У Менску нечакана абвесцілі пра пачатак рамонту Чырвонага касцёлу, закрытага ўжо два з паловай гады. Але гэтая раптоўнасць выклікае дадатковыя пытанні.
Пра гэта падчас святой імшы 16 сакавіка паведаміў пробашч парафіі ксёндз Франц Рудзь, піша выданне «Katolik.life».
Навіна выглядае дзіўнай, бо яшчэ месяц таму заяўлялася пра дапрацоўку праектнай дакументацыі. Цяпер жа працы пачынаюцца тэрмінова: ужо ў панядзелак парафія павінна вывезці са святыні ўсе рэчы.
Розныя крыніцы даюць супярэчлівую інфармацыю пра рамонт. Паводле «Менскай спадчыны», ён уключае замену інжынерных сетак і аздобныя работы. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак месяц таму казаў пра капітальны рамонт. Пры гэтым не было праведзена тэндару на пошук падрадчыка, а ў Інвестыцыйнай праграме Менску няма фінансавання рамонту касцёлу. Гэта можа сведчыць пра тое, што рамонт будзе мінімальным і праведзеным сіламі «Менскай спадчыны».
Парафіянаў турбуе, што пры заяве пра замену праводкі і аздабленне патрабуецца поўнае вызваленне касцёлу. Гэта выклікае пытанні, бо маштабныя рамонтныя работы насамрэч могуць не патрабавацца. Вернікі баяцца, што пасля рамонту парафію могуць выселіць або выставіць ёй дадатковыя фінансавыя патрабаванні.
Нагадаем, што на сёння «Менская спадчына» налічыла парафіі доўг памерам 148 тысяч рублёў.
Менскія ўлады закрылі Чырвоны касцёл пасля таго, як 26 верасня 2022 года ў ім нібыта адбыўся пажар. Шматгадовы пробашч парафіі пры Чырвоным касцёле ксёндз Уладзіслаў Завальнюк быў адпраўлены ў адстаўку.
Раман Шавель belsat.eu