Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог», лічыць, што шанцы на тое, што спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава цяпер у бяспецы, вельмі малыя. Пра гэта ён заявіў 3 сакавіка ў эфіры «Студыі «Белсат».
На думку Анатоля Лябедзькі, час, на жаль, не працуе на пазітыўны фініш падзеяў, што разгортваюцца вакол знікнення Анжалікі Мельнікавай.
,,«Чаканні цуду ўжо прайшлі. Таму, хутчэй за ўсё, трэба сыходзіць з таго, што Анжаліка на тэрыторыі Беларусі, у каардынатах рэжыму Беларусі. І тут прыхільнікам пераменаў няма спадзявання на нейкія добрыя навіны», – адзначыў Лябедзька.
Маўчанне рэжыму да гэтага часу палітык патлумачыў тым, што ідзе праца, каб Мельнікава пагадзілася на агучванне пэўных сцэнароў, падрыхтаваных лукашэнкаўскімі спецслужбамі. І магчыма, яна гэтаму супраціўляецца. У сувязі з гэтым і магла ўзнікнуць такая паўза.
Анатоль Лябедзька адзначыў, што трэба разумець: мы цяпер «у стане вайны», а Анжаліка Мельнікава не нейкі «шараговы ваяка». Яе ён назваў «палітычным генералам» і зазначыў, што гэта дае рэжыму перавагі.
Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што акрамя псіхалагічнага выгарання, якое многія атрымалі пасля навіны пра знікненне Мельнікавай, гэтая навіна ўдарыла найперш па самой Каардынацыйнай радзе. Бо структура ўсё яшчэ ў стадыі фармавання, яна даволі кволая і мае вельмі шмат крытыкаў.
Анатоль Лябедзька звярнуў увагу на тое, што цягам 30 гадоў лукашэнкаўскі рэжым развіваў «трэк запалохвання, страху» ў дачыненні сваіх апанентаў. Аднак, на думку палітыка, на «кейсе Мельнікавай» яны паспрабуюць запусціць іншы трэк.
,,«Чым важная Мельнікава? Мельнікава можа быць важнай для рэжыму, каб спыніць працэс міграцыі беларусаў – актыўных, самадастатковых. І ім цяпер можа быць патрэбна паказаць яе – менавіта як чалавека, які пакаяўся, вярнуўся ў Беларусь. І канечне, многія могуць задумацца: ну, калі Мельнікава вярнулася на пэўных умовах, выканаўшы пэўныя нейкія абавязкі, то чаму я, шараговы воін, не магу гэтага зрабіць?» – адзначае Анатоль Лябедзька.
Менавіта ў гэтым, на думку суразмоўцы «Белсату», можа быць інтрыга, бо рэжым выкарыстоўвае розныя інструменты, як хірург скальпелі на аперацыйным стале. Сітуацыя з Мельнікавай можа стаць новым інструментам, якога дагэтуль не існавала і які дазволіць рэжыму спыніць выезд актыўных беларусаў і захаваць, уратаваць рэпутацыю так званай камісіі вяртання генпракурора Андрэя Шведа, што займаецца разглядам зваротаў беларусаў, якія хочуць вярнуцца дадому. Нагадаем, што на пачатак лютага 2025 года камісія разгледзела 241 заяву, вярнуцца праз яе змаглі ўсяго 19 асобаў, і гэта пры тым, што з 2020 года Беларусь пакінулі сотні тысяч беларусаў.
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай стала вядома ўвечары 28 сакавіка. Сувязі з ёй няма з 25 сакавіка. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 29 сакавіка расказаў, што былы муж Мельнікавай выехаў у Беларусь, а 31 сакавіка паведаміў, што мабільны тэлефон Мельнікавай з 19 сакавіка фіксуецца на тэрыторыі Беларусі. Ейная дакладная лакацыя дасюль невядомая.
Раман Шавель belsat.eu