Гісторыі

Пасведчанне пацярпелай «можаце выкінуць». Як у дзяцей-чарнобыльцаў забіралі ільготы

Прыпяць у Нароўлі
Мемарыял чарнобыльскай катастрофы каля Прыпяці ў Нароўлі, Беларусь. 15 жніўня 2018 года. Фота: Celestino Arce / NurPhoto / East News
podpis źródła zdjęcia

26 красавіка спаўняецца 39 гадоў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 25 красавіка, кажучы пра аварыю, традыцыйна лічыў грошы – колькі выдаткавана на ліквідацыю наступстваў. Гэтыя падлікі працягваюцца з моманту ягонага прыходу да ўлады і вядуць да скарачэння ільготаў пацярпелым. Згадваем, як ільготы забіраліся ў дзяцей.

Яшчэ ў 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка апавядаў, як Беларусь змагаецца з наступствамі чарнобыльскай трагедыі і, вядома, як людзей падтрымлівае дзяржава. Ён заявіў, што «нават у жабрацкія 90-ыя гады мы знаходзілі грошы на дапамогу пацярпелым».


Аднак ільготы чарнобыльцам прыбіраліся з пачатку прыходу Лукашэнкі ва ўладу. А прэферэнцыі для дзяцей, якія пацярпелі ад чарнобыльскай трагедыі, абмяжоўваліся і апошнімі гадамі.


Усё пачалося з пераліку грошай


Першы раз ільготы чарнобыльцам былі зрэзаныя ўказам Лукашэнкі № 349 за 1 верасня 1995-га «Аб упарадкаванні некаторых ільготаў для асобных катэгорыяў грамадзянаў». Тады дзеці былі абдзеленыя ўскосна – праз пагаршэнне становішча сям'і. Бо тым, хто меў статус ліквідатара, адмовілі ў безадсоткавых пазыках на куплю або будаўніцтва жытла. А грамадскі транспарт у горадзе для іх зрабіўся платны.

Марыя Булавінская ў зоне адчужэння. Вёска Рэчкі, Веткаўскі раён. 2019 год. Фота: асабісты архіў Марыі Булавінскай

«Размінуліся з міліцэйскім патрулём на хвіліны». Як здымаўся відэацыкл «Зона адчужэння» – гутарым з аўтаркай

Гісторыі

2007 год яшчэ больш ударыў па ліквідатарах і іхных семʼях. Тады прынялі Закон аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў. У ліквідатараў былі адабраныя ільготы, звязаныя з бясплатнымі рэцэптамі, медыцынай у цэлым і сацыяльным абслугоўваннем.


Па дзецях закон прайшоўся таксама прыкметна. Бясплатнага ўтрымання пацярпелых у дзіцячым садку не стала. Да закону, калі чалавек пацярпеў ад Чарнобылю, але не быў ліквідатарам, то пасля ягонай смерці тым, хто быў на ягоным утрыманні, штомесяц плацілі кампенсацыю памерам 50 % мінімальнай пенсіі паводле ўзросту. Пасля прыняцця закону ўлады ад гэтага адмовіліся.


Таксама семʼі загінулых пазбавіліся 50-адсоткавай зніжкі на камуналку і дапамогі на пахаванне памерам сямі мінімальных заробкаў. Зніклі разавыя выплаты для інвалідаў і родных ліквідатараў катастрофы, якія загінулі.


«Менш» забруджвання – менш ільготаў


64-гадовы Уладзімір Каўзелеў на месцы знесенага дому, дзе ён калісьці жыў з жонкай і дачкой у Бесядзі, Беларусь. 6 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images
64-гадовы Уладзімір Каўзелеў на месцы знесенага дому, дзе ён калісьці жыў з жонкай і дачкой у Бесядзі, Беларусь. 6 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images

І ўсё ж такі заставаліся ільготы, у тым ліку для дзяцей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях. Напрыклад, бясплатныя санаторыі і аздараўленне, бясплатны праезд і харчаванне ва ўстановах сярэдняй адукацыі.


Аднак забруджаных тэрыторыяў з часам фармальна робіцца менш. У красавіку 2025 года плошча забруджаных тэрыторыяў пасля аварыі на ЧАЭС у Беларусі скарацілася амаль удвая – з 23 % да 12,3 %, апавяла начальніца «Дзяржатамнагляду» МНС Беларусі Вольга Лугаўская.


Напрыклад, у 2021 годзе колькасць паселішчаў у зонах радыеактыўнага забруджвання была зменшаная на 171. На той момант там жылі 105 919 чалавек, у тым ліку 22 842 дзіцяці.


Дзеці не могуць паехаць за мяжу


Таксама з часу каронавірусу беларускія дзеці, пацярпелыя ад Чарнобылю, пазбаўленыя магчымасці паехаць на аздараўленне за мяжу. Спачатку віной усяму быў каронавірус, затым – авіясанкцыі супраць Беларусі.

Пажар на поўдні Беларусі. Фота: Мінлясгас

Гарэла нават каля саркафагу ў Прыпяці: пажары на мяжы з Украінай узнікаюць адзін за адным, але ўлады гавораць не ўсё

навіны

Прэзідэнт італьянскай асацыяцыі «Puer» Сэрджа дэ Чыка, якая дапамагала беларускім дзецям прыязджаць на аздараўленне ў Італію, апавёў у 2023 годзе, што, нягледзячы на намаганні італьянскага боку, у 90 % выпадкаў Беларусь перашкаджае паездкам дзяцей.


За апошнія гады такія арганізацыі пішуць толькі аб прыёме ўкраінскіх дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобылю і ад вайны.


Адна з іх, «Gruppo Accoglienza Bambini Bisognosi», апошні раз згадвала беларускіх дзяцей у кастрычніку 2024 года. У паведамленні ішлося пра спробы аднавіць прыём дзяцей з Беларусі, аднак затым не было звестак, што ім удалося прыехаць. На момант публікацыі арганізацыя не адказала на запыт «Белсату», ці ўдалося дамагчыся прагрэсу ў справе.


Сітуацыя пагоршылася разгромам грамадзянскай супольнасці. У 2023 годзе ўлады зліквідавалі грамадскае абʼяднанне «Беларускі камітэт “Дзеці Чарнобылю”». Яно 37 гадоў дапамагала дзецям, якія пацярпелі ад аварыі.


«Вярнулася – тата вакол мяне хадзіў і не мог пазнаць»


Шыльда на ўскрайку лесу каля ўзаранага пад сельскагаспадарчыя мэты поля папярэджвае пра радыяцыйнае забруджванне і забараняе збіраць ягады і грыбы каля Чачэрску, Беларусь. 4 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images
Шыльда на ўскрайку лесу каля ўзаранага пад сельскагаспадарчыя мэты поля папярэджвае пра радыяцыйнае забруджванне і забараняе збіраць ягады і грыбы каля Чачэрску, Беларусь. 4 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images

Шмат якія ініцыятывы падтрымання дзяцей былі ў тым ліку недзяржаўныя, апавяла «Белсату» Яўгенія (імя змененае), якая нарадзілася ў Мазыры. На момант аварыі на ЧАЭС ёй было тры гады. Яна якраз адна з тых, хто ў дзяцінстве ездзіў за мяжу паводле праграмаў падтрымання.

,,

«Я крыху памятаю гэты час [калі адбылася аварыя]. Панікі не было. Натуральна, не было і інфармаванасці. Магу толькі здагадвацца, што думалі мае бацькі, але яны адправілі мяне на лета ў Бабруйск, спадзеючыся, што там чысцей», – успамінае Яўгенія.


Яна адзначае, што затым розных такіх праграмаў было шмат:


«Практычна ўсе мае сябры-аднагодкі, школьныя таварышы зʼездзілі за мяжу. Я асабіста зʼездзіла ў Нямеччыну, Ірландыю, Швейцарыю і тры разы ў Францыю. Некаторыя дасюль падтрымліваюць сувязь з людзьмі, да якіх ездзілі».


Для суразмоўцы гэта быў досвед, які вельмі моцна паўплываў на жыццё.

,,

«Гэта практычна сфармавала маю асобу. Зʼездзіць у 1990-ыя за мяжу і паглядзець, як там жывуць людзі, параўнаць з нашым узроўнем жыцця – гэта было на мяжы выбуху ў галаве, асабліва ў дзіцяці. Вельмі добра запомніла, як вярнулася. Тата вакол мяне хадзіў і не мог пазнаць. Настолькі здаравейшаю я выглядала», – згадвае Яўгенія.


Людзі, якія прымалі беларускіх дзяцей за мяжою, дзяліліся на дзве групы, адзначае яна. Адны разлічвалі на ільготы, а другія вельмі хацелі дапамагчы.


«Я была ў розных, і магу сказаць, што ўсюды добра ставіліся. Аднойчы на лета ў Францыі мяне брала бедная сямʼя. Мяне вызначылі ў школьны летнік у вёсцы. Я шмат кантактавала з дзецьмі, брала ўдзел нават у адукацыйным працэсе. Кожны дзень былі паходы ў басейны, мы ездзілі ў "Дыснэйлэнд", каталіся на конях, каяках. Я думала: "Божа, няўжо такое ў гэтым свеце магчыма?"» – адзначае Яўгенія.


«У кагосьці можа не быць магчымасці адвезці дзяцей на мора»


Сем'і гуляюць на грамадскай пляцоўцы каля жылых дамоў у Буда-Кашалёве на паўднёвым усходзе Беларусі, у зоне, якая ўсё яшчэ забруджаная ў рознай ступені радыеактыўнымі элементамі пасля чарнобыльскай катастрофы 1986 года. Буда-Кашалёва, Беларусь. 4 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images
Сем'і гуляюць на грамадскай пляцоўцы каля жылых дамоў у Буда-Кашалёве на паўднёвым усходзе Беларусі, у зоне, якая ўсё яшчэ забруджаная ў рознай ступені радыеактыўнымі элементамі пасля чарнобыльскай катастрофы 1986 года. Буда-Кашалёва, Беларусь. 4 красавіка 2016 года. Фота: Sean Gallup / Getty Images

Суразмоўца ўспамінае, што карысталася і дзяржаўнымі ільготамі. У яе было пасведчанне пацярпелай ад аварыі.


,,

«Гэта давала мне павышаную стыпендыю, напрыклад. Былі яшчэ бонусы, але ў нейкі момант я прыйшла з гэтым пасведчаннем, а мне сказалі: "А яно больш не працуе, можаце выкінуць [у 2010 годзе Мазыр быў выключаны са спісу забруджаных радыенуклідамі тэрыторыяў. – Заўв. рэд.]!". Яшчэ ў Мазыры была праграма, але, думаю, недзяржаўная – прыязджалі навукоўцы з Японіі цягам некалькіх гадоў. Усе маглі рабіць УГД шчытаватай залозы. Мабыць, яны праводзілі нейкае даследаванне», – згадвае Яўгенія.


Яна адзначае, што ў той час гэта была адзіная магчымасць зрабіць УГД шчытаватай залозы ў Мазыры. Дый нейкіх лекаў прымаць ніхто не казаў.


«У мяне мама вельмі моцна пацярпела ад гэтага. У яе быў рак шчытаватай залозы, і яна памерла», – дзеліцца Яўгенія.


З векам суразмоўніца перастала падыходзіць пад праграмы падтрымання дзяцей, і патроху падзеі, звязаныя з гэтым, пакінулі ейнае жыццё. Яна шкадуе, што ўжо цяперашнія беларускія дзеці не могуць паехаць у Еўропу на аздараўленне.

,,

«Тут не можа быць дваякага меркавання. Гэтыя паездкі прынеслі мне вельмі шмат карысці не толькі для развіцця, але і для здароўя. Іншае паветра хоць бы на месяц – гэта ўжо значна. А ў кагосьці можа проста не быць магчымасці адвезці дзяцей на мора. Гэта сумна.


Наагул для мяне гэта самы прыемны досвед з дзяцінства, калі адкінуць прычыну гэтых паездак. Мы былі проста дзецьмі з Мазыра, чые бацькі ніколі за мяжу не выязджалі. Такая магчымасць аздаравіцца была ўнікальная», – падводзіць рысу Яўгенія.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10