навіны

«Гістарычная падзея для Беларусі». Латушка і Ціханоўская – пра пазоў супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд

прэс-канферэнцыя, Святлана Ціханоўская
Прэс-канферэнцыя з нагоды падачы Літвою пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 3 кастрычніка 2024 года, Варшава. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Літоўскі ўрад 30 верасня на падставе матэрыялаў, сабраных Народным антыкрызісным упраўленнем, перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе пазоў, датычны злачынстваў Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні беларусаў. Падчас канферэнцыі ў Варшаве 3 кастрычніка абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і кіраўнік НАУ Павел Латушка распавялі пра значэнне гэтай падзеі для нашае краіны.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: opinioncaribe.com

Міжнародны крымінальны суд прызначыў суддзяў для папярэдняга вядзення ў справе Лукашэнкі

навіны

Сігнал рэжыму, што беспакаранасці не будзе


Святлана Ціханоўская назвала пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе гістарычнай падзеяй для беларусаў. 


«Гэта важны пункт на шляху да аднаўлення законнасці і справядлівасці. Гэта сігнал падтрымання беларускаму народу, а рэжыму – што беспакаранасці не будзе, – сказала беларуская літарка. – Літва скарысталася сваім правам паводле Рымскага статуту (міжнародная дамова, паводле якой і быў створаны Міжнародны крымінальны суд – рэд.), бо частка злачынстваў адбывалася ў тым ліку на яе тэрыторыі. Гаворка ідзе пра прымусовае перамяшчэнне цывільнага насельніцтва праз рэпрэсіі, якія распачаў рэжым Лукашэнкі. І хоць Беларусь сёння не мае юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, але ад імя беларусаў магу заявіць, што Рымскі статут стане адным з першых дакументаў, ратыфікаваных дэмакратычнай уладай у Беларусі». 


Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі з нагоды падачы Літвою пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 3 кастрычніка 2024 года, Варшава. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі з нагоды падачы Літвою пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 3 кастрычніка 2024 года, Варшава. Фота: Белсат

Беларуская лідарка падчас прэс-канферэнцыі выказала поўнае падтрыманне Літве ад імя беларусаў і заклікала іншыя краіны зрабіць такі ж крок:

,,

«Мы просім улады краінаў накіраваць лісты ў Міжнародны крымінальны суд з заклікам правесці расследаванні злачынстваў Лукашэнкі. Мы ўдзячныя таксама Польшчы. 2 кастрычніка польскае МЗС афіцыйна заявіла, што Польшча падтрымлівае Літву і яе пазоў у Міжнародны крымінальны суд. Польшча, Літва, а таксама Латвія і Украіна найбольш пацярпелі ад дзеянняў рэжыму і зацікаўленыя ў тым, каб дыктатар быў прыцягнуты да адказнасці». 


Павел Латушка ў інтэрв’ю «Белсату». Вільня, Літва. 30 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Як паскорыць цягнік «Менск–Гаага» для Лукашэнкі? Латушка пра зварот у Міжнародны крымінальны суд

навіны

Ціханоўская згадала пра тое, што месяц таму да Рымскага статуту далучылася Украіна: 


«Гэта значыць, што калі будзе распачатае расследаванне ці выдадзены ордар на арышт, Украіна таксама будзе абавязаная яго выконваць». 


Упершыню ў гісторыі


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне з красавіка 2023 года збірала і дакументавала злачынствы супраць чалавечнасці, якія рэжым Лукашэнкі здзейсніў у дачыненні беларусаў. Некаторыя з гэтых злачынстваў, асабліва дэпартацыя і пераслед беларусаў у выгнанні, маюць трансмежны характар, бо яны адбываюцца як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі дзяржаваў – бакоў Рымскага статуту. 


Сабраныя матэрыялы НАУ перадала Міністэрству юстыцыі Літвы. Літоўскі бок, у сваю чаргу, прыйшоў да адназначнай высновы: існуюць дастатковыя падставы, каб сцвярджаць, што Лукашэнка і ягоныя памагатыя здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці. 


30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе дакументы, каб пачаць расследаванне. Разгляд беларускай сітуацыі быў перададзены ў Палату папярэдняга вядзення № 1, прызначаныя суддзі, сфармаваная група асобаў, якія будуць займацца расследаваннем гэтай сітуацыі. 

,,

«Упершыню ў гісторыі Міжнароднага крымінальнага суда краіна, што ёсць бокам Рымскага статуту, перадае ў суд справу, датычную тэрыторыі дзяржавы, што не ёсць бокам Рымскага статуту», – зазначыў намеснік Святланы Ціханоўскай Павел Латушка. 


Павел Латушка на прэс-канферэнцыі з нагоды падачы Літвою пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 3 кастрычніка 2024 года, Варшава. Фота: Белсат
Павел Латушка на прэс-канферэнцыі з нагоды падачы Літвою пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 3 кастрычніка 2024 года, Варшава. Фота: Белсат

Цяпер у Міжнародным крымінальным судзе разглядаюцца факты, датычныя двух відаў злачынстваў, што здзяйсняе рэжым Лукашэнкі: дэпартацыі і пераследу беларусаў за мяжой ды іншых нечалавечых дзеяннях гэткай цяжкасці. 


Пад злачынствам дэпартацыі маецца на ўвазе той факт, што рэжым Лукашэнкі прымусіў цывільнае насельніцтва пакінуць тэрыторыю Беларусі, стварыў атмасферу страху і тэрору праз нечалавечае, жорсткае і прыніжальнае стаўленне, палітычна матываванае пазбаўленне волі, гвалт, парушэнне асноўных правоў і іншыя формы злачынных дзеянняў. 


«Цягнік «Менск – Гаага» з пасажырам Лукашэнкам рушыў, і ніхто яго не спыніць»


Паводле рапарту 2023 года Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і рапарту 2024 года Офісу вярхоўнага камісара правоў чалавека ААН, каля 300 тысяч беларусаў мусілі пакінуць Беларусь. Гэта каля 3,5 % усяго насельніцтва краіны. Большасць ахвяраў рэпрэсіяў перабываюць у Літве і Польшчы. 


«Таму асабліва важным ёсць такі крок з польскага боку, дзе застаецца большасць ахвяраў», – кажа Павел Латушка. 


Пад пераслед беларусаў за мяжой падпадаюць: пагрозы здароўю і жыццю, пераслед сваякоў у Беларусі, пазбаўленне маёмасці, завочныя палітычна матываваныя выракі з парушэннем стандартаў вядзення такіх працэсаў, пазбаўленне доступу да асноўных публічных паслугаў, ужыванне мовы нянавісці.

Прэс-канферэнцыя з нагоды падачы Літвою пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 3 кастрычніка 2024 года, Варшава. Фота: Белсат
Прэс-канферэнцыя з нагоды падачы Літвою пазову супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 3 кастрычніка 2024 года, Варшава. Фота: Белсат

«Заклікаем іншыя краіны падняцца да такіх крокаў, як Літва. Цягнік «Менск – Гаага» з пасажырам Лукашэнкам рушыў, і ніхто яго не затрымае. Лукашэнка і ягоныя памагатыя будуць прыцягнутыя да адказнасці, – зазначае кіраўнік НАУ. – Гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі, бо гэта першы і найважнейшы крок з тых, што былі, да аднаўлення справядлівасці ў дачыненні беларускага народу, сотняў тысяч ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасці, што здзяйсняе дыктатар Лукашэнка і ягоныя памагатыя. Гэты дзень таксама ўвойдзе ў асабістую гісторыю Лукашэнкі, бо ён будзе запісаны ў гісторыю не як першы прэзідэнт, а як апошні дыктатар, як злачынца, які будзе пакараны судом». 


Латушка зазначыў, што, напэўна, Лукашэнку не арыштуюць ужо заўтра. Але палітык упэўнены, што аднойчы гэта адбудзецца. 


«Сіла права мусіць узяць верх над правам сілы. Трэба вярнуць веру беларусаў у справядлівасць. І ў гэтым – матывацыя нашых дзеянняў. Чальцамі суда ёсць 124 краіны. І я як юрыст веру, што тыя 124 краіны выканаюць загад пра арышт Лукашэнкі, калі ён будзе. <…> Мы таксама пасылаем мэсідж элітам Лукашэнкі: можаце паехаць з Лукашэнкам на цягніку «Менск – Гаага» ці не паехаць. Магчыма, частка элітаў захоча затрымаць Лукашэнку і выдаць яго. Але мы не мусім сядзець, чакаць гэтага і глядзець на злачынствы. Гэта не наш падыход. Права ў Беларусі няма, таму мы апелюем да міжнароднага права». 


Ганна Ганчар belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10