навіны

У беларускіх ВНУ вучацца больш за тысячу індыйскіх студэнтаў

Студэнты з Індыі
Студэнты з Індыі ў Віцебскім медычным універсітэце. Фота: Витебский государственный Ордена дружбы народов медицинский университет / Facebook
podpis źródła zdjęcia

У нашай краіне ў вышэйшых навучальных установах на цяперашні момант атрымліваюць адукацыю больш за тысячу студэнтаў з Індыі, паведаміў амбасадар Індыі ў Беларусі Ашок Кумар падчас прэс-канферэнцыі «Пытанні культурнай супрацы Індыі і Беларусі», прымеркаванай да Міжнароднага дню ёгі.

Колькасць індыйскіх студэнтаў у Беларусі штогод павялічваецца, зазначыў дыпламат. Чатыры гады таму іх было 888, цяпер – больш за тысячу. Большасць з іх навучаецца ў ВНУ медычнага профілю. Заняткі для індыйцаў вядуцца на англійскай мове, што вельмі цешыць амбасадара.

,,

«Яны шчаслівыя, што вучацца ў Беларусі, атрымліваюць тут добрую адукацыю на англійскай мове, што вельмі важна. Спадзяюся, колькасць індыйскіх студэнтаў будзе расці», – зазначыў Ашок Кумар.


Чытайце таксама:
Выстава «MILEX-2025» у Менску. Фота: modmilby / Telegram

Узбраенне з Індыі, Ірану, Пакістану на выставе «MILEX-2025» у Менску

Адначасова амбасадар паскардзіўся на невялікую колькасць індыйскіх турыстаў у Беларусі, прычына чаго, на ягоную думку, – адсутнасць электроннай візы ў нашую краіну для індыйцаў.


«Я вельмі прашу ўрад Беларусі зрабіць электронную турыстычную візу для грамадзянаў Індыі, бо Індыя зрабіла такі крок для Беларусі», – сказаў Ашок Кумар.


Прадстаўнік Індыі ў нашай краіне спадзяецца, што ў будучыні з’явяцца беспасярэднія авіярэйсы з Менску ў Мумбай, Бангалор і на Гоа.


Амбасадар таксама распавёў, што летась адбыліся візіты ў Беларусь дэлегацыяў Індыі ў галіне абароны, навукі і тэхналогіі, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі. Сёлета ў Менску пройдуць кансультацыі МЗС і міждзяржаўных камісіяў Беларусі і Індыі.


«Індыя разумее, што Беларусь цяпер сутыкаецца з санкцыямі і яны ўплываюць на лічбы нашага двухбаковага гандлю. <…>. Я ўпэўнены, што існуе патэнцыял для павелічэння камерцыйнай дзейнасці, а таксама ў галіне абароны, сельскай гаспадаркі, турызму, тэкстыльнай прамысловасці і іншых галінаў», – сказаў дыпламат.


Амбасадар таксама зазначыў, што Індыя шукае ў Беларусі падтрымання ў барацьбе з тэрарызмам.


Індыйцы едуць у Беларусь апошнім часам не толькі вучыцца і адпачываць, але і працаваць. «Белсат» распавядаў раней, як індыйскія рэкрутынгавыя агенцыі рэкламуюць працу ў нашай краіне на будоўлях, на швейнай вытворчасці, у клінінгу і т.п. Абяцаюць высокія заробкі, нават больш за 1000 еўраў.


Дзень ёгі амбасада Індыі ў Менску адзначае з 2015 года супольна з Менскім гарвыканкамам. Адмысловыя падзеі ў папярэднія гады праводзіліся ў парках Горкага, Перамогі, у Нацыянальнай бібліятэцы. Сёлета святкаванне будзе 19 чэрвеня.


У офісе індыйскай амбасады можна наведаць бясплатныя заняткі па ёзе.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10