18 чэрвеня новы беларускі пасол у Грузіі Мікалай Рагашчук уручыў копіі даверчых лістоў кіраўніку Дэпартаменту дыпламатычнага пратаколу МЗС Грузіі Зурабу Дарчыяшвілі.
Падчас сустрэчы беларускі і грузінскі бакі пацвердзілі зацікаўленасць у актывізацыі двухбаковай супрацы паміж краінамі ў розных кірунках, паведамляе пасольства Беларусі ў Грузіі.
Рагашчук быў прызначаны паслом Беларусі ў Грузіі 22 траўня, бо, са словаў Аляксандра Лукашэнкі, стасункі з Грузіяй палепшыліся, таму там патрэбны новы, актыўны чалавек.
Папярэдні пасол, Анатоль Ліс, быў звольнены пасля таго, як улады Беларусі абвясцілі ягонага сына «экстрэмістам» і асудзілі за ўдзел у пратэстах.
Мікалай Рагашчук раней быў намеснікам кіраўніка справаў Лукашэнкі.
З 13 жніўня 2021 года дзее міждзяржаўнае пагадненне аб супрацы КДБ Беларусі і Службы бяспекі Грузіі.
Цягам апошніх гадоў беларусы, якія жывуць у Грузіі, сутыкаюцца з тым, што іх не ўпускаюць у краіну пасля візарану (абнулення тэрміну перабывання). Былі выпадкі анулявання дазволу на жыхарства і гвалтоўнага выстаўлення з краіны.
Цягам 2019–2024 гадоў Грузія не дала міжнароднай абароны ніводнаму грамадзяніну Беларусі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu