Шуфлядка

Як скласці радавод: крок за крокам

Радавод Вазаў
Радавод Вазаў. Крыніца: dominicwinter
podpis źródła zdjęcia

Шукаць продкаў і складаць уласны радавод ніколі не было так проста і захапляльна, як цяпер. «Займацца сваймі дэтэктывамі» – гэтак працэс называе гісторык Ігар Станкевіч. Ён падзяліўся парадамі ў эфіры праграмы «Раніца з "Белсатам"». Мы іх дапоўнілі і прапануем скласці свой радавод крок за крокам.

Крок першы. Паразмаўляйце з бацькамі, бабулямі і дзядулямі

,,

«Бабулі-дзядулі – бягом да іх, гэта невычарпальная крыніца інфармацыі пра продкаў, пра нейкія абставіны жыцця», – раіць Ігар Станкевіч і папярэджвае, што лепш не адкладаць такія размовы «на потым», бо ў жыццё могуць умяшацца розныя абставіны і можна страціць крыніцу звестак пра сям’ю.


Гэтак вы можаце даведацца звесткі пра сваіх сваякоў: прозвішча, імя і імя па бацьку (для вясковай мясцовасці часта важная і мянушка), даты нараджэння і смерці, месцы нараджэння і пахавання. Варта запытаць і пра хросных, бо звычайна іх бралі з ліку сваякоў.

 

І не забывацца, што па жаночай лініі прозвішчы маглі змяняцца праз шлюб.

 

Крок другі. Перабярыце хатні архіў

 

Гэта могуць быць не толькі здымкі (абавязкова звяртайце ўвагу на подпісы, даты і месцы на іх), але розныя дакументы і лісты, якія дапамогуць з пошукам іншых сваякоў. Калі ёсць магчымасць распытацца пра здымкі ў бабуль і дзядуляў, бацькоў, трэба скарыстацца гэтым.

 

Магчыма, нехта з вашых родных вёў асабісты дзённік ці запісы, якія датычылі нейкіх жыццёвых момантаў.

 

«Мая маці напрыклад, з сярэдзіны 1980-х пачала весці блакноцік, дзе занатоўвала розныя выдаткі на розныя рэчы: на харчаванне, на абутак. І гэта яна зрабіла цягам 10 гадоў. Бачна, як раслі кошты, што яна купляла», – дзеліцца Ігар Станкевіч.

 

Звяртайце ўвагу і на дзіўныя несупадзенні, бо яны могуць па-новаму адкрыць гісторыю вашай сям’і. Напрыклад, усе найбліжэйшыя родныя суразмоўцы жылі ў Воршы, але бабуля чамусьці нарадзілася ў Сімбірску. Гэтак ён даведаўся, што ягоныя сваякі, як і 1,3 млн беларусаў у час Першай сусветнай вайны трапілі ў лік бежанцаў. Гэтак, уцякацтва – не новая з’ява ў гісторыі Беларусі.

,,

«Гэта нават не толькі праца следчага, але і рэканструяваць гістарычны кантэкст. Ты пачынаеш даведвацца і пра сапраўдную гісторыю сваёй краіны», – зазначае Ігар Станкевіч.


Крок трэці. Праглядзіце адкрытыя базы звестак у інтэрнэце

 

Напрыклад, пошук удзельнікаў Другой сусветнай вайны, партызанаў Беларусі, рэпрэсаваных сваякоў.

 

Крок чацвёрты. Дадатковы пошук онлайн

Паспрабуйце пашукаць метрычныя кнігі з запісамі пра царкву, касцёл, сінагогу, да якога прыпісанае вашае паселішча і якія маюцца ў адкрытым доступе. Тут вельмі дапамагае сайт «Familysearch», дзе пасля простай рэгістрацыі можна паспрабаваць паглядзець, ці маюцца метрычныя запісы як пра вашае паселішча, так і паводле прозвішча. Пошук даволі просты.

 

Таксама ёсць вялікая колькасць разнастайных электронных бібліятэк у суседніх краінах, найперш Польшчы, Літвы, Латвіі, дзе ў адкрытым доступе – вялікая колькасць архіўных дакументаў і здымкаў, могуць сустрэцца і вашыя продкі, у тым ліку з прозвішчамі. Напрыклад, у Польшчы ёсць сайт «Szukaj w Archiwach», шмат алічбаваных разнастайных калекцыяў і ў Літве.

 

Сёння з’явілася магчымасць пошуку звестак паводле вашага прозвішча ці прозвішчаў продкаў пры дапамозе штучнага інтэлекту. Можна звярнуцца па дапамогу, але памятайце, што ШІ можа не проста скажаць звесткі, але і непрыхавана хлусіць. Таму заўсёды правярайце атрыманыя даныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Радаводнае дрэва. Крыніца: Wikipedia
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Радаводнае дрэва. Крыніца: Wikipedia

Крок пяты. Пазнаёмцеся з мясцовымі газетамі

 

Сёння алічбаваныя шмат газетаў міжваеннага часу (БССР, Заходняя Беларусь у складзе Польшчы), а таксама Расейскай імперыі. У тым ліку ў іх магчымы пошук паводле ключавых словаў. Аднак раёнкі, якія змяшчаюць багата рэгіянальных звестак, можна знайсці толькі ў мясцовых бібліятэках або ў Нацыянальнай.

 

Крок шосты. Ідзіце ў архіў

 

Чым багатыя нашыя архівы і ці ёсць там звесткі пра вашую мясцовасць, варта спачатку спраўдзіць онлайн, а затым скіравацца туды і звярнуцца па дапамогу. Гэта могуць быць як метрычныя кнігі, вопісы выбарнікаў і нават крымінальныя справы.

 

Крок сёмы. Здайце ДНК-тэсты

 

Сёння ёсць магчымасць знайсці сваякоў і пры дапамозе ДНК-тэстаў, якія можна здаць, напрыклад пры дапамозе сэрвісу «MyHeritage». Ігар Станкевіч скарыстаўся такою магчымасцю, бо марыў знайсці дзядулю, які знік падчас Другой сусветнай вайны. А ў выніку нечакана знайшоў сваячніц, якія таксама захапляліся радаводам і дапамаглі аднавіць сямейныя сувязі.

 

Пра тое, як можа выглядаць атрыманы радавод, сведчыць прыклад журналіста Мікалая Зайца, які склаў радаводнае дрэва з больш як 1650 асобаў і ахапіў 10 пакаленняў. Смела выпраўляйцеся па «свае дэтэктывы», які могуць прынесці шмат цікавых гадзінаў, а таксама магчымасць знайсці далёкіх сваякоў у іншых краінах.

 

Цалкам размову з Ігарам Станкевічам глядзіце ў праграме «Раніца з «Белсатам»:

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10