Аўтобус беларускай кампаніі «VisitTour» раніцай 29 красавіка трапіў у двайную аварыю каля варшаўскага аэрапорту. У паліцыі «Белсату» расказалі, што вядома пра здарэнне.
Аўтобус, што кіраваўся з Менску ва Вроцлаў, ехаў па хуткаснай трасе S2 пад Варшаваю, блізу аэрапорту імя Фрэдэрыка Шапэна. Каля 3-й гадзіны ночы аўтобус, выязджаючы на трасу S79, з’ехаў з дарогі на павароце, урэзаўся ў агароджу і перавярнуўся на бок. На месца здарэння прыехалі ратаўнікі. Падчас надання дапамогі пацярпелым у пажарную машыну ўрэзаўся цяжкавік.
У выніку дзвюх аварыяў пацярпелі і трапілі ў шпіталі 14 чалавек, ува ўсіх траўмы, што не пагражаюць жыццю, сказалі «Белсату» ў паліцыі. У больніцах грамадзяне Беларусі і Украіны, таксама быў шпіталізаваны адзін пажарны, які ўжо пакінуў медычную ўстанову.
Раней прэс-сакратар Мазавецкай ваяводскай станцыі «Meditrans» казаў, што пацярпелі 17 чалавек: 15 з аўтобуса і двое з іншых машынаў. У аўтобусе было 26 асобаў і кіроўца. Пацярпелі ў асноўным жыхары Украіны, але таксама адзін беларус, адзін іспанец і трое палякаў. Самаму маладому ўдзельніку аварыі 17 гадоў, найстарэйшаму – 59. За стырном цяжкавіка, што ўрэзаўся ў пажарную машыну, быў 49-гадовы грамадзянін Украіны.
Якія былі прычыны аварыі, сказаць здолеюць следчыя па выніках расследавання: паліцыя не адкідвае, напрыклад, перавышэння хуткасці ці тое, што кіроўца заснуў за стырном. Кіроўцы аўтобуса і цяжкавіка былі цвярозыя, дадалі ў паліцыі: у выдыханым паветры не зарэгістравалі алкаголю.
Пасажырскія аўтобусы, што едуць з Беларусі ў Польшчу, нярэдка вымушаныя стаяць у чэргах на мяжы шмат гадзінаў. Паводле чату пра пераход мяжы, цяпер з беларускага боку ўезду ў Польшчу чакае 70 аўтобусаў. Раней выкліканая гэтым стомленасць кіроўцаў называлася прычынаю падобных аварыяў.
У кампаніі «VisitTour» адмовіліся каментаваць здарэнне. Не мелі ніякай інфармацыі і ў амбасадзе Беларусі ў Польшчы. Але ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі заявілі, што пасольства гатовае надаць беларусам усю неабходную консульска-прававую дапамогу. Тэлефон для пільнай сувязі: +48 660 012 074.
Дар’я Форман, Алесь Наваборскі belsat.eu