Гісторыі

«Завочныя прысуды тых, хто ваюе, не ўражваюць». Каліновец Вячаслаў Т. пра выракі калегам

Наступствы ўдару балістычных ракетаў па Сумах 13 красавіка
Наступствы ўдару балістычных ракетаў па Сумах 13 красавіка. Крыніца: Zelenskiy / Official
podpis źródła zdjęcia

Пяцярых беларусаў-каліноўцаў Арцёма Бігаля, Вячаслава Граноўскага, Ігната Кірэева, Настассю Махамет і Яна Мельнікава, якія ваююць у шэрагах ЗСУ, у Беларусі прыгаварылі завочна да 12–20 гадоў пазбаўлення волі. Як успрынялі гэта беларускія добраахвотнікі? Чаму рэпрэсіі закранулі менавіта тых беларускіх грамадзянаў, якія ваююць у шэрагах ЗСУ супраць расейскіх акупантаў? Чаму менавіта цяпер прагучалі прысуды? На гэтыя ды іншыя пытанні папрасілі адказаць каліноўца Вячаслава Т., які з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны змагаецца з ворагам на перадавой.

– Мы дамовіліся, што не будзем называць твайго імені і пазыўнога. Гэта неяк звязана з тым, што пачалі завочна даваць такія тэрміны?


– Не. Гэта звязана толькі з тым, што прыйдуць да бацькоў. І мне б гэтага не хацелася. Тое, што я ваюю ў шэрагах ЗСУ, спецслужбы выдатна ведаюць. Да маіх бацькоў ужо прыходзілі і дапытвалі іх. Не хачу, каб ізноў прыйшлі псаваць ім нервы.


– Прысуды абвясцілі ў дачыненні пяцярых чалавек. Чаму менавіта гэтыя людзі?


– Хутчэй за ўсё, у службістаў больш справаў у распрацоўванні. Чаму выбралі гэтых пяцярых, невядома. Магчыма, тыя не хавалі сваіх твараў. Або ў КДБ проста рыхтуюцца справы невялікімі партыямі. Хочуць паказаць, што працуюць, расследуюць. Магчыма, плануюць перыядычна падаваць гэта дазаванымі порцыямі. У тых умовах, якія цяпер створаныя ў беларускіх турмах, 20 гадоў – гэта па сутнасці смяротны прысуд. Ніякі арганізм тамака такога гэтулькі часу не вытрымае. І ўсе гэта цудоўна разумеюць.

Аскепкі ад ракеты З-300. Фота з асабістага архіву героя публікацыі
Аскепкі ад ракеты З-300. Фота з асабістага архіву героя публікацыі

Судзілі тых, хто ваюе ў шэрагах ЗСУ. Але ж нямала беларусаў ваююць і на баку расейскага войска. Яны выехалі ў Расею, пайшлі ў тым жа Смаленску ў ваенкамат, атрымалі ўніформу, зброю, заробак. Дык чаму ж судзілі менавіта каліноўцаў?

– Ну, гэта найперш кажа пра тое, якая насамрэч улада ў Беларусі. Адразу відаць чые інтарэсы яна рэпрэзентуе. Расея ўсім цывілізаваным светам прызнаная краінай-агрэсарам. Яна напала на Украіну, знішчае насельніцтва, разбурае і раскрадае мірныя гарады і вёскі. Трапляюць перыядычна ў палон беларусы, якія ваююць на баку расейцаў. Нашыя хлопцы размаўлялі з імі. Дык вось тыя спакойна могуць прыязджаць у Беларусь. Да некаторых яшчэ раней, калі была толькі акупацыя Данбасу, прыходзілі з КДБ, пагаварылі, як кажуць, узялі на аловак, і на гэтым усё. Ніякіх болей пытанняў. І тым больш турэмных тэрмінаў. Вось яны – класічныя найміты, такія ж, як і вагнэраўцы. Я дапытваў аднаго вагнэраўца ў Бахмуце. Ён нават і паваяваць не паспеў. Сказаў, на фронт пайшоў з зоны. Я думаў, ён проста хацеў з турмы такім чынам выйсці на волю. А ён сказаў, што ўсё толькі дзеля грошай. У яго букет хваробаў быў: і сухоты, і СНІД, і куча хранічных. Сказаў, яму яшчэ сядзець і сядзець трэба было, а здароўе такое, што хаця б год працягнуць. А ўдома дзеці. Вось ён і надумаў зарабіць дзеля іх. Сказаў, заробак 150 тысячаў павінны былі яму на картку перавесці і плюс там нейкія надбаўкі. Дык ён і атрымаць іх нават не паспеў, у палон трапіў.

Допыт расейскага палоннага. Фота з асабістага архіву героя публікацыі
Допыт расейскага палоннага. Фота з асабістага архіву героя публікацыі

– Даводзілася чуць, што палонныя беларусы нікому не патрэбныя. Як неканвертоўная валюта ў плане абмену. Гэта праўда?


– Беларусы, якія да нас у палон траплялі, ішлі разам з расейцамі на абмен. Шмат хто з іх – з Мар'інай Горкі, з Барысава, з Асіповічаў. Хутчэй за ўсё, яны потым пасля абмену з тэрыторыі Расеі зноў пойдуць ваяваць. Але нам галоўнае – вярнуць сваіх хлопцаў.


– Сваіх – гэта ўкраінцаў? Нашыя хлопцы, якія ў расейскі палон трапілі, да гэтага часу невядома дзе і які іх лёс. Як украінцы да вас ставяцца?


– Вельмі часта кажуць нам «дзякуй». Яны ведаюць, што беларусы ваююць да канца. Не раз казалі нам: калі ведаюць, што беларусы ў нейкім пункце на перадавой, то можна быць спакойным, што зробяць усё як мае быць і да самага канца. Сумленна беларусы ваююць. Гэта праўда.


– Чаму прысуды ў дачыненні каліноўцаў былі агучаныя менавіта цяпер?


– Магчыма, разлічваюць, што гэта можа паўплываць на рашэнне тых, хто хоча пайсці ваяваць за Украіну. Тыя, хто ўжо ваюе, нечага такога наўрад ці могуць спалохацца. Тым больш завочных прысудаў. Але ўсе мы маем сваякоў удома. І ўсе мы даўно не бачыліся з імі. Нам усім не хочацца, каб у іх былі праблемы праз нас. Бо звальняюць з працы, выганяюць з вучобы, не даюць нармальна, спакойна жыць. І гэта пры тым, што яны і так за нас перажываюць. Ну і, можа, яшчэ адзін фактар: я ўжо сказаў, што беларусы сумленна ваююць у самых гарачых пунктах.

,,

А расейцы ўжо вымушаныя шукаць на мясныя штурмы наймітаў. І не толькі карэйцаў. Яны вярбуюць і ў былых рэспубліках СССР – кіргізаў, таджыкаў. Навошта ім на фронце тыя, хто шчыра выконвае загады і стаіць да канца?


У шмат каго з беларусаў ужо скончыліся тэрміны кантрактаў. Хтосьці падаўжае, а хтосьці, магчыма, ужо падумвае, як уладкаваць жыццё далей. Якія праблемы ўзнікаюць пры гэтым?

– Праблемаў хапае. Вось мы спрабуем іх развязаць, і працэс гэты ідзе вельмі марудна. На тых беларусаў, якія ваявалі і сталіся інвалідамі, праграма бясплатнага пратэзавання не распаўсюджваецца. Дый само лячэнне таксама. За загінулага сямʼі ніякія выплаты не прадугледжаныя. Ніякай дапамогі дзецям-сіротам. Колькі беларусаў загінула за Украіну! І гэта ж сапраўдныя патрыёты, без усялякага пафасу. Гэта найлепшыя з найлепшых. Яны былі ў мірным жыцці матэматыкамі, фізікамі, канструктарамі, дактарамі, настаўнікамі… Яны былі найперш вельмі добрымі людзьмі. Пайшлі на фронт і аддалі свае жыцці за тое, каб спыніць гэтае путлераўскае нашэсце. Галоўная неразвязаная дасюль праблема – нас лічаць «суагрэсарамі», і таму беларусам адкрыць рахунак у банку практычна немагчыма. Можна мець рахунак, куды пераводзяць заробак, і на гэтым усё. Купіць кватэру ці нават нейкі транспартавы сродак – таксама вялізная праблема. Пытанне легалізацыі – таксама праблема. Акрамя таго, у нашых шмат якіх беларусаў скончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў. У такой сітуацыі немагчыма на працу ўладкавацца і немагчыма зʼехаць, бо візу ніхто ў пратэрмінаваны пашпарт не паставіць. Ёсць варыянт, праўда, спрабаваць атрымаць украінскае грамадзянства. Але там таксама не ўсё так проста.

Ідуць на пазіцыю. Фота з асабістага архіву героя публікацыі
Ідуць на пазіцыю. Фота з асабістага архіву героя публікацыі

Як жа вы збіраецеся развязаць гэтыя праблемы?

– Мы цяпер гэтым грунтоўна заняліся. Нас кансультуюць прафесійныя юрысты. Мы ўжо дамагаемся сустрэчаў на дзяржаўным узроўні, каб неяк рушыць наперад у гэтым кірунку. Мы разумеем, што ў краіне ідзе вайна, і ўсё ж трэба развязваць гэтыя пытанні. Іх зашмат назапасілася. Пакуль людзі ваююць, ім не да таго. Не знайшлося кагосьці, хто хаця б паклапаціўся пра тое, каб даць беларускім франтавікам нейкія пакрокавыя інструкцыі ў межах украінскага заканадаўства. І гэта трэба было рабіць яшчэ тры гады таму. Цяпер спрабуем нагнаць упушчанае. Праблемаў назапасілася зашмат, і яны датычаць не толькі выплатаў і пашпартоў. Спадзяюся, што ссунемся з мёртвай кропкі. На гэтым фоне завочныя прысуды неяк асабліва і не ўражваюць. Усе сферы жыцця ў Беларусі застаюцца пад кантролем Расеі. Таму кожны, хто ваюе супраць расейскіх агрэсараў, – вораг для марыянетачнай улады ў Беларусі. Гэтыя прысуды – самы яскравы таму доказ.

Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10