Выезд у Літву і Латвію куды хутчэйшы за выезд у Польшчу: у Берасці давядзецца чакаць каля 90 гадзінаў.
Што ў афіцыйных крыніцах
Паводле Памежнага камітэту Беларусі, чэргі на выезд з Беларусі 18 чэрвеня наступныя.
• «Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 340–350 аўтаў.
• «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). Уначы чаргі легкавікоў не было, днём сабралася чарга ў 10–20 машынаў, чаргі аўтобусаў не было, у чарзе цяжкавікоў – 420–440 аўтаў.
• «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). Апоўначы была чарга з 10 легкавікоў, за гадзіну знікла, чаргі аўтобусаў не было, у чарзе цяжкавікоў – 480–510 аўтаў.
• «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча). У чарзе – 1745–1850 легкавікоў, ад 18 да 33 аўтобусаў. Чарга ў тысячу легкавікоў для гэтага пераходу – нярэдкая з’ява, але ў канцы траўня і пачатку чэрвеня яна зменшылася да трохзначных лікаў, зноў перавысіла тысячу 2 чэрвеня, з 5 чэрвеня амаль не зніжаецца да менш як 1500 машынаў.
• «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча), «грузавы» пераход. А 10-й раніцы на гадзіну з’явілася чарга з 10 грузавікоў, у іншы час чаргі не было. Чарга практычна знікла 17 чэрвеня.
Паводле польскіх памежнікаў, 18 чэрвеня на выезд з Польшчы ў Беларусь час чакання як для легкавікоў, так і для аўтобусаў складае тры гадзіны, грузавікам чакаць не даводзіцца.
Паводле літоўскіх памежнікаў, выезду з Літвы ў Беларусь у Мядзінінкаі чакае 76 грузавікоў і ніводнага аўтобуса ці легкавіка, у Шальчынінкаі – 84 грузавікі, нуль аўтобусаў і легкавікоў.
У латышскіх памежнікаў лічыльнік не працуе, але, паводле грузавога парталу «Cargo.lv», чаргі грузавікоў на беларуска-латвійскай мяжы няма.
Што пішуць у чатах
«Грыгораўшчына – Патэрніекі». Чэргаў практычна няма, ранкам уезду ў Беларусь чакалі хіба тры машыны. Ноччу аўтобус прайшоў мяжу з Беларусі ў Латвію за 3,5 гадзіны.
«Каменны Лог – Мядзінінкай». Чэргі невялікія, але карыстальнікі чату наракаюць на беларускіх памежнікаў: адзін аўтобус, што ехаў з Літвы, стаяў больш за чатыры гадзіны перад беларускім пунктам пропуску, хоць звычайна пераход мяжы займае крыху больш за 2 гадзіны. З Беларусі ў Літву аўтобусы праходзяць мяжу за 3,5–4 гадзіны, калі пашанцуе, і да 6, калі не пашанцуе. Наракаюць на слабы мабільны інтэрнэт: калі трэба паказваць квіткі з тэлефона, лепш загадзя зрабіць скрыншоты. Аўтамабільная чарга перад шлагбаумам невялікая, але за шлагбаумам шмат машынаў. Пераход мяжы з Літвы ў Беларусь на легкавіку зойме больш за 5,5 гадзіны, з Беларусі ў Літву – каля 5 гадзінаў.
«Беняконі – Шальчынінкай». Чэргі таксама невялікія. З Літвы ў Беларусь аўтобус пераходзіць мяжу за 3 гадзіны, легкавік – ад 5 да 8 гадзінаў (з усімі даглядамі праз «чырвоны калідор»), з Беларусі ў Літву аўтобусы чакаюць менш за 2 гадзіны, легкавікі – 3,5–4,5 гадзіны. Не падобна, каб рамонт дарогі моцна перашкаджаў руху.
«Берасце – Тэрэспаль». Аўтобусам з Беларусі ў Польшчу, мяркуючы з аднаго чату, мяжу можна прайсці за 7,5–8 гадзінаў, з Польшчы ў Беларусь – за 6, калі пашчасціць, і за 11, калі не. У другім чаце прагназуюць, што аўтобус будзе пераходзіць мяжу з Беларусі ў Польшчу аж 23 гадзіны, з Польшчы ў Беларусь – 11,5 гадзіны. Пераход мяжы могуць затрымаць правяранні грамадзянаў Украіны на беларускім пункце пропуску. Аўтамабільная чарга з беларускага боку расцягнулася больш як на паўтара кіламетра, разам з віртуальнай зонай чакання пераход мяжы займае пад 90 гадзінаў. З польскага боку чарга таксама большая за паўтара кіламетра, але пераход мяжы займае каля 10 гадзінаў. Некаторыя аўтамабілісты наракаюць на тое, што на беларускім памежным пераходзе ёсць мытнікі, якія асабліва пільна даглядаюць машыны.
Памежны камітэт Беларусі, як звычайна, вінаваціць замежных калегаў у невыкананні нормаў пропуску машынаў. Польскія памежнікі звычайна наракаюць на працу беларускіх, а праблемы са свайго боку тлумачаць тым, што польская памежная служба вымушаная скіроўваць афіцэраў з пункту пропуску ў Тэрэспалі на ахову мяжы, каб перадухіліць парушэнні нерэгулярнымі мігрантамі, якія намагаюцца трапіць у суседнюю краіну з тэрыторыі Беларусі.
Алесь Наваборскі belsat.eu