навіны

У Менск едзе спецпасланнік Трампа. Чаго чакаць ад візіту?

Генерал-лейтэнант у адстаўцы Кіт Келаг выступае падчас прэс-канферэнцыі ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 22 верасня 2020 года. Фота: Drew Angerer / Getty Images
Генерал-лейтэнант у адстаўцы Кіт Келаг выступае падчас прэс-канферэнцыі ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 22 верасня 2020 года. Фота: Drew Angerer / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У Менск мае прыехаць спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША ў справах Украіны Кіт Келаг. Пра візіт са спасылкаю адразу на чатыры крыніцы паведаміла агенцтва «Reuters». Афіцыйных каментароў пра гэта на момант рыхтавання матэрыялу няма. Паводле ж выдання «Наша Ніва», прыезд Кіта Келага ў Беларусь можа адбыцца ў пятніцу 20 чэрвеня.

Чытайце таксама:
Наступствы ўдару балістычных ракет па Сумах 13 красавіка. Крыніца: Zelenskiy / Official

Келаг і Руб’ёў заклікаюць Трампа быць больш жорсткім да Пуціна. Але ён слухае не іх

«У нас была камунікацыя з амерыканскім бокам, яна носіць рэгулярны характар. Пры гэтым напярэдадні магчымага візіту Кіта Келага ў Беларусь важна, каб нашыя партнёры дакладна ўспрымалі ролю Лукашэнкі, які ёсць агрэсарам у вайне, а не пасярэднікам у мірным урэгуляванні», – разважае з нагоды візіту намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, лідар НАУ Павел Латушка.

 

Паводле крыніцаў «Reuters», сам Келаг называе візіт у Беларусь «крокам, што можа дапамагчы запусціць працэс мірных перамоваў наконт спынення вайны Расеі супраць Украіны». Ці значыць гэта, што ЗША разглядаюць афіцыйны Менск не толькі як удзельніка перамоўнага працэсу, але, можа нават, і як месца імаверных перамоваў?


Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валер Кавалеўскі лічыць гэта магчымым і ацэньвае станоўча. 

,,

«Менавіта з тэрыторыі Беларусі пачалося ўварванне. Разумеем, што Расея зрабіла з Беларусі фактычна зброю і супраць Украіны, і супраць іншых еўрапейскіх суседзяў. І роля Беларусі як важнага фактару рэгіянальнай бяспекі відавочная. А тое, што цяпер Злучаныя Штаты зразумелі гэта і спрабуюць улічваць гэты фактар, таксама вельмі важна. І тое, што гэты візіт адбываецца, можна толькі вітаць», – сказаў ён у каментары «Белсату».


 

Праўда, гэта не значыць, што Украіна пагодзіцца з такою прапановаю. Хутчэй нават, што не. Расею цалкам задавальняе Стамбул як перамоўная пляцоўка, мяркуе прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту Пятро Алэшчук. Да таго ж:

,,

«Я ўпэўнены на 99 %, што Украіна адмовіцца ад Менску як ад месца перамоваў. Па-першае, гэта ўдзел у расейскай агрэсіі 2022 года, хаўрусніцкія абавязанні з Расеяй. Апроч гэтага, Менск мае вельмі негатыўныя асацыяцыі ў сувязі з Менскімі пагадненнямі 2014–2015 гадоў», – лічыць ён. 


У 2020 годзе Беларусь наведаў колішні Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. Пасля былі прэзідэнцкія выбары, брутальнае здушэнне мірных пратэстаў, палітычна матываваныя судовыя выракі. Прыезд Кіта Келага мае стаць першым візітам амерыканскага чыноўніка такога рангу пасля 2020-га.

Удзельнікі развешваюць партрэты палітзняволеных падчас акцыі «Шлях да волі праз кайданы», прысвечанай Дню салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Варшава, Польшча. 18 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Удзельнікі развешваюць партрэты палітзняволеных падчас акцыі «Шлях да волі праз кайданы», прысвечанай Дню салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Варшава, Польшча. 18 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Павел Латушка мяркуе, што калі візіт адбудзецца, то будзе гаворка пра палітычных зняволеных.


«Называецца лік: сотні палітвязняў. І гэта важна. Але адначасова важна разумець, што Лукашэнка робіць гэта ў тым ліку пад няспынным і неаслабным ціскам. І ціск мусіць працягвацца», – упэўнены ён.

 

На думку Валера Кавалеўскага, каб дамагчыся ўстойлівага міру для Украіны, трэба залагодзіць унутрыпалітычны крызіс у Беларусі. 

,,

«Нельга дапускаць, каб заставалася вайсковая прысутнасць Расеі, каб у Беларусі размяшчалася ядравая зброя расейская. То бок устойлівы мір для Украіны патрабуе таго, каб усё ж такі нейкія змены таксама адбыліся. І часткай гэтага кантэнту неспрыяльнага ёсць і палітычныя зняволеныя». 


У сувязі з імаверным візітам праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка звярнуўся да Кіта Келага з просьбаю «зрабіць пытанне вызвалення ўсіх палітычных зняволеных неад’емнай часткай сваёй місіі ў Менску». Лукашэнку ж Судаленка заклікае распачаць працэс нацыянальнага прымірэння. Дзеля гэтага, сярод іншага, пераглядзець палітычна матываваныя справы і прызнаць каштоўнасць і важнасць дыялогу з грамадзянскай супольнасцю.



Алесь Яшчанка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10