Хто такі для беларусаў Папа Рымскі? Кім ён быў для нас у час БССР і пасля распаду СССР? Адказ на гэтае пытанне трэба шукаць у дзяржаўнай ідэалогіі. Толькі трэба памятаць, што яна выцякала з ідэалогіі расейскага царызму, галоўнай задачаю якой была русіфікацыя. Усе паўстанні беларусаў і цяперашнія «русіфікатары» ў сваіх падручніках называюць польскімі. Праваслаўная канфесія магла існаваць толькі ў межах Маскоўскага патрыярхату. Каталіцкая лічылася варожаю, якая падлягае выцясненню. Яна звалася царскімі слугамі няйначай, як «польскай».
Расейскія чыноўнікі, дасланыя ў Беларусь пасля паразы паўстання Кастуся Каліноўскага, увесь час прасілі грошай на барацьбу з Касцёлам. З апублікаваных архіўных лістоў мы ведаем, што яны скардзіліся на цяжкую канкурэнцыю. Спасылаліся на тое, што ў каталікоў у храме прыгожа грае арган, а парафіяне ладзяць відовішчныя шэсці і ахвяруюць грошы на будаўніцтва храмаў. Царскія слугі прасілі хаця б часовага дазволу паставіць лаўкі ў іх цэрквах і прыкупіць больш багаты інтэрʼер.
Здавалася б, якое дачыненне мае русіфікацыя да Папы Рымскага? Самае беспасярэдняе. Бо што б ні адбывалася ў Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай, гэта заўсёды была яшчэ і барацьба з каталіцкім Касцёлам. І гэта датычылася ўсіх сфераў. Самы яскравы прыклад: беларусам трэба было працягваць даваць дзецям нармальную адукацыю, бо каланізатары аказаліся на парадак ніжэйшыя ва ўсіх галінах – навуцы, культуры, індустрыі, адукацыі, эканоміцы. Даводзілася самім арганізоўваць школы. Новыя ўлады маглі для малых прапанаваць толькі царкоўнапрыходскія школы. Там чатыры гады «асвойвалі» такі прадмет, як Закон Божы, і чатыры дзеянні арыфметыкі. А ў падпольных школах дзеці вывучалі латынь, матэматыку, геаметрыю. І гэтыя падпольныя школы шукалі царскія жандары, бо і пры расейскім цары, і пры бальшавіках, і пры новых бальшавіках у Беларусі ўсё чужое расейскай ідэалогіі душылася ўсімі спосабамі. Прыклады доўга шукаць не трэба. З нашым гуманітарным коласаўскім ліцэем адбылася такая ж сітуацыя: русіфікацыя, што спынілася толькі на нейкія пару гадоў, «запрацавала», і ліцэй сышоў у падполле.
Калі сёння нехта з абывацеляў кажа не каталіцкі, а «польскі Вялікдзень», то ён сам, не падазраючы пра гэта, дзее ў інтарэсах палітыкі русіфікацыі сваёй жа краіны. Пасля перавароту 1917 года, калі бальшавікам удалося перакрэсліць дасягненні рэвалюцыі 1905 года, па хрысціянскай ідэалогіі быў нанесены каласальны ўдар. Спальванне абразоў, забойства святароў, пераслед вернікаў, разбурэнне ўнікальных храмаў – гэта яшчэ далёка не ўвесь пералік таго жаху, што перажыў народ. Ну і кім мог быць для беларусаў у той сітуацыі Папа Рымскі?
Ды што там Папа Рымскі! Незразумела, як увогуле захаваўся сам народ са сваёй маральнасцю і талерантнасцю. Першая сусветная проста спапяліла ўсё, што было, а тут яшчэ і бальшавіцкі тэрор са сваёй нагляднай агітацыяй: «Папы і сектанты – памагатыя контррэвалюцыі!», «Сацыялістычнае спаборніцтва – класавая зброя барацьбы з рэлігіяй!», «Замест калядаў – дні індустрыялізацыі!». Што такое для верніка было зняць і схаваць распяцце, абраз, любую рэлігійную кнігу? Як праз нейкіх тры дзесяцігоддзі магло стацца так, што ўнукі, наведваючы сваю бабулю, на абраз замест аблічча Багародзіцы прыклейвалі партрэт Леніна і смяяліся: «Бабуля! Бога няма!».

Згадваюцца словы Мікалая Бярдзяева: «Камунізм ёсць вызнанне пэўнай веры, веры, процілеглай хрысціянскай. Камуністы любяць падкрэсліваць, што яны супернікі хрысціянскай, евангельскай маралі, маралі кахання, жалю, спачуванні. І гэта, можа быць, і ёсць самае страшнае ў камунізме».
А як бы магла развівацца гісторыя Польшчы, калі б камуністам удалося там пакінуць толькі адзін дзейны храм, як у Беларусі? Што было б, калі б там Касцёл быў пазбаўлены палітычнай ролі ў жыцці краіны? Хто мог бы пасля падзення камунізму забяспечыць плаўны пераход улады да новай польскай дэмакратыі? Няўжо можна да канца ацаніць ролю паляка Папы Яна Паўла ІІ, які столькі зрабіў для сваёй краіны і для дэмакратыі ў свеце?
Мы сёння ўзгадваем Папу Францішка, і, як на іронію лёсу, сёння яшчэ адна дата – дзень нараджэння Уладзіміра Леніна, таго самага «правадыра сусветнага пралетарыяту», які аддаваў загады забіваць святароў. Два чалавекі, два супрацьлеглыя светы. «Ці прыедзе Папа Рымскі ў Беларусь?«, – такое пытанне абавязкова задаваў нехта з журналістаў на прэс-канферэнцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Ягоная эксцэленцыя звычайна жартаваў з нагоды «нечаканасці» пытання. Але тады яшчэ ні ён, ні журналісты не ведалі, што вельмі хутка надыдзе час, калі ў храмах пачнуць збіваць вернікаў. Не ведалі, што святароў будуць кідаць у смярдзючыя камеры і трымаць іх на падлозе, як жывёлу. Не ведалі, што іх будуць вінаваціць у шпіянажы і саджаць у турмы на доўгія гады.
,,Калі якая-небудзь царква пачынае выкарыстоўваць веру для прасоўвання ідэалогіі той ці іншай дзяржавы, той ці іншай улады, яна страчвае аўтарытэт. Бо гэта ўжо не Божы храм у шырокім разуменні гэтага слова, а райкам партыі.
Можа таму ўсё больш вернікаў маладога веку можна бачыць сёння ў каталіцкіх храмах Беларусі? Хрысцілі бацькі ў праваслаўнай царкве, але прыйшлі на свята і дзяцей сваіх прывялі ў касцёл. А ці хацелася б у праваслаўны храм? Канешне, але не ў гэты час і не ў такой сітуацыі. І ўсе чакаюць з надзеяй, калі праваслаўны храм зробіцца менавіта тым месцам, куды хрысціяне будуць ісці з любоўю і вераю. А пакуль як ёсць.
Дык ці прыедзе Папа Рымскі ў Беларусь? Бо нейкіх сем гадоў таму быў ён зусім побач – у Літве, Латвіі і Эстоніі. Ім удалося зрабіцца дэмакратычнымі краінамі, павінна выйсці і ў нас. Толькі ніхто пакуль не скажа, калі менавіта гэта здарыцца. Але гэта адбудзецца. Бо прагрэс спыніць нельга. І Папа Рымскі прыедзе ў Беларусь. І ўбачыць усё на свае вочы. І людзі выйдуць прывітаць яго на вуліцах сваіх гарадоў. І няважна, якое ў яго будзе імя. Візіт Папы Рымскага – гэта сімвал таго, што ў краіне пануюць маральныя хрысціянскія каштоўнасці. А пакуль на цэнтральнай плошчы Менску стаіць помнік Леніну. А побач на адлегласці ў некалькі метраў зачынены Чырвоны касцёл. Візіт Папы будзе не сёння і не заўтра, але гэта здарыцца пасля таго, як знікне напамін пра страшнага тырана, а дзверы касцёлу будуць адчыненыя для парафіянаў. І гэта абавязкова адбудзецца.
Любоў Лунёва belsat.eu