Аналітыка

Банкі прымушаюць даваць прадпрыемствам танныя грошы. Балюча будзе ўсім

img
Ліцейны цэх Менскага трактарнага заводу. Менск, Беларусь. Фота: belarustractors_official / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Нацбанк знайшоў спосаб падштурхнуць эканамічны рост: даваць прадпрыемствам гэтак званыя інвестыцыйныя крэдыты, што будуць таннейшымі за іншыя пазыкі. Эканамістка Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» папярэдзіла, што пры найгоршым сцэнары такое раздаванне грошай цяпер можа прывесці да сур'ёзнага крызісу ў будучыні.

17 красавіка першы намеснік старшыні Нацыянальнага банку Аляксандр Ягораў на сустрэчы з топ-менеджарамі банкаў расказаў, каму і на што трэба даваць крэдыты. Фінансавыя арганізацыі павінны даваць прадпрыемствам найперш гэтак званыя інвестыцыйныя пазыкі – гэта, груба кажучы, не на заробкі работнікам, а на развіццё бізнесу: напрыклад, на куплю абсталявання, тэхналогіяў, будаўніцтва новай вытворчай лініі або на запуск новага бізнесу.

Мінакі каля харчовай крамы ў Менску, Беларусь. 26 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor/Getty Images

Нацбанк раздаў указанні банкам. Беларусам будзе складаней узяць некаторыя крэдыты

Аналітыка

Каб банкі не завышалі стаўкі такіх інвестыцыйных крэдытаў і каб кантраляваць, як фінансавыя арганізацыі выконваюць загад, Нацбанк пашырыў пералік гэтак званых разліковых велічыняў стандартнай рызыкі. Раней для юрыдычных асобаў такі паказнік быў адзіны і датычыў усіх пазыкаў. Надоечы рэгулятар асобна дадаў крэдыты да трох гадоў і крэдыты на тэрмін больш за тры гады. Вось гэтыя доўгія пазыкі і будуць лічыцца інвестыцыйнымі.


Ад велічыні стандартнай рызыкі залежыць стаўка, і пакуль Нацбанк не вызначыў гэты паказнік, не было зразумела, пад які адсотак будуць пазычаць прадпрыемствам інвестыцыйныя грошы.


І вось цяпер сталася вядома, што крэдыты на развіццё бізнесу будуць таннейшымі. Разліковая велічыня стандартнай рызыкі для іх – 12,29 %, для іншых пазыкаў – 12,87 %.


«Гэта ўпісваецца ў тую парадыгму, што банкі мусяць асаблівую ўвагу надаваць інвестыцыйным крэдытам. І каб гэтыя пазыкі былі больш даступнымі, больш прывабнымі, вызначылі вось такія велічыні», – кажа «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Мінакі на вуліцы Няміга ў Менску, Беларусь. 19 жніўня 2023 года. Фота: Contributor/Getty Images
Мінакі на вуліцы Няміга ў Менску, Беларусь. 19 жніўня 2023 года. Фота: Contributor/Getty Images

Экспертка прагназуе: банкі сапраўды пачнуць выдаваць больш інвестыцыйных крэдытаў, аднак нейкага буму чакаць не выпадае. Пагатоў праектаў, якія пасавалі б для такога фінансавання, бракуе. Банкі мусяць быць упэўненыя, што пазычальнік верне грошы, а таму ў ідэале павінны пільна спраўджваць і вывучаць дакументы заяўнікаў. Цяпер жа, імаверна, на нейкія хібы будуць заплюшчваць вочы:

,,

«Банкі будуць намагацца выканаць паказнікі росту крэдытавання і ў пэўнай ступені могуць больш лаяльна ставіцца да выдавання грошай на тыя праекты, якім раней маглі б адмовіць».


Агулам беларускія прадпрыемствы пазычаюць грошы ў банкаў усё шпарчэй. Старшыня Нацбанку Раман Галоўчанка на мінулым тыдні паведаміў, што крэдытаванне юрыдычных асобаў вырасла ў першым квартале на 12 % год да года. За тры месяцы кампаніі набралі пазыкаў амаль на 40 млрд рублёў.


Настасся Лузгіна прызнае, што раздаванне танных грошай насамрэч можа падштурхнуць эканамічны рост цяпер, аднак гэта пагражае крызісам у будучыні. Пытанне ў тым, наколькі эфектыўна кампаніі будуць распараджацца пазыкамі і ці здолеюць іх вярнуць:

,,

«Калі крэдыты браліся не на рост вытворчасці, або на рост вытворчасці, але яна аказалася не прыбытковаю, то гэта можа прывесці да пагаршэння стану кампаніяў, іх закрэдытаванасці. Калі грошы не будуць вяртаць банкам своечасова, гэта можа прывесці да пагаршэння сітуацыі ў банкаўскай сістэме. Дый вырасце нагрузка на дзяржаву, што будзе падтрымоўваць кампаніі, якія ўзялі крэдыт і не могуць яго вярнуць».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10