Калі прыгледзецца, у дамах большасці беларусаў знойдуцца тавары, зробленыя зняволенымі турмаў, у тым ліку палітвязнямі. Яны працуюць 10–12 гадзінаў на дзень у невыносных умовах і атрымліваюць за гэта да 15 рублёў на месяц. «Белсат» распавядае пра тое, як калоніі ў Беларусі зарабляюць грошы на фактычна рабскай працы.
Не бізнес, а «арганізацыя вытворчай дзейнасці з мэтай працазанятасці асуджаных»
Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі (далей – ДВП) выкарыстоўвае працу зняволеных папраўчых калоніяў для вырабу самых розных тавараў, якія потым прадаюцца ў крамах і інтэрнэце. Напрыклад, у нашай краіне ёсць восем стацыянарных крамаў сеткі, без уліку пасярэднікаў.
Цяпер у ДВП 15 уласных прадпрыемстваў (у тым ліку адно сельскагаспадарчае), чатыры філіялы і дзевяць пазабюджэтных вытворчых цэхаў са сваёй вытворчай базай. Асноўная частка прадпрыемстваў называецца немудрагеліста – ДП «Чатырнаццаць», ДП «Пятнаццаць» і г. д.
Сярод тавараў можна знайсці мэблю, адзенне, абмундзіраванне, запчасткі, сувеніры, паліграфію, харчовыя прадукты і шмат што іншае. Але асноўны прадукт – драўніна і мэбля з яе, бо так больш прыбытку і прасцей: 8 % усіх лясоў краіны знаходзіцца ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, а тавары з драўніны экспартуюцца за мяжу з паметкай «ручная праца» (без указання, што гэта праца зняволеных).
«Супрацоўнічаючы з намі, вы набудзеце для сваёй кампаніі пастаяннага і надзейнага дзелавога партнёра», – піша ДВП на сваім сайце.
На 20 дрэваапрацоўчых прадпрыемствах, звязаных з калоніямі, выкарыстоўваюць працу 8000 зняволеных, якія робяць літаральна ўсё: ад высякання дрэваў да вытворчасці 800 найменняў мэблі. Ударнік галіны – «Івацэвічдрэў».
Колькі зарабляе на працы зняволеных ДВП, дакладна невядома: з 2019 года статыстыку закрылі, хоць у 2015 годзе галоўны інжынер ДВП Юрый Лаўрыенка выхваляўся, што, у адрозненне ад Расеі, ДВП Беларусі самаакупляецца.
«Я б не стаў называць гэтага бізнесам. Гэта ў першую чаргу арганізацыя вытворчай дзейнасці з мэтай працазанятасці асуджаных. У нашай сістэме яна павінна быць стоадсоткавая. Цікава, што, скажам, у Расеі няма такога, што прадпрыемства крымінальна-папраўчай сістэмы знаходзіцца на самаакупнасці. Усе выдаткі на арганізацыю працы асуджаных датуюцца расейскімі падаткаплатнікамі. Мы ж самі зарабляем грошы, плацім падаткі, заробак працаўнікам і рабочым», – казаў Лаўрыенка.

15 рублёў за месяц працы. Колькі плацяць зняволеным
Калі спрасціць, усе, акрамя пенсіянераў і людзей з інваліднасцю I і II групы, у перыяд адбыцця пакарання абавязаныя працаваць. На прадпрыемствах ДВП, дзяржпрадпрыемствах, заводах накшталт МАЗ і МТЗ працуюць не толькі зняволеныя калоніяў, але і тыя, хто знаходзіцца на «хіміі» і ў лекава-працоўных прафілакторыях (ЛПП). Пры гэтым зняволеныя калоніяў не могуць выбіраць сабе працы, за іх гэта робіць ДВП.
Цяпер мінімальны заробак у Беларусі за поўны месяц – 726 рублёў, менш за гэтую суму плаціць работніку за поўны працоўны месяц незаконна. Аднак у чалавека ў зняволенні ўсё ўладкавана інакш: ад гэтага мінімуму адымаюцца сумы за пражыванне і харчаванне ў калоніі, аліменты (калі ёсць), выплаты кампенсацыяў пацярпелым, штрафы і г. д. У выніку ні ў каго не выходзіць мінімуму, шмат хто атрымлівае ў дзясяткі і сотні разоў менш, працуючы звыш нормы. Гэтыя грошы «на рукі не выдаюцца, а пералічваецца на іх асабовыя рахункі».
ДВП кажа, што аплата працы зняволеных «ажыццяўляецца згодна з працоўным заканадаўствам», але назваць гэта працай цяжкавата: гэта прымусовая праца.
Гэтак, у калоніі № 2 у Бабруйску ў зняволеных выходзіць практычна сярэдні заробак на месяц. Але пасля ўсіх вылікаў застаецца каля 20 беларускіх рублёў.
«Нездарма сюды прыцягваюць аліментнікаў і тых, у каго вялікія прэтэнзіі. У самога на месяц выходзіла не больш за 2 рублі ($ 0,79). А праца была цяжкая і брудная», – распавядаў у інтэрв'ю «Настоящему времени» адзін з былых палітвязняў.
Палітзняволеная Наталля Хершэ за адзін з месяцаў працы ў жаночай калоніі Гомля атрымала 6,66 рубля. Адзін з былых палітвязняў таксама расказаў «Белсату», што звычайная сума на рукі ў калоніі – да 15 рублёў, але «для палітычных куды меншая». Яшчэ адна былая зняволеная распавяла, што ейны максімум за час у калоніі склаў 40 рублёў на месяц – пры працы па 10,5 гадзіны швачкай поўны працоўны месяц.
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк таксама распавяла ў інтэрв'ю «жизнь-малина», што сярэднія заробкі ў калоніях – ад 5 да 10 рублёў, у некаторых выпадках нават меншыя.
«Гэта значыць, Расеі выгадна шыць, бо шыюць практычна бясплатна. Таму што калі такі касцюм каштуе ад 700 да 1000 беларускіх рублёў, дык шыюць яго жанчыны, атрымліваючы за пашыў 5–10 рублёў у месяц. Вядома, былі і заробкі 2 рублі 70 капеек. І гэта нягледзячы на тое, што акрамя абавязковых васьмі гадзінаў працы ўсталёўваюцца такія нормы выпрацоўкі, якіх чалавек проста не ў стане вырабіць за гэтыя восем гадзін, і таму жанчыны вымушаныя добраахвотна ці прымусова выходзіць на так званыя працоўныя вахты. Потым працоўны дзень можа павялічыцца да 12–16 гадзін. І часта практыкуецца праца ў нядзелі. Гэта значыць, чалавек шые, шые і шые без прыпынку. Ён проста на мяжы сваіх фізічных сілаў, ён слепне, ён глухне, і за ўсё гэта ён атрымлівае капейкі», – адзначыла яна.

Шопэры, сувеніры, пасцельная бялізна і вышыванкі
Прадукцыю, якую за капейчыны робяць зняволеныя, ДВП і дзяржпрадпрыемствы прадаюць праз сваю сетку і сетку пасярэднікаў. Выгада каласальная: аплаты працы практычна няма, працэдура дзяржзакупаў спрошчаная, а прыбытак ідзе ў дзяржаўны скарб. Калі прадаць за мяжу – выходзіць яшчэ выгадней.
Часта і самі беларусы не звяртаюць увагі на вытворцу тавараў у краме. Напрыклад, прадукцыю, якую рабілі зняволеныя ПК № 8 у Полацку, ПК № 2 у Бабруйску і ПК № 9 у Горках прадаюць на сайце deal.by з ганарлівай пазнакай «Зроблена ў Беларусі». Пры гэтым арэлі, зробленыя зняволенымі калоніі ў Полацку, на момант напісання артыкулу былі ў топе продажаў. Па цане 754 рублі, прыкладна як паўгода працы аднаго палітвязня.
Звыклыя ўсім жоўтыя кантэйнеры для пластыку ў дварах, мангалы, чырвона-зялёныя вулічныя трэнажоры – гэта таксама прадукцыя, зробленая рукамі зняволеных. Як і металічны інвентар кожнай дзяржаўнай гаспадарчай крамы.
Жанчыны ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі шыюць не толькі адзенне для амапаўцаў і халаты для работнікаў заводу «БелЛакт», але і сувенірныя кашулі з вышыванкай за 141 рубель, ільняныя ручнікі, пасцельную бялізну, а таксама шопэры за 9 рублёў з прызнаннем у любові да... Парыжу. Дарэчы, пасцельная бялізна з такой жа фатаграфіяй цяпер прадаецца ў Малдове, але вытворцам пазначаны беларускі «Блакіт».
У ПК № 12 у Воршы адбываюць пакаранне хворыя на актыўную форму туберкулёзу. Калі вы думалі, што яны не працуюць, дык памыляецеся: тут вырабляюць разьбяныя сувеніры з дрэва коштам ад 100 рублёў, крэслы за 130 рублёў, валы да МАЗ за 450 рублёў і смеццевыя кантэйнеры за 620 рублёў.
Сайт един.бел, які акумулюе тавары, зробленыя з выкарыстаннем працы зняволеных, піша пра сябе так: «Пакупкі з намі – гэта гарантаваныя зручнасць і задавальненне. Мы няспынна працуем над тым, каб паляпшаць і пашыраць наш асартымент, адпавядаючы сучасным тэндэнцыям і стандартам». Тут прадаюць драўляныя гадзіннікі ў выглядзе контураў Беларусі за 110 рублёў, скураныя фатэлі за 836 рублёў, ільняныя абрусы з васількамі за 163 рублі і разнастайныя сувеніры.

Папраўчая калонія № 20 у Мазыры хваліць сябе за «высокую якасць, невысокія цэны і гарантыю даставаў у вызначаныя тэрміны». Зняволеныя гэтай калоніі робяць дзіцячыя пляцоўкі, вулічны інвентар і вельмі шмат вырабаў з дрэва. Амаль увесь асартымент мэблі з масіву дрэва ў каталогу ПК № 20 можна знайсці на шведскім сайце allwoods.ee. Вось гэта – шафа з сайту калоніі, вось – з замежнага сайту, а вось гэтая ж шафа ўжо з расейскага сайту, краінай вытворчасці пазначаная Беларусь.
Мяркуючы з дакументаў, валодае сайтам allwoods.ee эстонская кампанія, заснаваная ў 2015 годзе. Яе асноўны від дзейнасці – пасярэдніцкая дзейнасць у даставе тавараў з Беларусі.
«У папярэднія перыяды імпарт тавараў ажыццяўляўся з Беларусі, аднак праз санкцыі ў справаздачным перыядзе гэта зрабілася немагчымым і кампанія шукае новых месцаў для даставы тавараў», – вынікае са звестак крэдытнай кампаніі «Kreedix» пра гэтага дастаўцу мэблі.
«Белсат» накіраваў кампаніі пытанне, ці можна набыць гэтую мэблю на сайце цяпер, але пакуль не атрымаў адказу.
У 2019 годзе ДВП пісаў, што супрацоўнічае з кампаніямі з больш як 20 краінаў свету, але цяпер такой інфармацыі на сайце ўстановы няма. З большасцю еўрапейскіх кампаніяў легальна супрацоўнічаць беларускі ДВП цяпер не можа, але галоўны рынак збыту застаўся – Расея.
Яшчэ нядаўна як мінімум 10 беларускіх дастаўцаў «IKEA» (а гэта амаль палова партнёраў кампаніі ў Беларусі) мела сувязі з папраўчымі калоніямі. У 2022 годзе брэнд заявіў аб сыходзе з беларускага і расейскага рынку.

Зразумець, у якія краіны дастаўляецца прадукцыя ДВП пасля ўвядзення санкцыяў, складана. Праца зняволеных выкарыстоўваецца не толькі на прадпрыемствах самога ДВП, але і на шматлікіх іншых, часцей за ўсё – на буйных заводах. Зрэшты, прыцягваць да працы зняволеных могуць і прыватныя прадпрыемствы, як гэта адбылося пад Лідай, дзе на плантацыі цыбулі кампаніі «Цыбулька-Бел» таксама працавалі палітвязні за 5 еўраў на дзень.
Пры гэтым адзін і той жа тавар, выраблены з прыцягненнем працы зняволеных у Беларусі, можа быць паказаны на розных сайтах пад розным брэндам. Напрыклад, вось тая самая тумба з каталогу прадукцыі ДВП: у інтэрнэт-краме 21vek.by за 894 рублі і ў каталогу «Onliner» за 1000 рублёў. Хоць яе можна знайсці ў каталогу ўласнай прадукцыі ДВП, тумба таксама ёсць у каталогу івацэвіцкага ТАА «КОММОДУМ». А вось тая ж тумба на расейскім сайце, але тут вытворцам ужо напісаны «Pin Magic» або «ЭКОДРЕВМЕБЕЛЬ» (Беларусь), кошт – каля 1570 беларускіх рублёў.
Акрамя таго, часта ДВП проста крадзе і змяшчае ў сваім каталогу фота чужой прадукцыі, як, напрыклад, гэтая шпакоўня з сайту англійскага вытворцы з 40-гадовай гісторыяй.
Адно можна сказаць дакладна: асноўнымі пакупнікамі прадукцыі беларускіх калоніяў цяпер можна назваць беларусаў і расейцаў. Напрыклад, тавары з каталогаў прадукцыі калоніяў найчасцей можна знайсці на шматлікіх расейскіх сайтах, прычым на экспарт яны часцяком ідуць ужо пад іншымі брэндамі (напрыклад, «Pin Magic»» або «Волшебная сосна»).
Тэса Анэйда / ЮК belsat.eu