Больш за тыдзень таму стала вядома пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Да гэтага часу няма інфармацыі, дзе яна.
Выданню «Зеркало» ўдалося пагутарыць з былым мужам Анжалікі, які паведаміў пра дзяцей і тое, што не ведае, дзе цяпер зніклая спікерка КР.
У размове, што адбылася раніцай 7 красавіка, былы муж Анжалікі Мельнікавай пацвердзіў, што іхныя дочкі, сямі і трынаццаці гадоў, сапраўды цяпер разам з ім на тэрыторыі Беларусі.
«Так, дзеці са мной. І мы ў Беларусі», – паведаміў ён журналістам.
На пытанне, калі ён апошні раз кантактаваў з Анжалікай, былы муж адказаў:
«Даўно ўжо. Я таксама хвалююся і не маю ўяўлення, куды яна магла знікнуць».
Іншай інфармацыі, з ягоных словаў, ён не мае і папрасіў журналістаў больш не турбаваць яго, а таксама ягоных калегаў тэлефанаваннямі.
Раней стала вядома, што Анжалікі Мельнікавай, імаверна, няма на тэрыторыі Еўразвязу.
Нагадаем, што пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай стала вядома ўвечары 28 сакавіка. Сувязі з ёй няма з 25 сакавіка.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 29 сакавіка расказаў, што былы муж Мельнікавай выехаў у Беларусь, а 31 сакавіка паведаміў, што мабільны тэлефон Мельнікавай з 19 сакавіка фіксуецца на тэрыторыі Беларусі. Ейная дакладная лакацыя дасюль не вядомая.
Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог», лічыць, што шанцы на тое, што спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава цяпер у бяспецы, вельмі малыя. Пра гэта ён заявіў 3 сакавіка ў эфіры «Студыі "Белсат».
Лябедзька адзначыў, што трэба разумець: мы цяпер «у стане вайны», а Анжаліка Мельнікава не нейкі «шараговы ваяка». Яе ён назваў «палітычным генералам» і зазначыў, што гэта дае рэжыму перавагі.
Сузаснавальнік фондаў «BY_help» і «BYSOL» Аляксей Лявончык падаў заяву пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай у паліцыю Вялікай Брытаніі.
Калі найбліжэйшым часам не будзе вынікаў, то ён плануе прыцягнуць да справы прэсу.
Паводле апошняй інфармацыі ад польскіх праваахоўнікаў, спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай няма на тэрыторыі Польшчы. Хутчэй за ўсе, яе няма і на тэрыторыі Беларусі. Дакладная лакацыя Анжалікі Мельнікавай не вызначаная.
Адначасова каманда НАУ тэхнічным спосабам вызначыла, што тэлефон Мельнікавай мог быць на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка.
На дасланы раней запыт Паўла Латушкі ў Следчы аддзел Камендатуры сталічнай паліцыі сёння, 7 красавіка, атрыманы адказ праз электронную пошту, што папярэдняе вядзенне паводле паведамлення пра абгрунтаванае падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, пададзенага Паўлам Латушкам, вядзе аддзел барацьбы з крымінальным тэрорам і забойствамі Камендатуры сталічнай паліцыі Варшавы.
Павел Латушка быў праінфармаваны, што ягоны зварот быў пераадрасаваны ў гэты аддзел. Станам на 7 красавіка, на жаль, праваахоўныя органы Польшчы не даюць дадатковых дэталяў пра хаду расследавання.
Надзея Вольная / belsat.eu