Невядомыя асобы пашкодзілі абраз-банэр Езуса Міласэрнага, размешчаны ля ўваходу ў Чырвоны касцёл, што застаецца зачыненым ужо больш як два з паловай года.
На малюнку, што выкананы ў форме вялікага банеру, добра відаць надрэзы – найбольшыя прыпадаюць на вобласць твару Хрыста. Ёсць падазрэнні, што зламыснікі спрабавалі цалкам адрэзаць фрагмент выявы, паведамляе Katolik.life.
У парафіі заўважылі пашкоджанне і паспрабавалі яго змацаваць, але сляды вандалізму так і засталіся відавочнымі. Час, калі менавіта адбыўся акт блюзнерства, невядомы. Паводле турыстычных здымкаў, пашкоджанні былі бачныя ўжо ў сярэдзіне лютага, аднак публічнасць сітуацыя набыла толькі цяпер.
Праваахоўныя органы пра здарэнне нічога не паведамлялі, таксама не вядома, ці праводзіцца афіцыйнае расследаванне.

Банер быў усталяваны яшчэ пры ксяндзу Уладзіславу Завальнюку, былым пробашчу парафіі. Ён упрыгожвае спецыяльную канструкцыю побач з касцёлам, дзе таксама змешчаная фігура святога Яна Паўла ІІ.
Выява Езуса Міласэрнага на банеры – копія эскізу вядомай іконы, напісанай мастаком Яўгенам Казіміроўскім у Вільні для бласлаўлёнага Міхаіла Сапоцькі і святой Фаўстыны Кавальскай. Мяркуецца, арыгінал эскізу захоўваецца ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце (Віцебская вобласць), піша Katolik.life.
Чырвоны касцёл стаіць зачынены пасля таямнічага пажару 26 верасня 2022 года, ад якога амаль нічога не пацярпела. У 2024-м быў звольнены і шматгадовы пробашч святыні ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
Для рамонту касцёлу не было праведзена тэндару на пошук падрадніка, а ў Інвестыцыйнай праграме Менску няма для гэтага фінансавання. Вернікі баяцца, што пасля рамонту парафію могуць выселіць або выставіць ёй дадатковыя фінансавыя патрабаванні – на сёння «Менская спадчына» налічыла парафіі пазыку на 148 тысяч рублёў.
Раман Шавель belsat.eu