Гісторыі

Лявон Халатран: «Я не думаю пра тое, зойдзе ці не зойдзе ў мой бар Тарантына»

Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран  удома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат
Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран  удома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

З Лявонам Халатранам, унутры якога «кавалак бізнесмена» нейкім чынам ужываецца з «кавалкам мастака», размаўляем пра адкрыццё ягонага новага бару ў Варшаве, пра вяртанне на Хмельную і пра тое, хто паміж сексам і боксам выбірае апошняе. «Белсат» сустрэўся з Лявонам у ягоны дзень народзінаў у эмігранцкім жытле з бірузовымі сценамі, драўлянай шафаю са сметніцы і польскім трусам за сцяною.

– Табе 39?! І як думаеш: ці варта было з'яўляцца на свет, каб вось цяпер у Варшаве…


– Слухай, часам мне здаецца, што не (смяецца). Задумваешся часам, а на фіга ўсё гэта наагул? Бывае такое. Думаеш: блін, рэальна лайно. Ловіш сябе на думцы: навошта гэтая ўся барацьба? Каб у выніку ўсё роўна нічога?.. Але такое рэдка бывае. У асноўным такое: а не, клас, файна, цікава! Складана бывае, але мне падабаецца. Жыць. Так што варта было, так!


«Я наўрад ці магу сябе назваць варʼятам»


– Крыху больш за год таму, калі памятаеш, мы пачыналі нашую размову з кіношнай тэмы. Паводле традыцыі пачну з кіно. Ты ў курсе, што нарадзіўся ў адзін дзень з Кўэнтынам Тарантына?


– Не, не ў курсе. Ведаю, што ў дзень тэатру нарадзіўся, але і гэта толькі нядаўна запомніў. А тут Кўэнтын Тарантына?.. Ну добра, дасціпныя фільмы здымае, мне падабаецца. А што ў нас агульнага? Мне здаецца, ён такі сабе на розуме і ў той жа час варʼят у станоўчым сэнсе. А я наўрад ці магу сябе назваць варʼятам. Я, напэўна, больш разважлівы, спакойны такі. Шмат думаю, наважваюся на нешта. Нейкія мае ідэі вельмі доўга ляжаць у скрыні. Але ў мяне «пакласці ў скрыню» не азначае «забыцца назаўжды». Я рэальна некаторыя рэчы потым дастаю адтуль, нейкія ідэі або праекты, і дарабляю іх. І так у мяне гэта працуе – вельмі ў доўгую, карацей. Было б добра, калі б я ўмеў рабіць усё хутка, але так не ўдаецца. Трэба было б змяніць сябе, і гэта быў бы іншы Лявон, «Лявон, які ўсё робіць хутка». Я так не ўмею.


– Ідэю адкрыцця новага бару ты не так і доўга насіў у сваёй скрыні. Уяві: Тарантына заходзіць у тваю будучую ўстанову. Спадабаецца яму?


– Я думаю, не. Бо ён чалавек, які наўрад ці ідзе на кампрамісы. А я часта іду. Бескампрамісна – гэта страшна. Увогуле, бізнесовец ува мне, кавалак мяне-бізнесоўца кажа, што трэба ісці на кампрамісы. У сэнсе, думаць пра тое, што падабаецца ці не падабаецца людзям. А нейкі іншы кавалак мяне, умоўны мастак, кажа: «А мне наагул усё роўна! Якая розніца?» Таму я звычайна і не называю сябе бізнесоўцам, бо, дапусцім, жорстка ставіцца да персаналу я не буду. Проста таму, што я не хачу так рабіць, і ўсё.

– Кавалак артыста і кавалак бізнесоўца. У якіх прапорцыях яны ў табе ўжываюцца?


– Я не ведаю адказу. Напэўна, у розны час па-рознаму. Як толькі пытанне датычыць грошай, то адразу ўключаецца бізнесовец (рагоча). Гэй, дзяцюк, ідзі сюды!


– Прычым армянскі бізнесовец…


– Так, які нібыта падманвае налева і направа або піша пасты пра тое, чаго не было.


– А не было?


– Было, было! Такое не прыдумаеш, вось у чым жарт. Што дзяцюк б'е кулаком у карціну. Я б проста не прыдумаў гэта! А так... Ну, напэўна, дзесьці, насамрэч, 50 на 50. І я б нават хацеў, каб у нейкіх момантах артыста было больш. Але гэта трэба сказаць сабе, што ты – мастак. І каб іншыя прызналі цябе. Бо калі ты нешта робіш, то амаль усе ўжо прызнаныя артысты з адукацыямі глядзяць на цябе як... на лайно. Маўляў, хто ты, халера, такі? Ну, і ў цябе сіндром самазванца, і ўсе справы.


Артыст якраз больш бескампрамісны. Ён робіць – і ўсё. І пытання не стаіць, навошта, чаму, за колькі прадаць і гэтак далей. Але свет, на жаль, недасканалы, таму нават артысты часта ўключаюць бізнесоўцаў. Шчаслівыя тыя, каму ўдаецца гэта ўсё сумяшчаць гарманічна. Хто здолеў зрабіцца камерцыйна паспяховым і не моцна адступіў ад сябе, не скаціўся ў папсовае лайно, пасля якога ўжо і мастаком цябе не назавеш. Гэта ўвогуле..! Але такіх мала, вядома.


– Тарантына – адзін з іх.


– Ну слухай, файна, што мы нарадзіліся ў адзін дзень, але я думаю пра яго прыкладна нуль раз на год.

,,

У мяне наагул няма ідалаў. І я не думаю пра тое, зойдзе ці не зойдзе ў мой бар Тарантына. Хай заходзяць усе, і пажадана, каб яны былі добрымі людзьмі і дасціпна сябе паводзілі. І каб прыгожымі былі, і каб было цікава.


Калі ўжо пра рэжысёраў, мне, напрыклад, Паўлё Сарэнтына больш падабаецца. Але не ведаю, ці хацеў бы я, каб ён зайшоў. Не ўпэўнены. Я б ашалеў, вядома, калі б зайшоў, але дакучлівай ідэі ў мяне няма... А з Тарантына, напэўна «Агідная васьмёрка» мне больш за ўсё падабаецца – там такое мачылава…


– За што мог бы забіць Халатран? І ці мог бы?


– Мог бы. За сям'ю. Не праз помсту, а калі трэба было б абараняць. Забіў бы.


– Слухай, а канцэрт у Варшаве Iva Sativa менавіта ў твой дзень нараджэння – гэта падарунак для цябе?


– Не, чыстае супадзенне. Проста ў Мікухі (Мікі – сын Лявона Халатрана і Яны Смалягі, спявачкі Iva Sativa. – Заўв. рэд.) цяпер вакацыі. І Яне трэба было зрабіць тур падчас вакацыяў, каб Мікі мог пабыць у бабулі.


«Думкі пра бар набываюць рэальныя абрысы»


– Год таму ты казаў, што новы праект «не за гарамі». І вось – дачакаліся?


– Яшчэ не зусім (усміхаецца). Насамрэч год быў дзіўны. Я знаходзіў падпрацоўванні нейкія, каб фінансава сябе забяспечваць, і як бы адцягваў момант з барам. Думаў, што я проста да яго не гатовы, што гэта досыць вялікі кавалак працы і высілкаў. Магчыма, і праўда не быў гатовы. Але з канца восені, напэўна, або з пачатку зімы ўзяўся больш актыўна, і пачалі адбывацца нейкія змены станоўчыя ў галаве. І калі раней я думаў пра бар як пра нешта нерэальнае, то цяпер гэта ўсё набывае рэальныя абрысы.


У мяне зʼявіўся партнёр і сябар Улад. Ён шэф-кухар, у яго польскае грамадзянства і выдатная польская мова. Навошта мне такі чалавек? Я ўвогуле не вельмі люблю ежу, бо яна для мяне не вельмі важная. Дык вось, Улад забярэ кавалак працы, які звязаны з ежаю.

Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат
Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат

– На якім вы цяпер этапе?


– Шукаем памяшканне. Гэта доўгі і складаны працэс. І ў Варшаве, і агулам, напэўна, усюды ён складаны, дзе расце рынак. Усе месцы занятыя. Увогуле, мы пакуль не знайшлі ідэальнага варыянту. На носе яшчэ адзін аўкцыён гарадской нерухомасці, дзе можна будзе паспрабаваць выйграць арэнду памяшкання. Як усё пойдзе, не ведаю. Таму я настроіўся на тое, што гэта можа цягнуцца доўга. Паралельна маю нейкія падпрацоўванні і збольшага зводжу канцы з канцамі.


– Будучы бар ужо мае назву?


– Слухай, мы думаем так: знойдзецца памяшканне – і пад яго ўжо будзем рабіць усё: ад канцэпцыі і назвы аж да барнага і кухоннага меню.


– Сцены падкажуць?


– Ну так. Бо мы можам знайсці маленькае памяшканне, а можам – вялікае, дзе можна будзе рабіць імпрэзы. А можна будзе ці нельга, залежыць яшчэ і ад жыхароў, а яны – бізун усіх такіх месцаў. Знайсці добрае месца ў Варшаве, дзе можна праводзіць нешта гучнае пасля 22 гадзінаў, – задача амаль невыканальная. Нейкіх шалёных грошай будзе каштаваць. Прычым тут могуць яшчэ і ашукаць. Бачу, што і такое бывае: падпісваюць, напрыклад, дамовы, якія прадугледжваць высяленне праз анішто і гэтак далей. Таму мы цяпер стараемся праз гарадскую нерухомасць шукаць, там хоць зразумелыя правілы, і ты ведаеш, што цябе не будуць кідаць.


– Яшчэ на пачатку лютага ты апублікаваў пост, запрашаючы сваіх аднадумцаў укласціся «ідэямі, энергіяй і грашыма» у ваш праект. Людзі адгукнуліся?


– Так! Праўда, пасля публікацыі я цэлую гадзіну сядзеў у глыбокай роспачы. Думаў: ну ўсё, ніхто не хоча. Успамінаў кучу людзей, якія мне пасля публікацыі пра «Backdoor» казалі, што цяпер са мной ніхто не захоча працаваць, бо я зліваю ўнутраныя гісторыі. Я тады пасылаў усіх далёка. Маўляў, калі людзі не хочуць са мной працаваць праз тое, што я публічна адкрыў тую сітуацыю, каб такога ніколі не паўтаралася, то мне такія людзі і не патрэбныя, уласна. Але ўсё роўна часам сумняешся: а можа, усё ж такі яны мелі рацыю і я дарма ўсё распавёў? Бо яны там цяпер працуюць, а я сяджу без працы і, халера, мыю ўнітазы. Але гэта толькі ў моманты слабасці.

,,

Насамрэч добра, што я адтуль сышоў, бо быць у таксічным асяроддзі – гэта катастрофа…


– Гэта ў мінулым. Давай пра будучыню. Людзі адгукнуліся на тваю прапанову?


– Прабач, пераскочыў. Дык вось, сяджу я гадзіну і думаю: ну ўсё, гамон, ніхто рэальна не хоча са мною працаваць. А потым як пачалі пісаць! Пісалі і пісалі. Я сабе склаў таблічку, і там каля 10 чалавек, якія гатовыя ў тое ці іншае інвеставаць. Мы тады разлічвалі, што выйграем аўкцыён. На жаль, мы яго не выйгралі і папрасілі прабачэння перад патэнцыяльнымі інвестарамі: хлопцы, соры, але вось такая гісторыя. Нікому нічога не абяцалі. Сказалі, што, калі будзе канкрэтнае памяшканне, тады будзем вызначацца, з кім працаваць, колькі грошай браць, на якіх умовах і гэтак далей. Усе адказалі: так, мы разумеем, гэта можа быць доўга, і мы гатовыя чакаць. І людзі насамрэч чакаюць.


– Калі не сакрэт, за колькі сышло тое памяшканне, якое вы не выйгралі на аўкцыёне?


– На старце было 6000 злотых (больш за 1400 еўраў) за 80 квадратных метраў. Чалавек выйграў за 9500 злотых. І агулам гэта не вельмі дорага. Але я бачыў па ягоным твары і рухам рук, што ён не збіраецца спыняцца. А мы загадзя пастанавілі, што вышэй за 8500 не будзем падымацца. Хоць потым глядзіш і думаеш: можа, трэба было больш даваць, бо цэны на рынку працягваюць ляцець уверх.


«Не разумею, чаму людзі так мала займаюцца каханнем»


– Ты сказаў, што над канцэпцыяй будзеце думаць, калі з'явіцца канкрэтнае памяшканне. Якім ты бачыш свой будучы бар ужо сёння?


– Хочаш спытаць, якім яго бачу ў ідэале? Гэта будзе такі cosy, даволі ўтульны бар. Калі зусім у ідэале – з пляцоўкаю на чалавек 100, для канцэртаў або тусовак. Калі будзе з «агрудкам», гэта значыць з садком – наагул файна. І барчык, дзе могуць сядзець людзі, не наведваючы імпрэзы. Я б сказаў, як «Chmury» паводле размяшчэнні памяшканняў, але «Chmury» занадта хмурны для мяне паводле настрою.


– Ствараць атмасферу і настрой – твая праца. Якая атмасфера будзе панаваць у тваім бары?


– Добразычлівасці і гасціннасці, у першую чаргу. Як бы hospitality такое проста – гэта тое, што я лепш за ўсё ўмею. Каб прыходзілі людзі і адчувалі сябе як удома. Добра, не як удома, а як у сяброў. Каб зусім без натугі. Падысці, перакінуцца словам з кімсьці, з кімсьці пагаварыць, камусьці проста ўсміхнуцца. Гэта, здаецца, і паводле бізнесу добра, і адначасова сугучна з маімі поглядамі на жыццё.

,,

Не ўсё павінна быць камерцыйнае, не ўсё павінна быць строга акрэсленае. Для мяне бізнес – нешта жывёльнае: ёсць строгія правілы, трэба іх прытрымлівацца, інакш цябе зжаруць. Такі вось чыста жывёльны свет. І для мяне гэта не вельмі. Выходзіць, мы ўсе быццам бы чалавечныя, але, соры, тут чыста бізнес. Тады якія ж мы чалавечныя? Незразумела.


Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат
Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат

– Гэта будзе ўжо каторы твой бар?


– Чацверты. Было тры: «ДК» на Таўбухіна (2014–2015), потым «Ruin Bar» у Ok16 (2016–2018), ну і тутэйшы – «BackDoor» (2023).


– Які з іх быў найбольш халатранскі?


– Слухай, я больш за ўсё ганаруся самым першым – «ДК», хоць гэта быў не мой аднаасобны праект. Але я адчуваў велізарную сваю адказнасць за яго. Мы рабілі яго так, каб нам не было сорамна. Рабілі ад душы. І ён выйшаў проста класным. І людзі гэта адчувалі. Шмат хто дагэтуль успамінаюць «ДК», калі мяне сустракаюць, хоць ужо прайшло больш за 10 гадоў. «Гэта было ачмурэннае месца», кажуць. Зразумела, не без заганаў. Калі цябе барыжаць наркатою, то гэта такое сабе, але такое ўсюды бывае. Маладзёжная культура…


– Бар павінен быць злёгку бардэлем?


– Ну калі камусьці хочацца прадаваць сябе за грошы, то хай прадаюць. Іншая справа, што часта людзі гэта робяць не таму, што ім так хочацца, а таму, што іншага выйсця няма. Таму – не вельмі. Але я, хутчэй, нават не пра прадажнае каханне ці секс-індустрыю, а пра тое, што, калі там людзі будуць знаёміцца і займацца сексам (ужыты больш востры выраз – Заўв. рэд.) – наагул выдатна было б. Людзі ад гэтага становяцца больш шчаслівымі. Я ўвогуле не разумею, чаму людзі так мала займаюцца каханнем. Трэба шмат і часта – тады і праблемаў будзе менш у свеце.


– Гэта значыць, на маё любімае пытанне, бокс або секс, ты адкажаш…


– Што за пытанне? Мне здаецца, бокс выбіраюць тыя, каму не дастаўся секс.

Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат
Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат

«Шафу са сметніцы прыцягнуў, люстэрка і крэсла адтуль жа»


– Сёлета ты перабраўся з варшаўскай Прагі ў самы цэнтр, на Хмельную. І ўжо не мыеш унітазы…


– Так, можна сказаць вярнуўся на Хмельную (смяецца, бо бар «BackDoor» месціцца на гэтай жа вуліцы – Заўв. рэд.). Прага мне падабалася спачатку, яна вельмі аўтэнтычная. Але трошкі нагнала аскому, і я цяпер кайфую ад цэнтру, шчыра кажучы. Тут, паглядзі, такі двор-калодзеж, і вельмі ціха ўранку, вераб'і цвыркаюць. Хіба што смецяры з бакамі могуць абудзіць, але гэта дробязь, раз на тыдзень толькі. Ціха і спакойна, і ў любы бок можаш рушыць і хутка даехаць.


– І кіношна. Гугл падказвае, што гэта дом з фільму 1960 году «Niewinni czarodzieje» знакамітага Анджэя Вайды. Тут і Тарантына не пагрэбаваў бы...


– Дакладна. Здымаю тут пакой у майстэрні майго сябра Мішы. Ён вучыць дзяцей маляваць, у Беларусі таксама гэтым займаўся. Але яму аднаму цяжка аплочваць усю майстэрню. А гэта вялікая трохпакаёвая кватэра. Тут на кухні выхады для прыслугі нават ёсць. Такі вось дом.


І мы змеркавалі зладзіць у ёй яшчэ адну беларускую прастору. Майстэрню можна зняць зусім нядорага для правядзення майстар-класу, прэзентацыі або дня нараджэння. Месца вельмі цікавае.


Ну і я паволі ўладкоўваюся. Шафу вунь з сметніцы прыцягнуў, люстэрка і крэсла таксама адтуль, камоду ў сябра ўзяў – бясплатна, матрац – у сяброўкі, ложак – за 80 злотых на OLX з дастаўкаю (смяецца).


– Жытло эмігранта. Што змянілася ўнутры Лявона Халатрана за апошні год?


– Быццам бы пайшоў нейкі іншы этап эміграцыі, калі ты ўжо спакойнымі вачамі ўспрымаеш рэчаіснасць. Ну і трошкі накрывала часам ад таго, што гэтае эмігранцкае жыццё не заўсёды простае. І ўжо дакладна тваёй творчай натуры і частцы характару прасцей, калі табе не трэба вывальваць кожны месяц грошы на арэнду. Але гэта ўсіх, хто пераехаў, датычыць. І гэтыя яшчэ працы ўсе, якія не адпавядалі тваёй, умоўна кажучы, кваліфікацыі…

Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат
Валанцёр штабу Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Barak 16» Лявон Халатран у сябе дома. Варшава, Польшча. 27 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат

«Упэўнены, што здолею зрабіць файна. Але ці хопіць гэтага?..»


– Ведаю, што, скончыўшы з клінінгам, ты працаваў барменам…


– Так, я пайшоў працаваць барменам у рэстаран, потым падпрацоўваў яшчэ тэхадмінам, хэлперам. Што яшчэ было? Розныя разавыя падпрацоўванні. Так, і на кухні кухарам папрацаваў. Расцэньваў гэта як добры досвед на будучыню, бо цяпер, у прынцыпе, у гастраноміі магу працаваць на любой пазіцыі. Але я зразумеў, наколькі гэта нялёгкая праца, асабліва кухарам. Цяжэй, чым на бары.


– А што гатаваў?


– Сняданкі, амлеты. Дарэчы, нядаўна на «Раніцы з Белсатам» рабіў амлеты і гаварыў па-беларуску. Так, яшчэ майстар-класы з пацеркамі праводзіў перыядычна. Апошняе з падзаробкаў – рабілі рамонт у адным офісе, як маляр-тынкоўнік працаваў. Нармальныя грошы. Я б мог у цэлым і працаваць так. Хоць зразумела, што не. Доўга – не.


– Таму чакаем адкрыцця бару Халатрана, як бы ён там ні называўся, а хоць бы і «Халатран-бар».


– «Шынок у Лявона», блін (смяецца). Насамрэч прысутнічае і страх. Я ведаю і ўпэўнены, што здолею зрабіць файна. Але ці хопіць гэтага для таго, каб установа была фінансава стабільнаю? Вось пытанне. Ведаю, што да мяне прыйдуць людзі. Але колькі іх будзе і як доўга яны будуць хадзіць, колькі будуць пакідаць грошай? Ці хопіць мне гэтага на арэнду? І гэтак далей. Бо глядзіш на тых, хто адкрывае падобныя ўстановы, і бачыш, як яны б'юцца і мучацца. Гэта рэальна цяжкая праца.


– Усё ўдасца. Напрыканцы: што трэба было дарыць чалавеку 39 гадоў запар, каб з яго вырас Лявон Халатран?


– А я заўсёды прасіў. Мне падабалася, калі мне дораць тое, што мне трэба. Машынку для барады, або шэйвер, ці яшчэ нешта. У маім сённяшнім спісе жаданняў – любы сертыфікат на масаж або СПА. Але я не думаю, што менавіта падарункі мяне сфармавалі. Мяне сфармавала перабыванне ў трошкі іншародным асяроддзі. Гэтая трывалая «адрознасць» ад астатніх. У школе мне ўвесь час давалі зразумець, што я «трошкі не такі», як усе. І калі табе ўвесь час на гэта намякаюць, то твой мозг фармуецца больш арыгінальным спосабам.


– Упэўнены, што твой бар будзе такім жа арыгінальным і не падобным да іншых. З днём нараджэння! (Дорым Халатрану кніжку Кўэтына Тарантына).


Зміцер Міраш / ІР belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10