі і кіраўніцтве ўхіленнем ад выканання абавязкаў падаткавага агенту па пераліку падаткаў у асабліва буйным памеры, а таксама ў арганізацыі і кіраўніцтве ўхіленнем ад сплаты страхавых унёскаў у асабліва буйным памеры, распавяла пракурор Таццяна Гракун.


Пад фармулёўкай абвінавачвання маецца на ўвазе выплата «заробкаў у канверце», без іх адлюстравання ў падаткавым і бухгалтарскім уліку.


Таксама Каўрыгіна прызналі вінаватым ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, што пацягнула за сабой шкоду ў асабліва буйным памеры, спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна, распальванні сацыяльнай варожасці, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, закліках да санкцыяў і іншых дзеяннях, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (агулам 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі).


Суд прызначыў бізнесоўцу 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама абавязаў яго выплаціць штраф у памеры 10 тысяч базавых велічыняў (400 тысяч рублёў). Каўрыгіну на пяць гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых абавязкаў.


Таксама з заснавальніка «Новага зроку» спагналі ў даход дзяржавы больш за 3 мільёны ў якасці кампенсацыі шкоды ад нясплаты падаткаў на прыбытак.


Алега Каўрыгіна судзілі завочна, бо ён цяпер знаходзіцца за мяжой.


Акрамя таго, галоўная бухгалтарка медцэнтру прызнаная вінаватай ва ўхіленні ад выканання абавязкаў падаткавага агенту па пераліку падаткаў і ва ўхіленні ад сплаты страхавых унёскаў у асабліва буйным памеры. Намеснікі дырэктара і галоўная медыцынская сястра клінікі – у спрыянні вышэй названым злачынствам. Яны асуджаныя да 3 гадоў 3 месяцаў і 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Таксама яны мусяць заплаціць штраф ад 24 да 40 тысяч рублёў.


Галоўная бухгалтарка клінікі пазбаўленая права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых абавязкаў і юрыдычна значных дзеянняў на 5 гадоў.


У красавіку 2023 года супраць заснавальніка медцэнтру «Новы зрок» Алега Каўрыгіна і чацвярых працаўнікоў медустановы была распачатая крымінальная справа за нібыта выплаты працаўнікам заробкаў у канвертах. Улетку 2023 года Міністэрства аховы здароўя Беларусі пазбавіла клініку «Новы зрок» ліцэнзіі. Пасля гэтага «Новы зрок» паведаміў, што сыходзіць з рынку Рэспублікі Беларусь.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10