Ізраіль шосты дзень праводзіць вайсковую аперацыю супраць Ірану, а ізраільцяне жывуць пад іранскімі абстрэламі. Жыхарка Хайфы расказала «Белсату», якія настроі бачыць у ізраільскім грамадстве і чаму ізраільцяне крытыкуюць шмат што, але не пастанову аб пачатку аперацыі.
Святлана Галіеўская – літаратурная блогерка і сацыяльная інструктарка, адміністратарка моўнага клубу «Hutarki.il». Яна называе сябе і беларускай, і ізраільцянкай: родам з Менску, хутка будзе 29 гадоў, як жыве ў Ізраілі, і ўжо 20 гадоў жыве ў Хайфе – буйным горадзе на поўначы Ізраілю. Умовы не дазволілі ёй паразмаўляць з «Белсатам» проста праз відэасувязь, таму яна запісала відэаадказы на нашыя пытанні.
Святлана выбачаецца, што размаўляе няўпэўнена, бо апошні раз нармальна спала ў ноч з серады на чацвер мінулага тыдня. З таго часу паспаць не ўдаецца: з ночы на пятніцу – бесперапынныя сірэны паветранай трывогі.
,,«Пры тым, што было зразумела, што нешта адбудзецца, што ўжо няма выхаду і што будзе наступная фаза гэтай вайны, для мяне асабіста гэта было нечакана, прынамсі ў тую самую ноч, – згадвае Святлана пятніцу, 13 чэрвеня. – З таго моманту не спім, бегаем да бамбасховішча».
Ад нядзелі Святлана вярнулася да працы з дому, муж з панядзелка едзе ў іншы горад на працу. Пры пагрозе абстрэлаў, адзначае яна, гэта «такое сабе задавальненне»: і ўначы не паспаць, і ўдзень бываюць сірэны. Пачынаецца стома, «ватнасць фізічная і псіхічная». Але яна цешыцца, што ёсць магчымасць працаваць, бо частка людзей засталася без працы.
Жыццё ў Ізраілі не спыняецца, нягледзячы на абстрэлы. Святлана расказвае: крамы і аптэкі працуюць, туалетная папера не знікла. Не зачыненая нават пошта: ранкам 17 чэрвеня яна атрымала кнігу Сашы Філіпенкі – пытанне толькі, як дайсці да пошты і забраць яе.
Сварак і гістэрык не заўважае, кажа Святлана: ізраільцяне ўсё ж маюць досвед жыцця ў краіне, вымушанай змагацца за сваё існаванне і ўвесь час перажываць войны і тэракты. Яна лічыць, што цяпер проста працягваецца вайна, якая пачалася 7 кастрычніка 2023 года, калі тэрарысты з сектару Газа напалі на Ізраіль. Тады на Ізраіль напалі тэрарысты «Хамасу» і іншых груповак, потым да атак далучылася «Хізбула» – гэтыя групоўкі падтрымлівае Іран. Потым Іран пачаў абстрэлы Ізраілю. Такім чынам, гэта не новая вайна, а новая фаза вайны.
,,«Калі я гляджу на сваё асяроддзе, бачу, што людзі намагаюцца ставіцца сур’ёзна да сітуацыі, ставіцца адказна, – расказвае Святлана. – Але, напрыклад, я жыву ў старым будынку, у нас няма бамбасховішчаў у кватэрах ці ў самім будынку, трэба бегчы некалькі хвілінаў да раённага бамбасховішча. І ў нас некаторыя людзі ўсё яшчэ выходзяць проста на лесвіцу. Суседкі выходзяць з кавусікам пасядзець разам, пабалакаць. Далёка не ўсе бягуць да бамбасховішчаў».
Ад іранскіх удараў у Ізраілі загінулі не менш як 24 асобы. Паветраная абарона збіла большасць ракетаў і дронаў, але не ўсе. Як кажа Святлана, ізраільцяне ўсё яшчэ вераць у сваю паветраную абарону: яна працуе, і доказ таму – само існаванне Ізраілю на тле маштабу абстрэлаў. Для Ізраілю 24 загінулыя – гэта нязвыкла шмат, але пры такіх абстрэлах магло быць куды больш смерцяў.
Праблемы ёсць не столькі з самой супрацьпаветранай абаронай, колькі з абвяшчэннямі пра атакі. Святлана кажа, што павінна атрымліваць першае паведамленне прынамсі за 15 хвілінаў да сірэны, але гэта не заўсёды спрацоўвае. Калі не спрацоўвае, яна мусіць проста класціся на падлогу на калідоры, «абдымаць котак і абдумваць магчымасць навучыцца маліцца». Яшчэ адна праблема ў тым, што ізраільцяне толькі цяпер пачалі сур’ёзна ставіцца да паветранай трывогі.
,,«Ізраільцянам заўжды здавалася, што вось мы маем ваенны досвед, мы ведаем, што такое жыць падчас вайны, і тыя абстрэлы – можна падумаць, што можна схавацца дзесьці ў калідоры кватэры, і ўсё будзе добра», – расказвае яна.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, Святлана намагалася растлумачыць людзям, якія ад нараджэння жылі ў Ізраілі, што адбываецца на той вайне. Ёй адказвалі, што ўкраінцы проста не звыкліся, а звыкнуць, і ўжо не будуць так нервавацца. Тады ізраільцяне не маглі ўявіць, што ўзровень зброі і націску ў вайне ва Украіне зусім не той, які бачыў Ізраіль. Толькі цяпер ізраільцяне, кажа яна, пачалі разумець, як жыве Украіна, а ў бамбасховішчах з'яўляецца больш людзей.
У бамбасховішчах, паводле Святланы, атмасфера прыемная: збіраюцца розныя людзі, прыходзяць з сабакамі і коткамі. У адзін дзень каля яго ішла рэпетыцыя ці то балетнай, ці то гімнастычнай школы – як загучала паветраная трывога, дзяўчаты прыбеглі ў сховішча і працягнулі заняткі там, а іншыя ў сховішчы атрымалі бясплатную імпрэзу, смяецца Святлана. Людзі падтрымліваюць адно аднаго: так, 17 чэрвеня ёй давялося адной бегчы ў сховішча з торбамі і дзвюма коткамі – і некалькі людзей ёй прапанавалі дапамагчы, хоць былі ў такой самай небяспецы. І па дарозе дамоў дапамаглі.
Яе вельмі падтрымлівае і чат беларускага размоўнага клубу, які ператварыўся ў кола падтрымання: пытаюць, «вы як, што ў вас упала», публікуюць жарты і мэмы… Гэта дае пачуццё таго, што «ты не адзін».

Пытанняў да сітуацыі ў краіне шмат, кажа Святлана, але бальшыня ізраільцянаў засяроджаная на тэме фізічнай бяспекі. Абстрэлы рэгулярныя, моцныя, і ўпершыню Ізраіль сутыкнуўся з масаванымі ўдарамі балістычнымі ракетамі. Сотня, а то і некалькі сотняў балістычных ракетаў за дзень – вельмі шмат з улікам невялікай тэрыторыі Ізраілю, дзе на адной дзясятай плошчы Беларусі жыве на мільён-паўтара больш людзей, чым у Беларусі.
Ізраільцяне агулам шмат крытыкуюць любы свой урад. Крытыкі хапае і цяпер, кажа Святлана. Цяперашні ўрад ужо некалькі гадоў быў у палітычным крызісе, сітуацыя яшчэ пагоршылася пасля атакі 7 кастрычніка, ад прэм’ера Бэньяміна Нэтаньягу адвярнуліся некаторыя паплечнікі. Але цяпер крытыка ў бок ураду, паводле Святланы, не наконт самой пастановы аб аперацыі супраць Ірану.
«Няма спрэчак наконт таго, ці варта было пачынаць вайсковую аперацыю ў Іране, – сцвярджае Святлана. – У тым ліку сярод людзей вельмі ліберальных пазіцыяў, якія за мір ва ўсім свеце і за тое, каб дамаўляцца з суседзямі, якім балюча фізічна за кожнага загінулага, незалежна ад таго, ізраільцянін ён, жыхар Газы, ці іранец…
У гэтым выпадку я кажу пра сябе: мне насамрэч вельмі жахліва, вельмі балюча не толькі за ізраільцянаў! Але пры ўсім гэтым сітуацыя такая, што мы ўсе вельмі добра разумеем, што гэта не ізраільская прапаганда нам растлумачыла, што Іран небяспечны. У нас вельмі розныя ёсць каналы з рознымі пазіцыямі, з рознымі тлумачэннямі. І ўрад змяняўся некалькі разоў за апошняе дзесяцігоддзе».

Справа ў тым, адзначае яна, што Ізраіль дзесяцігоддзямі чуе пагрозы ад іранцаў. Святлана кажа гэта і адразу папраўляецца: ад іранскага ўраду, бо да іранцаў агулам Ізраіль не мае прэтэнзіяў: памятае час, калі Ізраіль і Іран сябравалі і супрацоўнічалі, і хоча, каб такі час прыйшоў зноў.
«Калі існуе дыктатарскі рэжым, які агучвае як адну са сваіх асноўных мэтаў знішчэнне тваёй дзяржавы і тваёй нацыі, мне здаецца вельмі лагічным верыць, што яны гэта маюць на ўвазе, а не проста гавораць, – разважае Святлана. – І калі да гэтых словаў далучаюцца яшчэ і справы, рэгулярныя напады і абстрэлы, і падтрыманне тых самых проксі вакол нашых межаў, і распрацоўванне, і выраб велізарнай, проста неверагоднай колькасці зброі, тых самых балістычных ракетаў… Вы толькі падумайце, колькі іх! Гэта немагчыма ўявіць сабе, навошта такая колькасць! Яны гэта працягваюць, яны гэта нарошчваюць. І да гэтага далучаецца сітуацыя, калі не толькі „Масад“, не толькі ізраільцяне кажуць, што засталося некалькі тыдняў, калі яны прасунуцца ў сваёй ядравай праграме і здолеюць вырабіць бомбу. Гэта пацвярджаюць таксама і замежныя сакрэтныя службы. У гэтай сітуацыі ты бачыш і слова, і справу».
,,«Пытанне, ці верыць у тое, што цябе насамрэч плануюць знішчыць, яно трохі знікае, якім бы ты ні быў пацыфістам. Я лічу сябе пацыфісткай, але, мабыць, я дрэнная пацыфістка. Бо пры ўсім тым, што я супраць вайны і я хачу міру, я хачу сябраваць з людзьмі, я хачу, каб кожны мог жыць і даваць жыць іншаму, але калі мне не даюць жыць, забіраюць у мяне права на існаванне – ці дастаткова я пацыфістка для таго, каб згадзіцца з тым, што мяне знішчаюць?»
Урад крытыкуюць за тое, што да аперацыі доўга рыхтаваліся, але тыя ж бамбасховішчы не падрыхтавалі: сховішчаў бракуе, не ўсе ў добрым стане, у сховішчы Святланы не працуе прыбіральня, штосьці працякае і ўтварае лужыну… А недзе бамбасховішчы проста замкнёныя з невядомых прычынаў. Крытыкуюць і тое, што пытаннямі эвакуацыі ізраільцянаў, якія ў пачатку аперацыі былі за мяжой, пачалі займацца толькі праз некалькі дзён. Ёсць і пытанні да таго, якім будзе фінансавае падтрыманне тых, хто не можа працаваць з дому або весці бізнес.
Усе хочуць, каб вайна скончылася хутчэй, працягвае Святлана. Цудаў не выключаюць, але сумняюцца, што аперацыя скончыцца за анансаваныя два тыдні. Хтосьці думае, што вайна працягнецца да канца ліпеня, хтосьці – што да канца жніўня. Калі не скончыцца за лета, гэта ператворыцца ў вялікую праблему для Ізраілю. З іншага боку, кажа яна, «будзе патрэбна – вытрымаем проста праз тое, што не маем выбару». Любімы выраз ізраільцянаў, паводле яе, такі: «Перажылі фараона – перажывем і гэтае». Пад гэтым лозунгам, кажа яна, жыве ўвесь народ, нягледзячы на палітычную пазіцыю: выжывуць, працягнуць падтрымліваць адно аднаго, не пасварацца ў бамбасховішчы.
,,«Ізраільцянам не падабаецца гэтая сітуацыя, – даводзіць Святлана. – Мы не хочам вайны. Мы стаміліся ад вайны. Але мы працягнем вайну столькі, колькі будзе патрэбна, бо мы не маем іншага выбару».
Яна не сумняецца, што ізраільцяне і далей будуць спрачацца і ціснуць на ўрад у тым, як ідзе гэтая вайна, патрабаваць, каб не адбывалася ваенных злачынстваў, каб рабілася ўсё магчымае дзеля бяспекі цывільнага насельніцтва, каб вайна не ператварылася ў інструмент утрымання ўлады. Але галоўнае – што ізраільцяне хочуць выжыць і жыць пад мірным небам.
Алесь Наваборскі belsat.eu